«Ігнат, што з ёй рабіць? Яна набывае сяброў за грошы, дзічыцца, слова не выцягнуць. Што з яе будзе, калі працягне так тыркаць усім банцікі і каробачкі?» – маці клапацілася пра Лану, як клапоцяцца прыгожыя жанчыны, расчараваныя тварамі і здольнасцямі любімых дзяцей.
«Нічога, усё зразумее», – Кахоцкі паціснуў плячыма. Бізнес без лёгкіх стымуляцый і сімуляцый не працуе, таму Лана, можа, і не дурніца. Ён развіваў у дачцэ іншыя навыкі забяспечанага жыцця: замежныя мовы, усмешка без жадання ўсміхнуцца, матэматычны падлік карыснасці знаёмства, атрыбуты абранасці – Ігнат Кахоцкі даў столькі ўрокаў, а яна маўчала, яна шукала стужкі для падарункаў, цешылася не абранасцю, а абрадавасцю, радасцю, яна дыхала плебейскім паветрам кухняў бабуліных сябровак і хавала паштоўкі, якія пакуль няма каму падпісаць.
Кахоцкія неяк убілі ў яе кепскаватую польскую і выправілі вучыцца ў Варшаву.
Калі Лана кінула варшаўскі гістфак, бацькі параілі ёй знайсці працу (і пажадана ў сталіцы, каб Лана глядзела на шчаслівых менскіх студэнтаў – і адчувала сорам, і рыхтавалася да іспытаў, і сніла сябе першакурсніцай, пажадана факультэта міжнародных адносінаў).
Але Лана ўладкавалася на працу фларысткай, працавала ноччу, палову дзён тыдня спала, другую палову бавіла без шчаслівых студэнтаў і іншых герояў чужых фантазій. Спачатку яна жыла ў кватэры бацькоўскіх сяброў – сямейнай пары навукоўцаў, якія ў той час паехалі нешта паралельна вывучаць у Швецыі. Калі сінхронныя даследчыкі вярнуліся, Ланіна адзіноцтва якраз пералівалася цераз край усіх кубкаў, і рукі стаміліся ад дотыкаў да нежывых непатрэбных падарункаў, і пах кветак, якія пойдуць да чужых каханак, пазбаўляў прытомнасці.
Лана пачала шукаць новы дом.
Знаёмы даў Лане нумар дзяўчыны, ад якой з’ехала суседка. Яны дамовіліся на сустрэчу праз Фэйсбук і, здаецца, паразумеліся, але ўсё роўна было страшна, і сэрца кожную ноч атрымлівала назад нераскрытыя пакункі, і сны поўніліся шапаценнем паперы для падарункаў, і гэты пошум зліваўся ў словы без сэнсу – яна прачыналася ў жаху ад таго, што страціла разуменне чалавечай мовы і назаўсёды застанецца адна.
Лана абрала сціплыя светла-фіялетавыя кветкі.
Была ранняя вясна. Снег пачаў сыходзіць, але пакуль лянотна. Ён гулліва пакідаў сваю бялізну пад вокнамі і дрэвамі, ціха падаў раніцай, каб адразу растаць – на тварах (белых-белых), на каўнярах (мяккіх, мёртвых), на вейках (цвёрдых, сонных, жывых).
У думках Лана адразу пачала зваць яе Суседкай. Лана паспела столькі сказаць гэтым фіялетавым кветкам, так выкшталцона вылічыла будучыню па падабенству яе вачэй і пялёсткаў, што падавалася: яны ўжо даўно знаёмыя.
Суседка ўзяла букет. Перад тым, як адвесці руку назад да цела, дзяўчына патрымала яе ў паветры, быццам спрабавала прызвычаіцца да вагі фіялетавых кветак, вывучыць перахрыст сцяблінаў. А пасля рука з букетам прыціснулася да грудзей, і гэты парывісты жэст даказаў ціхае «дзякуй», выказаў разуменне недастатковасці маўлення.
Лана насіла кветкі штотыдзень. Ставіла букеты ў высокую крыштальную вазу на ўскрайку стала, і пах прахалодных лісцяў і пялёсткаў абводзіў заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны, раскіданыя ў снах валасы. Празрыстасць вады і крышталю прыцягвала першыя прамяні раніцы, якія зырка адбіваліся на суседкіну шчаку. Суседка прачыналася ад дотыку святла, бачыла букет з белай атласнай стужкай – і ён быў кнігай, размовай, пажаданнем, бутонам новага дня, што распускаўся дзеля яе адной.
Танклявая і хваравітая – пакупнікі не глядзяць на яе, калі працягваюць картку для разліку. Канечне, зусім пазбягаць яе цяжка: вялікі горад прымушае скарачаць усе міжчалавечыя дыстанцыі, мець дачыненне да іншасвету і чаго заўгодна. Да таго ж у Беларусі нельга мець слабыя нервы, баяцца нябожчыкаў, цемры і халаднечы. На працу ў гандлёвым цэнтры досыць лёгка патрапіць нават мярцвячцы – і ніхто не паскардзіцца, не спалохаецца, не адчуе паху падгнілага цела. Люта давала рэшту, не дакранаючыся да чужых рук, і яе самотнае вандраванне паміж нябытам і родным горадам працягвалася.
Люта Віргін прадавала аксесуары для тэлефонаў у вялікім шкляным будынку. Людзі не пыталі, ці можна тэлефанаваць памерлым – толькі набывалі чахлы. Людзі не раіліся з Лютай наконт складу любізніка – толькі абіралі слухаўкі. Людзі не прасілі дараваць ім грахі – толькі глядзелі карткі памяці на дванаццаць гігабайт. Люта гандлявала і гандлявала, паказвала, раіла, не шукала сабе іншай працы.
Читать дальше