Тое, чаго я больш за ўсё баюся ў такіх размовах з прывідамі 90-х, – гэта настальгія. Непазьбежныя параўнаньні і высновы: тады мы былі лепшыя, жылі весялей, і наогул там засталося ўсё шчасьлівае, сьветлае і жывое. Ня тое, што цяпер: работа, дом, клопаты, будзённасьць, грошы. «А памятаеш, як ты?.. А памятаеш Таньку?.. А Лаўрыка?.. А памятаеш, як мы?.. »
Ну, памятаю. І што?
Сярод дзесяці запаветаў мне не хапае аднаго. Навучыся забываць.
«Наша цудоўная маладосьць»
Жыць настальгіяй – убогі занятак. Людзей мусяць злучаць свабода, пяшчота і гордасьць, а не агульныя ўспаміны. Такія ўспаміны – наркотык, на які няцяжка падсесьці і потым гадамі мучыцца ад неадпаведнасьці твайго жыцьця фальшываму ідэалу «маладосьці». Калі я думаю пра свае дзевяностыя, дык знаходжу там шмат глупства… І ня проста глупства: тупасьці, абмежаванасьці, брыдоты, наіўнасьці і легкавернасьці. Усё, што было ў дзевяностых, няхай там і застаецца. Я не магу падтрымаць размову з тым, для каго работа, дом, дзеці, будзённасьць і грошы ёсьць сумнай альтэрнатывай таму страчанаму шчасьцю. Я думаю, што мой цяперашні сьвет значна больш цікавы, заняткі несувымерна зьмястоўнейшыя, людзі навокал глыбейшыя. Мне падабаецца, як мінае мой час. Я не хачу назад – нават калі б меў магчымасьць усё выправіць. Я падабаюся сабе такім, які я цяпер. У мяне няма ніякага жаданьня шмыгаць носам пад рытуальную бутэльку ці разразаць з кімсьці пракіслы торт памяці, аздоблены ягадкамі-згадкамі пра «нашу цудоўную маладосьць».
Цікава. Калі цяпер мы кажам пра кагосьці «чалавек зь дзевяностых», у нашым голасе гучыць шкадаваньне. Шкадаваньне, лёгкая пагарда, разуменьне, што нічога ўжо з гэтым чалавекам ня зробіш. Ён такі, ён застаўся ў дзевяностых. Няма сэнсу спрачацца. Чалавек зь дзевяностых безнадзейна адстаў, сьвет ідзе далей, безь яго.
А пра нас будуць казаць некалі: «людзі пачатку стагодзьдзяІ. Што мы пачуем у гэтых галасах?
Неяк мы з жонкай былі на сустрэчы зь пісьменьнікам Віктарам Казько. Той чытаў нейкія свае тэксты, задуманыя ў 80-я, напісаныя ў 90-я, а выдадзеныя ў наш час. Тэксты пра «сучасных» дзяўчат – паводле Казька, яны ўсе як адна мараць зрабіцца валютнымі прастытуткамі… Пра хлопцаў, чый ідэал працаўладкаваньня – рэкетырамі на рынку. Яшчэ там было нешта пра «дзяцей у гаўне»… Карацей, нешта такое натхнёнае савецкай перабудовачнай тэлевізіяй і фільмам «Маленькая Вера», нудная сацыяльная крытыка позьнесавецкага ладу, у якім аўтар дагэтуль жыве, бо сьвята верыць у тое, што напісанае ім – вечнае. Замест літаратуры – цёмнае, няўцямнае мармытаньне чалавека з васьмідзясятых, няздарная спроба выказаць дух часу з дапамогай мастацтва, як ён яго разумее.
Ня дай бог сядзець вось так праз трыццаць гадоў і чытаць людзям свае старыя, безнадзейна састарэлыя тэксты, падумаў я.
Чалавек зь дзевяностых адчувае, што старэе, і думае, што гэта мудрасьць. Чалавек зь дзевяностых ва ўсім бачыць руку Масквы. Чалавек зь дзевяностых мусіць супраць нечага за нешта змагацца, і калі аб’ект недасяжны, ён кусае тых, хто побач. Чалавек зь дзевяностых вымяшчае сваю крыўду за тое, што прайграў, на іншых прайграўшых. Чалавек зь дзевяностых дагэтуль лічыць, што ва ўсім вінаватая дыктатура. Чалавек зь дзевяностых любіць «Пагоню» і сьцяг, але любіць сябе так і не навучыўся. Чалавек зь дзевяностых упэўнены, што яшчэ трошкі – і ідэальная Беларусь прыйдзе на месца гэтай, няўдалай, змаскаленай і замаскаванай пад незалежную дзяржаву. Чалавек зь дзевяностых чытае толькі тое, што было ці магло быць напісана ў дзевяностых. Чалавек зь дзевяностых ненавідзіць усялякіх «няправільных», на ягоны погляд, беларусаў, усю гэтую «навалач»: занадта крытычных і іранічных недаверкаў, інтэлектуалаў, постмадэрністаў, фэміністак, «підараў», анархістаў, часам – жыдоў. Чалавеку зь дзевяностых вельмі замінае гісторыя. Хутчэй бы яна ўжо скончылася, хай бы надышоў час ідэалаў. А яго чамусь усё не відаць. Хто вінаваты? Ня я, кажа чалавек зь дзевяностых. Я ж усё рабіў правільна. Дык чаму ж?..
Чалавек зь дзевяностых жыве так, нібы ў яго ёсьць пад рукой нейкі іншы народ. Ня гэты.
Чалавек зь дзевяностых.
Не, я сябе ім не лічу. Я занадта малады, каб мяне называлі чалавекам зь дзевяностых. Я супраціўляюся. Я скідваю іх сяброўскую руку з пляча. Я не пазнаю іх на вуліцы. Я з усяе моцы хачу застацца маладым, бо перада мной ёсьць вусьцішны прыклад: чалавек зь дзевяностых.
І тады 90-я пішуць мне ў фэйсбук, 90-я дасылаюць мне friend requests, 90-я ўпарта хочуць уцягнуць мяне ў сваё Сьвята Пралітай Сьлязы па мінулым.
Читать дальше