Толькі вось у смаку таго яблыка было штосьці такое, што ўсхвалявала яе памяць, што адшукала ў яе памяці і ў сэрцы – страшную, балючую пустку, рану, якая хай і запяклася, але ўсё яшчэ смылела. І, асэнсаваўшы ўсё, быццам ачомаўшыся, быццам абудзіўшыся ад доўгага сну, Ільга раптам з жахам зразумела, што змаладушнічала, збаялася аднойчы і сама сябе загнала ў кут, у тупік без выйсця. І ад гэтага асэнсавання зямля сыходзіла з–пад ног і не ставала паветра.
І зноў падалося, быццам яна вось–вось павінна ўспомніць усё, трэба толькі напружыць памяць у апошнім высілку.
– Хаця б весела было? – спытаў Алізар мякка, не выпускаючы яе руку са сваіх далоней. Ільга здрыганулася ўсім целам, зірнула на яго спужанымі вачыма. Нітачка зноў перарвалася, унутраная бездань дыхала самым сапраўдным ледзяным холадам – так, што Ільгу ўзяла дрыготка.
Княжыч заўважыў, варухнуў бровамі, скінуў падбіты футрам плашч, захутаў Ільгу. Усміхнуўся, сустрэўшыся з ёй поглядам, і ад гэтай шчырай і цёплай усмешкі ў Ільгі сціснулася сэрца.
– Хадзем, хадзем, – сказаў Алізар, асцярожна адвёўшы ад Ільзінага твару неслухмяную пасму. – Вечарэе, з верасовых пустак цягне сырасцю.
І Ільга, блытаючыся ў аксамітным падоле, дазволіла сябе звесці, дазволіла сабе расслабіцца, кінуць спробы адолець прагал ва ўспамінах. Адчувала моцную цёплую руку вакол сваіх плеч, думала мляўка, павольна і ленавата: і няхай так застаецца, і няхай так і будзе. У казак ёсць свае законы, казкі ўсе расказваюцца на адзін лад, і нічога з гэтым не зробіш, і супраціўляцца марна.
– Там быў стары гусляр, – задуменна прагаварыла Ільга. – Уяві, спяваў пра князёўну і цмока. Пра мяне.
Прамовіўшы гэта, раптам сумелася, і зноў адрынула мляўкасць, паспрабавала засяродзіцца на аднойчы заўважанай няправільнасці.
Княжыч яе задуменнасці, здаецца, не заўважыў, але гусляром зацікавіўся.
– У нас у замку амаль няма музыкаў, – заўважыў ён мімаходзь. – Варта было б запрасіць каго, калі папрыязджалі на кірмаш. Праўда ж?
Ільга адказала кіўком. Музыкаў у замку сапраўды было нямнога, а тыя, што былі, не маглі асабліва пахваліцца ані выбітным уменнем, ані пекнымі песнямі. Князь хацеў склікаць лепшых майстроў з бліжніх зямель на кірмаш і на сынава вяселле, але з тых запрошаных пакуль яшчэ ніхто не з’явіўся.
Зрэшты, падумала Ільга, гэта трохі нават дзіўна. Усе гэтыя два гады ў княжым замку яна не чула сапраўднай музыкі. Вядома, жанчыны часам спявалі за працай, а дружыннікі – за кубкамі з віном, але тая музыка была дамашняя, для сваіх патрэб, без палёту, без віхуры і чароўнай сілы. Дзеля танцаў на баляваннях запрашалі і музыкаў, часцей вандроўных майстроў кшталту таго старога гуляра, але ўсё было не тое, не так, не сапраўднае . Бо сапраўдная музыка – Ільга гэта знекуль цвёрда ведала – мусіла быць менавіта чароўнай, палётнай, крылатай. Не таму, што яе наўмысна спавівалі чарамі, а проста таму, што іначай стварыць сапраўднае не атрымаецца. Проста таму, што іначай не ўмееш. Проста таму, што музыка – такая.
Яна задумалася над гэтымі апошнімі думкамі, перабіраючы ў памяці, адкуль магла б пра гэта даведацца, ад каго пачуць. Таму і не заўважыла, што яны з княжычам прыпыніліся і сталі ў адным з вузкім замкавых калідораў ля габелена са сцэнаю палявання. А калі заўважыла ўсё гэта і падняла на Алізара твар, княжыч ужо гаварыў, злёгку чырванеючы і хаваючы вочы. Гаварыў ён ціха, але цвёрда, што намеры ў яго ніколькі не змяніліся, што Ільга не павінна думаць, быццам ён з ёю выключна таму, што так вырашыў бацька, што раней ён, Алізар, і не ўсведамляў, наколькі можна…
На гэтым княжыч пачырванеў асабліва густа і замоўк. Ільга глядзела на яго вялікімі вачыма, збіраючыся з думкамі, наважваючы сказаць тое, што даўным–даўно павінна была сказаць. Праўда, Алізар яе маўчанне і позірк патлумачыў для сябе на зусім іншы лад – і, усё яшчэ чырванеючы, пяшчотным, але настойлівым дотыкам прыцягнуў Ільгу за падбароддзе і пацалаваў у паўадкрытыя для пярэчанняў вусны. Ільга імгненна ўспыхнула, задыхнуўшыся ад нахабства, з сілай уперлася княжычу ў грудзі рукамі, адштурхнула і вызвалілася.
– Ты што гэта тут яшчэ надумаў, ёлупень? – сказала Ільга сярдзіта. – Ты ідзі лепш загародку ў хляве памацай. Выдумшчык!
Да пацалункаў у іх яшчэ неяк не даходзіла, ды і самой Ільзе неяк дзіўнавата і смешна было думаць, што пасля вяселля княжыч і на яе пацалункі, і на многае іншае, пра што шэпчуцца чалядніцы, будзе мець нейкае там сваё права. А зараз, калі на вуснах яна яшчэ адчувала салодкі яблычны прысмак, калі ўсёй сваёй істотай была там, ля прорвы бяспамяцтва, гэта і ўвогуле падавалася лішнім, недарэчным, нават блюзнерскім.
Читать дальше