Вярнуўшыся дахаты, я яшчэ раз перачытаў рукапіс. Мабыць, яго перадрукавалі з арыгінала. І нягледзячы на лірычныя адступленні ад рукі начальніка, ён максімальна адпавядаў зыходнаму варыянту. Што да Шпэтавага расказу, дык ён у Штусікофэне хваліўся забойствам, якога не ўчыняў, а Колер у Мюнхене зваліў забойства на чалавека, якога хацеў прыбраць разам з забітым. Я зняў з рукапісу фотакопію. Адрас доктара h.c. Ісака Колера я знайшоў у тэлефоннай кнізе. Я адправіў копію яму. Праз некалькі дзён я атрымаў пісьмо ад Элен Колер. Яна прасіла мяне наведаць яе. Бацькава маёмасць не дазваляе ёй адлучацца з дому. Я адказаў тэлефонным званком. І ўжо на другі дзень уступіў у колераўскія валоданні.
Калі я ішоў да чыгуннай рашоткі, у мяне было такое адчуванне, быццам я ўступаю ў рукапіс і гэты рукапіс мяне кампраметуе. Сама прырода дыхала багаццем. Кастрычніцкая флора тут добра адшкадавалася сваімі дарамі. Дрэвы як на падбор — велічныя і ў летнім уборы. Не дзьме фён. Акуратна падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя багі з маладзецкімі сцёгнамі і такімі ж лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. Навакол мёртвая, дрымотная ціша. Толькі зрэдчас птушыныя галасы. Сцены дома ўвітыя дзікім вінаградам, плюшчом і ружамі, сам ён вялікі, прасторны, са шчытом. Усярэдзіне — лёгкі і ўтульны. Антыкварная мэбля, кожны прадмет — твор мастацтва. На сценах — славутыя імпрэсіяністы. Далей — познія фламандцы (мяне вяла па доме старэнькая пакаёўка). Мне было прапанавана пачакаць у кабінеце доктара h.c. Ісака Колера. Памяшканне было прасторнае. Вызалачанае сонцам. Праз адчыненыя дзверы можна было выйсці проста ў парк. Вокны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Паркет з каштоўных пародаў дрэва. Гіганцкі пісьмовы стол. Глыбокія скураныя крэслы. На сценах ніякіх карцін, толькі кнігі — да самай столі. Выключна кнігі па матэматыцы і натуральных навуках, салідная бібліятэка. У прасторнай нішы — більярд з чатырма шарамі на полі. Праз адчыненыя дзверы ўкаціў сябе h.c. Ісак Колер, яшчэ больш кволы і эфемерны, яшчэ больш празрысты, амаль фантом. Мяркуючы па ўсім, ён мяне не заўважыў. Ён пад'ехаў да більярда, выцерабіўся, на маё здзіўленне, з крэсла і пачаў заўзята гуляць. З дзвярэй у задняй сцяне ўвайшла Элен. Спартыўны выгляд — джынсы, шаўковая кашуля, жыкет ручнога вязання з трыма вялікімі квадратамі, чырвоным, сінім і жоўтым. Яна прыклала палец да вуснаў. Я зразумеў і пайшоў за ёю. Прасторная гасцёўня. Зноў адчыненыя дзверы. Мы селі на тэрасе. Пад тэнтам. Апошні раз сёлета я сядзеў на свежым паветры. Старыя плеценыя крэслы. Чыгунны стол з шыферным верхам. На газоне — касілка. Першыя кучы восеньскага лісця. Паміж імі павы. Яна сказала, што я застаў яе за працай у садзе. Углыбіні парку нейкі хлопец капаў зямлю. І пасвістваў. А ад паваў трэба было пазбавіцца. Суседзі пратэстуюць. Яны пратэстуюць ужо пяцьдзесят гадоў. Але бацька любіць паваў. Як ёй здаецца, выключна назло суседзям. Ён даваў сваім павам крычаць колькі ўлезе. Нягледзячы на шматразовае ўмяшальніцтва паліцыі. На свеце няма гуку больш мярзотнага за павін крык. Дамы навокал праз гэты павін крык прыкметна патаннелі. Адпаведна ўпалі цэны і на зямлю. Тады бацька скупіў усё падрад, і суседзі заткнуліся, больш не маглі скардзіцца. Потым яна наліла мне чаю. Я сказаў, што яе бацька — пачвара. Яна не спрачалася. А рукапіс прачытала? Прагледзела — быў адказ. Я сказаў, што Шпэт яе кахаў, але пра гэта яму было нялёгка пісаць, і яна ж таксама колісь кахала яго. Ах, гэты мілы Шпэт, адказала яна. Адзіная жанчына, якую ён кахаў, была Дафна, пра яе ён і піша асабліва замілавана. А каханне да яе, Элен, проста выдумляе. Выдумляў, удакладніў я, наш мілы Шпэт два тыдні таму назад сканаў у даліне Штусі. «Чай зусім прастыў», — сказала яна і выплюхнула з чашкі праз агароджу тэрасы на пасыпаны жоўтым лісцем газон, якраз пад ногі хлопцу, які з нахабным свістам прабягаў міма.
А потым закрычалі павы. Звычайна яны гэтай парою не крычаць, патлумачыла Элен, зараз перастануць. Але павы не пераставалі. «Хадземце лепш у харомы», — прапанавала яна, і мы ўвайшлі ў дом, зачынілі за сабою дзверы, селі ў два фатэлі, паміж якімі стаяў гульнёвы столік. Каньяку? Так, калі ласка. Яна наліла. Павы за дзвярыма ўсё крычалі, тупа, злавесна. На шчасце бацька іх не чуе, сказала яна, а потым спыталася, ці чытаў я, што напісана пра сапраўдную Моніку Штаерман. Усё гэта ўяўляецца мне досыць непраўдападобным, адказаў я. Яна таксама была аднаго разу запрошана да Монікі Штаерман, летнім вечарам, пачала Элен, ёй тады не было і васемнаццаці, і яна, як усе ў гэтым горадзе, прымала Дафну за Моніку Штаерман, захаплялася ёю, але і зайздросціла таксама, у прыватнасці праз Бэна, таму што Бэна пазбягаў яе, хоць у тыя часы спакушаў усіх падрад, гэты красунчык Бэна, тады лічылася найвышэйшым шыкам і прэстыжам пераспаць з Бэна, гэтак жа як лічылася шыкам і прэстыжам пераспаць і з Монікай Штаерман; хоць усе былі перакананыя, што яны абое ў будучым пабяруцца, але гэта якраз і вабіла. Яна, Элен, была, што ні кажы, дачка Колера і таму недатыкальная. Бэна свядома пазбягаў яе, а яна прыняла запрашэнне Монікі Штаерман без ніякіх ваганняў, магчыма сама ў сабе спадзеючыся застаць там Бэна, настолькі яна была ў яго закаханая. Пасля вячэры, за чорнай кавай, яна паведаміла бацьку пра свой намер. Бацька спытаўся, куды менавіта яе запрасілі, на Аўрораштрасэ ці не, і наліў сабе «Марк». Дома ён заўсёды п'е «Марк». У «Мон-рэпо», адказала яна. Туды яшчэ дагэтуль нікога не запрашалі. Нікога, сказаў бацька. Дагэтуль туды запрашалі адно Людэвіца і яго самога. Дык вось ці можа ён даць ёй параду? Яна ўсё роўна не паслухаецца ніякіх парадаў, задзірыста адказала яна. Не трэба ёй прымаць гэтага запрашэння, сказаў бацька і выпіў свой «Марк». Гэта і была яго парада. Але яна ўсё адно пайшла. Даехала на ровары да Вагнерштуца, прыхіліла ровар да агароджы і пазваніла каля брамы, працягвала Элен далей свой расказ. І здзівілася, што за гэтым нічога не паследавала. Потым яна заўважыла, што рашотчатыя весніцы наогул не зачыненыя, яна адчыніла іх і ўступіла ў парк, але, ледзь уступіла, адразу ж адчула прыступ незразумелага страху. Яна ўжо была хацела вярнуцца, але цяпер ужо весніцы не паддаваліся. Калі дагэтуль Элен расказвала няўпэўнена, запіналася, дык тут пачала гаварыць так, быццам усё, што адбылося пасля, адбылося не з ёю, а з кімсьці іншым. З гэтага моманту, расказвала Элен далей, яна ўжо не сумнявалася, што яе завабілі ў пастку. Заняхаены парк быў заліты вечаровай чырванню, гэты паток святла здаўся ёй благім знакам. Яна аўтаматычна ішла далей да нябачнай вілы. Друз парыпваў пад нагамі. Яна заўважыла садовага гнома, аднаго, потым яшчэ трох, пасля адразу некалькі ўздоўж дарожкі, яны стаялі сярод бадылля непадстрыжанага газона, сярод лубіну і смолак, выглядвалі са сплётаў карэння: нягледзячы на мардаценькія тварыкі, у гэтай злавеснай вечаровай чырвані яны здаваліся падступнымі і гнюснымі, асабліва калі яна заўважыла, што ўніз з дрэваў таксама шчэрацца гномы, паляць люлькі, ад агіды яна ўсё хутчэй бегла сярод гномаў, пакуль не апынулася перад цэлай сцяной гноміх з велізарнымі галовамі, большымі за тыя, якіх яна ўбачыла спярша, — прыкладна з чатырохгадовае дзіця. Дранцвеючы ад жудасці, яна заўважыла, як адна з гэтых фігур ашчэрыла ёй зубы. У панічным страху яна паляцела па парку, міма непрыстойных гномаў, пакуль не выскачыла на лугавіну, дзе ніякіх гномаў не было, сама лугавіна падымалася ўгору, а наверсе яе вачам адкрылася віла. Задыхаючыся, яна спынілася і паглядзела назад. Спадзеючыся, што ўсё гэта ёй толькі памроілася, што яна ўбачыла кашмар. Але яна ўбачыла ашчэраную гноміху, якая дробненька дыгала, спяшаючыся да яе. Яна кінулася да вілы, уляцела ў адчыненыя дзверы, яна чула ў сябе за спінай дробненькі тупат, яна прабегла праз вестыбюль, потым праз залу, дзе ў каміне патрэскваў агонь, хоць на дварэ стаяла лета, нідзе ні душы — і толькі дробненькія крокі за спінай. Яна ўбегла ў нейкае падабенства кабінета. Сцены, заклееныя фотаздымкамі Бэна, страшэнна яе спалохалі. Першым парываннем было вярнуцца назад, але ў зале, у водблісках каміна, яна зноў угледзела карліцу з велізарнай, безвалосай галавой, маленькімі зморшчаным тварыкам і вырачанымі вачыма. Элен бразнула дзвярмі кабінета і замкнулася ссярэдзіны. Яна была адна. Яна кінулася ў скураны фатэль, адчула непрывычны саладжавы пах і самлела. Ачуўшыся, убачыла, што яе з усіх бакоў зашчамілі чытыры голыя магуты, пра якіх пазней магла б толькі сказаць, што яны былі безвалосыя і што ад іх патыхала аліўкавым алеем, якім яны нашмараваліся і таму былі такія слізкія, як рыбы. Яе раздзелі, як яна ні ўпіралася. Яна пачула нястрымны смех і ўбачыла жанчыну, якою захаплялася і якой зайздросціла і якую прымала за Моніку Штаерман. Голая Дафна Мюлер сядзела ў скураным фатэлі. Гэта яна смяялася. Раптам аднекуль узнік прафесар Вінтэр, голы, трыбухаты. За спінай у юрлівага фаўна яна ўбачыла карліцу. Тая сядзела на шафе і пераможна сузірала Элен. Калі чорнабароды сатыр авалодаў Элен, у яе ў галаве бліснула думка — менавіта бліснула, гэта не проста ўстойлівае словазлучэнне, — думка пранікла ў яе мазгі, як пранікае бліскавіца, і не засталося іншых думак, акрамя адно што ўсё тут адбываецца з ёю толькі з волі гэтай карліцы, якая загнала яе ў гэты кабінет, каб з ёю, Элен, зрабілі тое, чаго палка жадала сама карліца, але чаго з карліцай нельга было зрабіць, а потым, калі на яе кінуўся Бэна, а за ім чацвёра слізкіх голых, і ўсё гэта — пад несціханы смех Дафны, Элен ахапіла (адзіная магчымасць супраціўляцца, адзіная зброя) бязмерная пажада, яна ўскрыкнула, яна крычала, крычала, пажада рабілася тым больш неспатольнай, чым зайздрослівейшым рабіўся позірк карліцы. Карліца дрыжала ўсім целам, у вачах у яе бачылася нешта большае, чым бязмежная зайздрасць, здавалася, быццам яна дрыжыць ад гора, што не дадзена ёй, карліцы, зведаць асалоду, якую адчувае тая, якую гвалцяць на яе ж загад яе ж халопы. Нарэшце карліца ў поўным жаху закрычала: «Годзе!» — і разверзлася нястрымным хлюпаннем. Элен адпусцілі, карліцу вынеслі, Элен засталася ў кабінеце адна. Яна сабрала сваю вопратку, у зале яшчэ не прагарэў камін, прабралася праз вестыбюль у цёмны парк, дайшла да брамы. Брама была не замкнёная, закончыла Элен сваю аповесць, і яна паехала дамоў на ровары.
Читать дальше