– А грошы дзе браць?
– Знойдуцца.
Калі ўсе паселі на пляцоўцы першага паверха, пад лесвіцай, насупраць ліфта, каму як было зручна, Вадзім адкаркаваў першую бутэльку. На дзіва, дзяўчаты, якіх было чацвёра, не лічачы Лесі, ад гарэлкі адмовіліся, акрамя Лесі. Адна з іх, рыжая, вяртлявая, падобная на ваверчаня, палезла ў свой рукзак і дастала сапраўднае «Кліко». Растлумачыла тым, што рэквізавала з дня нараджэння старэйшай сястры.
Калі пітво разлілі, Руслан падняўся з лесвічнай прыступкі, на якой сядзеў адзін, і проста сказаў: «За нас!»
Гарэлку хутка выпілі, «чарніла» таксама не затрымалася. Душы патрабавалі працягу. Руслан згадзіўся збегаць. Вадзім адлічыў грошы, тое, што засталося.
Разбіліся па парах, зашыліся, як мышы ў норах, па кутах. Пачуліся чмокі пацалункаў, гарачыя шэпты, гук расшпільваемых куртак з аднаго боку і прыглушанае пастагванне, з другога – звон аплявухі, нібы разбітага посуду; ціхае, але абуранае «…куды палез, ёлупень?!», зноў аплявуха, тузаніна, хуткія крокі…
Побач села тая, рыжая, Надзя, прычэсвала адной рукой валасы, другой зашпільвала куртку. У глыбіні душы Леся аблаяла Надзю і паслала падалей, бо ёй хацелася застацца з Вадзімам побач адной. Вадзіму, у сваю чаргу, таксама замінала Надзя, але ж не прагоніш яе.
З’явіўся задыханы румяны Руслан, з ледзяшамі на барадзе, з трыма пляшкамі «Двух буслоў».
Мікіта Міхайлавіч Корбут прывык пісаць з раніцы. Пасля, вядома, ранішняга рацыёну, які складаўся з нязменных двух кубкаў кавы з цукрам і цыгарэты.
Сядаючы за пісьмовы стол, Корбут спачатку перачытваў старонкі, напісаныя ўчора, калі-нікалі правіў іх і прымаўся за працу. Не заўсёды работа задавальняла, калі ўсё ішло гладка, як тканіна ці роўная асфальтаваная дарога. Часам пісаніна здавалася суцэльным пеклам, калі ён выціскваў па кропельцы, нібы падлогавую анучу, сказы, марнуючы на іх па чатыры, а то і па шэсць гадзін, каб напісаць хаця б старонку.
Не пісалася. Корбут вывеў толькі адно слова на белым, як малако, аркушы паперы. Далей, як не напружваўся, нібы рожаніца ў раддоме, нічога не нараджалася. Як ступар усё роўна нейкі адбыўся. Ён закурыў, аблакаціўся аб стол, прабягаючы вачыма яшчэ раз па папярэдніх радках папярэдняй старонкі.
– Дэбілізм нейкі! – вылаяўся Корбут. Ён зграбастаў спісаныя аркушы, скамячыў у няправільную акружнасць і падпаліў, шпурнуў, ужо ў агні, у попельніцу. Цяжка ўздыхнуў. Усё ж не кожны дзень нішчыў плады тыднёвай працы. Аднак так лепш. Не хапала яшчэ паглыбіцца ў безгустоўшчыну сучасных трылераў! Трэба шукаць штосьці іншае, пажадана без ужывання мата, які запаланіў усю сучасную прозу. Дзе наша эстэтыка падзелася? Ці яе, як і каханне, спіхнулі ў бардэль на агледзіны новых рускіх за пару тысяч даляраў? Танна. І не шкада? Была б яго воля… Хаця навошта марыць аб нязбыўным? Марыць ніколі не зашкодзіць, гаворыць народная мудрасць, але… лепш… так. Корбут сумна ўсміхнуўся. Вось так і ўсе, як ён. Мая хата ўбаку. Свая кашуля бліжэй да цела. Галоўнае, каб ніхто ніколі не закрануў асабісты побыт. Жыць пад дэвізам шэрай будзёншчыны: гэта мяне не тычыцца. Калісьці ён быў не такі, у маладосці. Не было куды энергію дзяваць. І куды ўсё знікла?
– Няўжо я так дэградаваў? – уголас прамовіў Корбут.
Ён зазірнуў у пакой малодшага брата. Але Вадзіма ўжо не было. Ці яшчэ не было? Памятаецца, Корбут заснуў, так і не дачакаўшыся яго, пад іранічныя і зусім не страшныя ўскрыкі Фрэдзі Кругера па тэлебачанні, а сніў зноў Вераніку Берднік, маладую і абаяльную, якой яна была пятнаццаць гадоў таму. Зрэшты, яна і зараз не выглядае на свае трыццаць шэсць. Па ролях у кінастужках ёй не дасі болей за дваццаць пяць – дваццаць сем гадоў…
Працяжна зазваніў тэлефон. Неахвотна адарваўшыся ад прыемнага ўспаміну, Корбут падняў слухаўку.
– Мікіта, гэта ты? – пазнаў ён калегу па пяры Канстанціна Цімашэнку, таленавітага, але гультаяватага празаіка, які займаўся ў Доме літаратара творчай працай з моладдзю. І атрымлівалася нядрэнна. З-пад яго лёгкай рукі выйшаў ужо не адзін цікавы паэт.
– Я. Здароў, Косця, – адгукнуўся Корбут.
– Прывітанне. Мікіта, ты ж не забыўся пра сённяшні вечар?
– А што сёння ўвечары? – не зразумеў Корбут.
– Ну, блін… – нязлосна вылаяўся Цімашэнка. – Мы ж з табой яшчэ калі дамовіліся, не памятаеш?
– А, наконт тваёй тусоўкі літаб’яднання? – дапяў Корбут. – Не хвалюйся, я буду.
– Толькі ж не прывалачыся на аўтапілоце, – папярэдзіў яго Цімашэнка. – Усё-ткі школьніцы будуць, студэнткі… Які ты ім прыклад падасі?
Читать дальше