Ільга сціснула кулакі. А падлетак дапамог свайму майстру падняцца на ногі, і абодва сышлі – настолькі таропка, наколькі маглі. Гусляр абапіраўся свайму памочніку на локаць і штосьці горача нашэптваў, а падлетак увесь час аглядаўся на Ільгу – з падазрэннем і незадаволенасцю, быццам яна сказала нешта не проста дурное, але і неймаверна небяспечнае.
Тым часам над каляровымі шатрамі ўзвіліся паветраныя змеі – пярэстыя, даўгахвостыя, абвешаныя стужкамі. Дзіўна было вось так стаяць побач на застаўленым лавамі між шатрамі пятачку – плешы ў густым і шумным натоўпе. Стаяць, закінуўшы галаву, і глядзець на тых, хвастатых, што падскоквалі, ныралі і танчылі на хвалях ветру. Ільга загледзелася, на імгненне забыўшыся пра ўсё на свеце, і адчула, што вось–вось павінен перакінуцца праз бездань ва ўспамінах трывалы і надзейны мост, і стане ўсё так, як трэба, так, як павінна.
Адзін з вояў–ахоўнікаў асцярожна крануў яе за рукаў.
– Васпані, – сказаў няголасна, паважліва. – Мусім вяртацца.
І ўяўны мост, які, здаецца, працягнуўся праз памяць, абрынуўся ў прадонне. Ільга незадаволена зморшчыла нос, але, зірнуўшы на нізкае сонца, пакорліва паківала. Сапраўды, трэба было вяртацца, прапіхвацца праз вясёлы шумны натоўп, які з кожнай хвілінай толькі большаў. Ільгу даўно чакала карэта з княжым гербам і пара сівых коней.
У падсіненым паўзмроку цёмны княжы замак, набліжаючыся, навальваўся амаль невыносным цяжарам, і хацелася збегчы, уцячы назад, туды, дзе віраваў і сыпаў урыўкамі песень кірмаш. Ільга трэслася ў карэце, сцяўшы зубы, увабраўшы галаву ў плечы, і стрымлівала сябе высілкам волі, супакойвала сябе і самой сабе здзіўлялася.
За замковымі варотамі чакаў усхваляваны княжыч. Пабачыў Ільгу, у два крокі апынуўся побач, падхапіў пад руку, дапамагаючы выбрацца з карэты. І загаварыў, што так жа нельга, што мала што можа здарыцца, што кірмаш – не самае лепшае месца для шпацыру. Ільга слухала яго і ўспамінала: два гады таму, калі яна прыехала ў Вугерку разам з Тамашам Дубынічам, князевым братам, Алізар вось так жа сустракаў дружыну за замковымі варотамі. І, пабачыўшы Ільгу побач з Дубынічам, сумеўся, пачырванеў і не мог вымавіць ані слова. А пасля дні тры хадзіў за ёй, назіраючы здаля, аглушаны і прыціснуты гучнай Ільзінай славай змеяборцы, і аніяк не мог адужаць сваю маўклівасць, калі яны сутыкаліся ў цесных замкавых калідорах ці за ўрачыстым сталом. Дубыніч, які, здаецца, самым першым заўважыў пакутлівае маўчанне і нязграбную сарамлівасць пляменніка, рагатаў і строіў кепікі з іх абаіх – з Алізара ды Ільгі. А княжыч толькі чырванеў, хмурыў чорныя бровы і, нарэшце, раз’юшваўся і імкліва выскокваў з–за стала, паваліўшы пазалочанае крэсла. Праз тыдзень нават выклікаў дзядзьку на двубой – на поўным сур’ёзе, за непавагу да дзевы ды абразу. І, паколькі Тамаш Дубыніч спачатку аніяк не мог разагнуцца ад смеху, так–такі патрапаў старога воя. Пасля, вядома, раз’юшыўся ўжо Алізараў дзядзька і па–свойску надаваў малому кухталёў.
– Настырны, гонару і адвагі бясспрэчнай, – казаў пра пляменніка Дубыніч у выніку. І дадаваў не без шкадавання: – Але дурны ж як пень, каб яго трасца.
А княжыч, як толькі акрыяў пасля таго свайго не надта ўдалага двубою, прыйшоў да Ільгі і мовіў, хвалюючыся, так: ён цяпер будзе абараняць Ільгу ад любой шкоды і крыўды, ад каго б тое ні сыходзіла. Ільга перад тым якраз практыкавалася ў мечным баі разам з княжымі дружыннікамі і, потная і брудная, толькі чмыхала, лацвей перахопліваючы драўляны шчыт з груба намаляваным вугеркаўскім мядзведзем. Алізар жа быў вельмі сур’ёзны, хаця і пяшчотна ружавеў і старанна адводзіў вочы, і толькі знервавана патрэсваў густымі цёмнымі кудзерамі.
Да князя ўсё гэта дайшло пазней, дакладней, князь захацеў звярнуць на гэта сваю ўвагу адно месяцы праз тры, калі не звярнуць увагі было нельга, бо пра Алізараву непрыхаваную прыхільнасць пачалі гаварыць усе: і ў замку, і ў Вугерцы, і нават у ваколіцы. Князь паклікаў да сябе Ільгу, каб пагаварыць асабіста. І, калі яна прыйшла так, як была – то бок, як практыкавалася з дружынай у двары, – здаецца, нават трохі здзівіўся, быццам чакаў пабачыць нешта зусім іншае. Княжае здзіўленне, аднак, было добрага кшталту: ён засмяяўся і досыць мякка і прыязна пачаў распытваць пра Ільзіна мінулае, пра Лыцавічы, пра цмока і цмокаву смерць на Калінавым мосце. І вось што дзіўна: тады аніякага прагалу ў памяці Ільга дакладна не адчувала, распавядаючы пра ўсё роўна і спакойна, з непарушнай упэўненасцю, што ўсё было менавіта так, як яно помніцца і як расказваюць людзі вакол. Князь, пагутарыўшы, раптам працягнуў вялікую далонь і нечакана пагладзіў Ільгу па галаве.
Читать дальше