Слаўся вавекі, Гельвецыя!
Яшчэ ёсць у цябе сыны,
як убачыў іх Якаў Святы,
заўсёды гатовыя ў бой.
Гісторыя здалася мне на дзіва знаёмай. Я хацеў высветліць сякія-такія нюансы, але хадыка быў надта п'яны, каб адказваць на пытанні. Некаторыя сяляне пагрозліва паўставалі з месцаў, пакуль іншыя дапявалі канец другой страфы:
Там, дзе вяршыні гор
ворагу не дадуць адпор,
Бог наша цвердзь,
самі ўстанем гарой,
кожны з нас герой.
Нас не палохае смерць.
А хадыку мне было шкада. Бліскучы прыма-адвакат зрабіўся затурканым правінцыйным адвакатам-хадыкам. Ён учыніў забойства, ён выйграў свой працэс, але забойства, ім учыненае, даканала яго. Я цалкам адмовіўся ад думкі купіць двор. Мне след было вымятацца, у даліне Штусі не прывячаюць прыхадняў з горада, а як што яны па нумары маёй машыны ўжо скумекалі, што я з Нойшатэля, я быў ім удвая чужы, прыблудзень, хоць і гаварыў з імі на адной мове, хай нават не так пявуча. Я пакінуў гасцініцу. Услед мне грамавое:
Явіся раніцай, Гасподзь прамяністы,
мы дружна Табе заспяваем гімн чысты,
асветляцца ледзьве вяршыні гор,
узносіць малітвы швейцарцаў хор.
Сваёй душой богабаязнай
айчыне служым увесь час мы.
Гэта сяляне перайшлі да новага гімна.
Пасля зноў прагал у памяці. Стары ў крэсле-каталцы, яго дачка, п'яны забойца ў штусікофенскай гасцініцы сярод п'яных сялян — усё пайшло ў падсвядомасць, а згары наклалася прыкрасць, што я не магу купіць сялянскі двор. Між іншым, купіць яго я мерыўся не дзеля пустой прыхамаці, мне былі патрэбныя перамены. Вярнуўшыся дамоў, я прыступіў да рэарганізацыі. Было вымецена ўсё смецце, што набралася за сорак гадоў пісьменніцтва. Груды неапрацаванай карэспандэнцыі, рахункі, якія так і не трапілі мне на вочы і, аднак жа аплачаныя, каштарысы, так і не ўзятыя пад увагу, горы карэктураў, незлічона разоў перапісаныя рукапісы, накіды, фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры, фантастычны кавардак, якому наканавана было часткова ператварыцца ў парадак, часткова знікнуць. Горы нечытаных рукапісаў, ужо шмат дзесяцігоддзяў пахаваных у плыні неапрацаванай пошты. Я наўздагад зірнуў у адзін з іх. Юстыцыя. Далоў макулатуру. Пры гэтым… Пры гэтым я міжвольна кінуў позірк на першую старонку і прачытаў імя: h.c. Ісак Колер. Я зноў дастаў рукапіс з пластыкавага мяшка. Нейкі доктар Х. прыслаў мне яе з Цюрыха, але я ніколі не чытаю прысланых мне рукапісаў. Літаратура мяне не цікавіць. Я сам яе ствараю. Доктар Х. Я ўспомніў. Кур. 1957 год. Пасля даклада. У гатэлі. Я пайшоў у бар выпіць шкляначку віскі. Акрамя бармэнкі, дамы не першай свежасці, я застаў там яшчэ аднаго наведніка, які адразу, ледзь я паспеў сесці, назваў сябе. Гэта быў доктар Х., былы начальнік кантанальнай паліцыі Цюрыха, мажны чалавек, старамодна апрануты, з залатым ланцужком ад гадзінніка папярок жылеткі, як іх сёння мала хто носіць. Нягледзячы на ўзрост, вожык на галаве ў начальніка быў яшчэ бездакорна чорны, а вусы пушыстыя. Ён сядзеў каля стойкі на высокім зэдлі, піў чырвонае віно, курыў «Байанас» і звяртаўся да барменкі па імені. Голас у яго быў гучны, жэсты выразныя, словам, чалавек без ценю гульні, які гэтак жа прыцягваў мяне, як і адштурхоўваў. На раніцу ён давёз мяне на сваёй машыне да Цюрыха. Я пачаў гартаць рукапіс. Ён быў надрукаваны на машынцы, пад загалоўкам дапісана ад рукі: «Можаце рабіць з гэтым, што захочаце». Я пачаў чытаць рукапіс і прачытаў яго ўвесь. Аўтар, нейкі адвакат, не справіўся з матэрыялам. Яму надта перашкаджалі бягучыя падзеі. Пра самае важнае ён пачаў расказваць толькі ў канцы, але менавіта тут яму раптам не хапіла часу. Ён зрабіўся ахвярай сваёй паспешлівасці. У цэлым спроба дылетанцкая. Ды і асобныя мясціны знедаўмілі мяне. Узяць хай хоць бы назвы некаторых раздзелаў: «Спроба ўнесці парадак у беспарадак». Потым імёны. Хто такі Нікадэмус Мольх, хто Дафна Мюлер і хто Ільза Фройдэ? І хто расстаўляе ў сябе ў парку цэлую армію садовых гномаў? Начальнік нібыта гаварыў мне, што любіць Жан Поля? Але спытацца ў начальніка ўжо нельга, ён памёр. У 1970-м. Пасля я прачытаў ліст, прыкладзены начальнікам да рукапіса: «Я вяртаюся з пахавання. Ездзіў хаваць Штусі-Лойпіна, На пахаванне прыйшоў толькі Мок. Пасля чаго мы з ім паабедалі ў «Du Théâtre». Елі суп з лівернымі фрыкадэлькамі, філе а-ля Расіні з зялёным бобам. Пасля абеду мы доўга шукалі слыхавы апарат Мока. Афіцыянтка, як аказалася, знесла яго з посудам. А што да нашага дарагога фанатыка справядлівасці, дык яму і на самай справе ўдалося прабрацца ў аэрапорт. З камандай смецяроў. І стрэліць ён стрэліў, але адразу ад страху ўпаў галавой у бак са смеццем. На шчасце Колер нічога не заўважыў, бо якраз у гэты час падняўся чатырохматорны самалёт. Зрэшты, наш тэрарыст і не мог зрабіць большае шкоды. У адным ён пралічыўся. Я ўсё-такі заняўся падрабязней гэтым старызнікам. У альпійскім ражку былі правільна прэпараваныя халастыя патроны. Але пасля я абсалютна не ведаў, што мне рабіць з фанатыкам справядлдівасці. Ён быў чалавек прапашчы. Перадаваць яго ў рукі правасуддзя я не хацеў. Штусі-Лойпін (глядзі вышэй) паспачуваў яму і падшукаў яму працу. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Ваш доктар Х., экс-начальнік. Я патэлефанаваў у Штусікофен. Да тэлефона падышоў гаспадар «Лойенбэргера». Я папрасіў хадыку. Памёр. На тым тыдні. Перабраў «бэці». Як яго звалі? Звалі як? Хадыкам. Дзе яго пахавалі? У Флётыгене, трэба думаць. Я паехаў туды. Могілкі ляжалі за вёскай. За каменнай агароджай. Чыгунная літая брама. Было холадна. Першы раз за гэты год я ўлавіў дыханне зімы. У могілках ёсць нешта блізкае майму сэрцу. У дзяцінстве я любіў гуляць на могілках. Гэтыя могілкі мелі сваё аблічча, у кожнага нябожчыка была свая магіла, магільныя пліты, чыгунныя крыжы, пастаменты, калоны, стаяў нават адзін анёл. На магіле нейкай Крыстлі Мёзер. Але Флётыгенскія могілкі былі даволі сучаснымі могілкамі, пачатымі дзесяць гадоў таму назад паводле пастановы абшчыннай рады Флётыгена. Ад тых, хто памёр больш за дзесяць гадоў таму назад, не засталося і следу. Як што тэрыторыя была строга абмежаваная і не не магла быць пашырана — надта высокія сённяшнім часам цэны на зямлю, — супакоенаму дазвалялася не больш чым дзесяцігадовае супакаенне ў роднай зямлі. А пасля — напрасткі ў вечнасць. Але ўжо дазволеным дзесяць гадоў належала ляжаць па стойцы «смірна». Ува ўсіх аднолькавыя пліты. На магілах — аднолькавыя кветкі. Аднолькавыя пліты, надпісаныя адным і тым самым шрыфтам. І вось нябожчыкі пакоіліся строгімі радамі, а сярод іх — і той, каго я шукаў. Беспарадкавы ў жыцці, упарадкаваны пасля смерці. Ён ляжаў апошні ў радзе, каля яшчэ пустой магілы. Пліта ўжо пакладзена, кветкі (астры, хрызантэмы) ужо пасаджаны. На пліце: ФЕЛІКС ШПЭТ, Хадыка, 1930–1984.
Читать дальше