Яна памаўчала. Пасля спыталася ў мяне, ці не шакіраваны я яе расказам. «Не, — адказаў я, — але чарачка каньяку мне цяпер не зашкодзіла б». Яна наліла мне і наліла сабе. Калі яна вярнулася, працягвала яна далей свой расказ, бацька ўсё яшчэ быў у кабінеце за пісьмовым сталом. На яе амаль не глянуў. Яна яму ўсё расказала. Тады ён падышоў да більярда і зайграў. А ў яе спытаў, чаго ёй яшчэ трэба. Адпомсціць, сказала яна. «Забудзь пра гэта», — сказаў бацька. Але яна прагнула помсты. Тады ён перастаў іграць і ўважліва паглядзеў на яе. Ён раіў ёй не хадзіць туды, а яна не паслухалася, пайшла. Яе клопат. Ніхто не абавязаны слухацца парадаў, інакш парада будзе не парада, а загад. Тое, што здарылася, не мае значэння, бо яно ўжо здарылася. Яго трэба адкінуць, хто не ўмее забываць, той кідаецца пад колы часу і дае сябе раздушыць. А яна настойвае на помсце. Дзетачка, сказаў бацька, гэта ён першы раз у жыцці так яе назваў, усё, што ім дагэтуль было сказана, — гэта таксама не больш як парада, але калі яна патрабуе помсты, выдатна, будзе ёй помста. І гэта ўжо ягоны клопат. Потым ён паклаў на більярднае поле чатыры шары і стукнуў, толькі адзін раз, спярша паслаў шар у борт, адтуль шар адкаціўся назад і саштурхнуў другі шар у лузу. Вінтэр, сказаў бацька, калі чарговы шар знік у лузе. Бэна. Потым Дафна. А калі ён сказаў — Штаерман, на полі ўвогуле больш нічога не засталося. А яна? — спытала Элен. А яна была кіем, адказаў ён. І кій спатрэбіўся яму ўсяго адзін раз. Што будзе з імі? — спытала яна. Яны памруць, адказаў бацька. У той паслядоўнасці, якую ён устанавіў. А цяпер хай ідзе спаць, яму трэба папрацаваць.
Гэтая размова, працягвала яна, крыху памаўчаўшы, калі мы паспелі выпіць па трэцяй, а з суседняга пакоя пачуўся стук більярдных шароў, гэтая размова захавалася ў яе памяці больш злавеснай, чым тое, што адбылося ў «Мон-рэпо», у сябе ў пакоі яна патушыла святло і доўга ў гэтую бясконцую ноч разглядвала неміласэрныя зоркі, якім не абыходзіць тое, ці ёсць на жалю вартым, нікчэмным шарыку Зямлі, жыццё, ці няма, а пра чалавечы лёс і гаварыць няма чаго, і тут яе забрала злосць, бацька, вядома ж, хацеў, каб яна туды пайшла, і цвёрда спадзяваўся, што цікаўнасць пацягне яе. Але вось чаму карліца абрала менавіта яе? Каму было наканавана прыніжэнне: Элен ці бацьку Элен? Калі бацьку, чаму ён тады спачатку адгаворваў яе помсціцца? Хацеў сабе вырашыць пытанне, ці варта яму ўступаць у барацьбу ці не? Але ў імя чаго вялася гэта барацьба? І хто каму ў ёй супроцьстаяў? Яе непакоіла думка, што за цагельным трэстам, пра які бацька абавязкова ўспамінаў як бы жартам, крыюцца іншыя, куды больш значныя гешэфты і што ён час ад часу заводзіць мову пра сілікон, якому належыць будучыня, хоць усе, у каго яна толькі ні пыталася, адказвалі, быццам, ані подумкі, ані здагадкі, пра што гэта талкуе бацька. Можа, барацьба ўспыхнула паміж ім і Людэвіцам? І тым, што з ёю здарылася, Штаерман давала бацьку зразумець, што не хоча больш ягонага ўмяшальніцтва?
Я задумаўся над яе расказам. Аднаго не разумею, сказаў я, ваш бацька распавядаў у Мюнхене пра забойства, што матыў ён падаў фальшывы, не бяда, хай так, але вось што яму толькі каля рэстарана прыйшла ў галаву думка скарыстацца рэвальверам ангельца — не і не, гэта непраўдападобна. Элен уважліва паглядзела на мяне. Небывала прыгожая жанчына. Ваша праўда, сказала яна, бацька схлусіў. Яны ўдваіх абгаварылі гэта забойства. І небарака Шпэт пра гэта здагадаўся. Ён застрэліў Вінтэра са свайго рэвальвера, пасля сунуў яго ў кішэню міністру, а ўжо пасля яна дастала рэвальвер з кішэні і ў Лондане выкінула яго ў Тэмзу. Міністр ляцеў не на самалёце кампаніі «Свісэйр», засумняваўся я. Так, Штусі-Лойпін меў рацыю, выстаўляючы гэта пярэчанне, адказала яна, але і Штусі-Лойпін не мог ведаць, што яна суправаджала міністра па ягонай асабістай просьбе. Дзеля гэтага яна рэгулярна наведвала яго ў прыватнай клініцы. Яна змоўкла. Я агледзеў яе. У яе за плячыма было цэлае жыццё, і ў мяне за плячыма было цэлае жыццё. «А Шпэт?» — спытаў я, але яна ўхілілася ад майго позірку. Я расказаў ёй пра сваю сустрэчу з Шпэтам. Яна выслухала. У Шпэта склалася памылковае ўражанне пра яе, спакойна сказала яна, вось і ў мяне складваецца пра яе памылковае ўражанне. Усяго праз некалькі тыдняў пасля той ночы яна ўступіла ў сувязь з Вінтэрам, а потым з Бэна — адсюль і свара Бэна з Вінтэрам і Дафны з Бэна, і яе разрыў з Штаерман, з кім яна яшчэ спала, па сутнасці няважна, хай хоць з усімі падрад — вось, бадай што, самы дакладны адказ. Яна і сама сябе не разумее. Яна зноў і зноў спрабуе знайсці рацыянальнае тлумачэнне нечамусь ірацыянальнаму, але яе паводзіны не залежаць ад розуму. І можа, усе тлумачэнні ёсць усяго толькі зачэпка, каб апраўдаць сваю натуру, якая ў тую ноч у «Мон-рэпо» заявіла пра сябе магутным парываннем, можа, употайкі марыць пра ўсё новыя гвалты, бо чалавек бывае свабодны адно калі яго гвалцяць, — свабодным нават ад сваёй волі. Але гэта, зразумела, усяго толькі адзін з варыянтаў тлумачэння. Нядобрае адчуванне, што яна была толькі прыладай у руках бацькі ніколі не пакідала яе. Усе, каго ён назваў падчас той гульні на більярдзе, памерлі ў ім жа названай чарговасці. Штаерман — апошняя. Два гады назад. Як параіў бацька, яна ўвайшла ў канцэрн па зброі, ад чаго акцыянернае таварыства «Трог» прагарэла. А потым Моніку Штаерман знайшлі мёртвую на яе грэчаскім востраве. І чатырох целаахоўнікаў, зрашэчаных кулямі. Прычым Штаерман знайшлі толькі праз паўгода — яна вісела ўніз галавою на аліве. Хіба я не чытаў пра гэта? Прозвішча Штаерман ні пра што мне не гаварыла, адказаў я. Калі ў газетах было апублікавана паведамленне пра знікненне Штаерман, сказала Элен, яна знайшла на стале ў бацькі тэлеграму, у якой не было нічога, апрача радка 1171953, калі прыняць гэты радок як дату, дык атрымаецца дзень згвалтавання. А як што забойства было ўчынена па даручэнні бацькі, хто яго выканаў, і хто стаяў за выканаўцамі, і хто стаяў за тымі, што стаялі за выканаўцамі? Ці азначала смерць Монікі Штаерман канец нейкай эканамічнай вайны? Ці была гэта вайна за ўладу нечым рацыянальным альбо ірацыянальным? Што наогул творыцца на свеце? Яна не ведае. Я таксама не ведаю, сказаў я.
Читать дальше