Яны яшчэ нават не рабіліся людзьмі, гэтыя жахлівыя: няхай жа яны прапаведуюць агіду да жыцця і гінуць самі!
Вось яны, сухотныя душою — толькі нарадзіліся, а пачынаюць ужо паміраць і трызняць вучэннем пра стому і адмаўленне.
Яны вельмі хацелі б смерці, дык давайце ж пахвалім іх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывіць гэтых мерцвякоў і не пашкодзіць гэтыя жывыя трупы!
Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; і адразу кажуць: «жыццё абвергнута»!
Але абвергнуты толькі яны самыя і іхнія вочы, якія бачаць толькі аблічча сутнага.
Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага і выпадковага, што цягне з сабою смерць, — так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.
Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлівасці; трымаюцца за жыццё, як за саломіну, і кпяць, што трымаюцца за саломіну.
Іх мудрасць маўляе: «Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! І ў гэтым — уся дурнота жыцця!»
«Жыццё — толькі пакута» — так кажуць іншыя і не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабіць так, каб вашае жыццё спынілася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас — пакута!
І хай такою будзе запаведзь вашае цноты: «Забі сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!»
«Салодкае пахацінства — грэх, і так кажуць адны прапаведнікі смерці, дазвольце ж нам пайсці і не рабіць дзяцей!»
«Нараджаць вельмі цяжка, — кажуць другія, — ды і навошта? Нараджаюцца толькі няшчасныя!» Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.
«Спагада патрэбная, — кажуць трэція, — забярыце ўсё, што я маю! Забярыце і мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!»
Калі б яны былі ў аснове спагадлівыя, яны адвярнулі б ад жыцця сваіх блізкіх. Быць злымі — вось што было б іх сапраўдным дабром.
Але яны хочуць выбавіцца ад жыцця; што ім да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваімі ланцугамі і дарункамі іншых людзей!
І нават вас, каму жыццё — гэта цяжкая праца і неспакой, хіба вас жыццё не стаміла? Хіба вы яшчэ не выспелі на пропаведзь смерці?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца і ўсё імклівае, новае, нязведнае, — вы самі сабе цяжкія сталі; ваш імпэт — гэта толькі ўцёкі ад сябе і жаданне забыцца.
Калі б вы болей верылі ў жыццё, вы менш аддаваліся б імгненнасці. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, і нават каб ленавацца!
Усюды чуюцца галасы прапаведнікаў смерці; і поўніцца зямля людзьмі, якім патрэбная пропаведзь смерці.
Альбо «вечнага жыцця»: мне ўсё адно — толькі б зніклі яны з улоння зямлі!
Так сказаў Заратустра.
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам літасці, а таксама і ад тых, каго мы любім да глыбіні душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзін з вас, і цяпер я такі самы. І я — сама годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавісць і зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькі вялікія, каб не ведаць нянавісці і зайздрасці. Няхай жа ў вас будзе досыць велічы, каб не было брыдка за саміх сябе!
І калі вы не можаце быць апосталамі пазнання, дык будзьце, прынамсі, ваярамі яго. Бо яны — спадарожнікі і прадвеснікі апосталаў.
Я бачу безліч салдатаў — хацелася б пабачыць безліч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзіраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца ўніформай. Хай жа не будзе гэтакі аднастайны змест пад іх уніформай!
Будзьце такія, як тыя, чыё вока заўсёды цікуе за ворагам — іхнім ворагам. Не кожны бо з вас здольны ненавідзець з першага позірку.
Свайго ворага вы павінны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананні! Калі ж вашыя перакананні будуць разбітыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любіце мір як сродак да новай вайны. І мір кароткі любіце мацней за доўгі.
Не да працы заклікаю я вас, а да змагання; не да міру, а да перамогі. Хай будзе праца ваша — змаганне, а мір ваш — перамога!
Вы кажаце, добрая мэта асвячае нават вайну? А я кажу вам: толькі дабро вайны асвячае ўсякую мэту.
Вайна і мужнасць стварылі больш вялікае, чым любоў да блізкага. Не спагада, а адвага ваша ратавала дагэтуль няшчасных.
«Што такое дабро?» — пытаецеся. Дабро — гэта адвага. Хай малыя дзяўчаткі кажуць: «Дабро — гэта тое, што прыгожае і разам з тым кранальнае».
Вас называюць бессардэчнымі: але сэрца ваша шчырае, і я люблю сарамяжлівасць вашай сардэчнасці. Вы саромеецеся прыліву чуллівасці, іншыя саромеюцца адліву яе.
Вы брыдкія? Ну што ж, братове мае! Ахініцеся ўзвышаным, апраніцеся ў мантыю брыдкага!
Читать дальше