Калі Антопаль быў вызвалены, адразу пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Тады сакратаром райкама партыі быў прызначаны Іван Самуілавіч Сіроцін. Клаве Мартынюк прапанавалі пасаду сакратара па ідэалогіі, вядома, каму ж яшчэ, як не ёй, падпольшчыцы, партызанцы было заняць гэтае адказнае месца. Клаўдзія з сухім і строгім выглядам курыравала працу сакратара райкама камсамола таварыша Кедрава, і не прамінала, каб не паўшчуваць за недахопы і недастатковую працу сярод моладзі. Час той быў напружаны. Па лясах у зграі збіваліся ўзброеныя мужчыны з ліку тых, хто не прымаў савецкую ўладу ці баяўся яе, а найбольш было звычайных дэзерціраў, якія пазбягалі мабілізацыі, каб не трапіць на вайну. Трэба было ісці ў самую гушчу людзей, агітаваць за савецкую ўладу, абяцаць залатыя горы і ўтрымліваць хісткую раўнавагу ў раёне. Дарогу да дома Вышанскай Кедраў быў вымушаны забыць, бо ў хуткім часе прыехала з Масквы ягоная жонка. Пасля гэтага адносіны ў Кедрава з Мартынюк сталі амаль прыязныя. Камсамольскі правадыр з усяе сілы стараўся выслужыцца, але пры гэтым сам уважліва сачыў за ёю, часам мог і падкусіць пры нагодзе. Клава прапускала міва вушэй ягоныя кпіны, і, напэўна, усё было б добра, каб не Сіроцін. Ах, Сіроцін, Сіроцін… Іван Самуілавіч, яна так спадзявалася на падтрымку, мужнасць, разуменне.
Ад гэтых згадак разбалеліся сэрца і галава. Клаўдзія Міхайлаўна паднялася, яе моцна павяло ўбок. Жанчына села на ложак, дацягнулася рукой да ўключальніка, шчоўкнула – загарэлася святло, зірнула на гадзіннік, было каля трох гадзін ночы, пашукала на кухні таблетку нітрагліцэрына, паклала яе пад язык. Памерала сабе ціск нязручным танометрам і жахнулася. Стрэлка паказала 160 на 100.
«Гэта ж трэба, дурніца старая, расхвалявалася з-за леташняга снегу! Ды пайшлі яны ўсе! Даруй, Божа! – падумала яна, наліваючы з чайніка ў кубачак вады і запіваючы таблетку клафеліна. – Усё, ніякіх успамінаў і думак! Спаць! Спаць! Бо заўтра буду зялёная, як вадзянік».
Жанчына падышла да акна, паглядзела на пустую, цьмяна асветленую ліхтарамі вуліцу, узняла вочы ўгору, дзе ззялі зоркі. «Адзінае неба ніколі не губляе свайго хараства і не старэе, – падумала жанчына. – Можна бясконца глядзець у яго і не нагледзішся, але трэба хоць трохі паспаць». Яна лягла ў пасцель, уздыхнула і аціхла ў чаканні сну.
5
Юля спазнялася на спатканне, але не прыспешыла крок, ішла па набярэжнай, паглядвала на спакойную роўнядзь ракі, якая ўсё ж такі цякла незаўважна, не спыняючыся ні на хвіліну. Гэтак струменіць і жыццё, незаўважна і будзённа, у памкненнях і клопатах. Сёння яна паспела да абеду напісаць артыкул пра Клаўдзію Мартынюк пад назваю «Палеская кветка ў Сібіры». Цікава, як успрыме гэты матэрыял рэдактар? Ён з тых абачлівых людзей, што сем разоў саломку падсцеліць, перш чым не тое што ўпасці, а проста сесці. З другога боку, яго можна зразумець. Каб заснаваць новую газету трэба мець першапачатковы капітал, прыкласці вялікія намаганні, а ў дзяржаўным выданні, дзе яна працуе, дастаткова аднаго – кіруй сабе, мінаючы рыфы, мелі і штормы. Жыццё спакойна плыло да пенсіі. Праўда, у рэдактара таксама шмат праблем, часам ён цішком даставаў з сейфа пляшку з саракаградуснай вадкасцю і прыкладваўся да кілішка, каб зняць стрэс. Што ж, у кожнага – свой лёс і воля выбару ў межах магчымага.
Юля здалёку пабачыла Бырыса, які абапіраўся на бетонную агароджу набярэжнай, памахала яму рукою, маўляў, не злуйся, што спазняюся, я ўжо тут. Хлопец пайшоў ёй насустрач. Быў ён на гэты раз у цывільным: сінія джынсы, шэрая куртка, шматколерныя кітайскія красоўкі.
«Дзеля першага спаткання мог бы апрануцца элегантней, – падумала Юля. – Дзіця вёскі, што з яго возьмеш?»
Барыс радасна ўсміхаўся. Юля залюбавалася гэтаю галівудскаю ўсмешкаю і замест прывітання спытала.
– Чаму радуешся?
– Сустрэчы, Юлія Максімаўна! – адказаў ён, выцягнуў з-за спіны тры барвовыя ружы і падаў дзяўчыне.
– О, вы такі галантны! Не чакала.
– Каб кветкі дарыць, шмат розуму не трэба. Вы з пашпартам?
– Правяраць будзеце? – насмешліва спытала яна.
– Абавязкова. Давайце ваш пашпарт.
– Мне гэты прымітыўны жарт надакучыў, – расчаравана сказала Юля.
– Я не жартую.
– Вы хочаце даведацца пра мой узрост? – з’едліва спытала дзяўчына?
– Ваш узрост мне вядомы, і ён мяне зусім не цікавіць. Я прызначыў вам спатканне насупраць загса. Ці заўважылі?
– Толькі зараз убачыла.
Барыс зрабіў шырокі жэст рукою:
– Я запрашаю вас у гэты палац, каб вырашыць адно важнае пытанне.
Читать дальше