— Ён непаўторны, — прашаптала адна актрыса, якую я таксама калісьці бачыў, ці тое па тэлевізары, ці тое ў кіно, альбо ж думаў, што бачыў. Экран кіно і тэлевізара сплаўляе ўсе твары ў адзін. Добры дзесятак актораў на адзін твар. Старац папрасіў шампанскага. Адпіў. Паявіўся адзін рэжысёр і артыст, мой даўні прыяцель. З паходжання — швейцарац. З выгляду — расейскі вялікі князь, які прывык мець справы з прыгоннымі, рослы, станісты, але ўжо пасля страты спадчынных маёнткаў. Дагледжаная бародка, прадумана лёгкая прастата ў вопратцы. Пацалаваў у ручку гаспадыні, заўважыў пэўную разгубленасць прысутных, не без прыемнасці абвёў усіх вачыма і з уласцівай толькі яго сэрцу салодкай галантнасцю прамовіў: «Вітаю вас, гер радца! Вітаю цябе, Элен!», пасля чаго, зычліва зрабіўшы мне ручкай, сказаў: «Бачу, гер радца пачаў расказваць сваю гісторыю. Фантастычная гісторыя». Потым наліў сабе шампанскага і сеў. А старац вёў сваё далей. Ад яго зыходзіла нейкая ўладная сіла, якая ўсіх пад сябе падбірала. І ўсё было не ў тым, што ён казаў, а ў тым як. Вось чаму немагчыма ўзнавіць гэтую гісторыю так, як яе расказваў ён. Хай гаспадыня не зышча з яго за тое, што ён без усякіх там ухілак гаворыць пра забойства. Яму задалі пытанне, прыкладна ж так ён і паведаміў, што лічыцца палітычна магчымым. Палітыка і эканоміка падпарадкоўваюцца адным і тым самым законам, а менавіта палітыцы ўлады. Што стасуецца і з вайною. Гэта перад усім эканоміка ёсць працяг вайны іншымі сродкамі. І як бываюць войны паміж дзяржавамі, так бываюць войны і паміж канцэрнамі. А грамадзянскай вайне адпавядае барацьба за ўладу ў межах аднаго канцэрна. Усюды зноў і зноў узнікае патрэба альбо кагосьці адлучыць ад улады, альбо быць адлучаным самаму. І ў такой сітуацыі аператыўнае хірургічнае ўмяшальніцтва вельмі нават дарэчы, пасля чаго след пачакаць, каб пераканацца, ці дало яно карысць, а ці не. У выключных, хто скажа што супроць, але толькі ў выключных выпадках тут не абысціся без забойства. Само па сабе забойства — метад вельмі неэфектыўны. Тэрарызм пакідае толькі драпіны на паверхні сусветнай структуры. А вось забойства, учыненае ім, было неабходнасцю. Ясна, ён мог перадаручыць забойства. На любую справу можна каго-небудзь наняць замест сябе. Але яму неўзабаве ўсе сто, а ён, каб вы ведалі, яшчэ сам сабе завязвае шнуркі. Далей спатрэбілася яшчэ некалькі забойстваў, ну, але ўжо яны не вымагалі ніякага клопату. Пры стварэнні свету ўмяшальніцтва Бога спатрэбілася ўсяго адзін раз. Хапіла першага штуршка. Вось і на яго рашэнне праблемы сышло з хуткасцю маланкі. Старац выскаліўся. Больш за трыццаць гадоў таму яму давялося суправаджаць з прыватнай клінікі ў аэрапорт аднаго гэтак жа вядомага ў тыя часы, як і непапулярнага палітычнага дзеяча. У клініцы ён убачыў, што памянёны дзеяч, ужо ў зімовым паліто, разгублена стаіць каля ложка. Яго ўсе ганяць і пераследуюць. Уведзены ім падатак на спадчыну збанкруціў надта многіх. Ён вымушаны абараняцца. І ён дастае з кішэні рэвальвер. Вось чым ён прыстрэліць кожнага спадкаемцу, які застаўся без спадчыны. Сястра з лямантам «Ратуйце!» выскачыла з палаты. Тады ён зноў засунуў рэвальвер у кішэню. Прыляцеў доктар з двума санітарамі. Палкоўнік падчас вайсковай службы, грубы мяснік у медыцыне; ён паставіў такі дыягназ: хвароба цяпер дабралася да мозгу, ну, з медыцынскага боку гледзячы, праблемаў няма, ён яшчэ раз нашпігуе пацыента транквілізатарамі, і хай сабе вымятаецца на радзіму, інакш аддасць канцы проста тут. Бедалагу пасля кароткай звалкі, падчас якой быў накаўтаваны адзін санітар, вытраслі з паліто рэвальвер, увалілі яму ў задніцу — ах, пардон, пардон, пры дамах! — поўны шпрыц, зноў запакавалі ў зімовае паліто і запхнулі ў «ролс-ройс». І вось ён паехаў з узброеным і ачмурэлым дзяржаўным дзеячам назад у горад. Дзівосны вясновы вечар. Прысмеркі. Недзе каля сёмай. Як што ў нас устаюць рана, дык і вячэраюць таксама рана. Калі ён разам з задрамалым фінансавым геніем праехаў па Рэміштрасэ і ўбачыў людзей, што сцякаліся ў рэстараны, у яго ў галаве мільганула ідэя, як самым элегантным чынам вырашыць сваю праблему. «Божа, — сказала нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, — як займальна!» Асоба, ад уплыву якое ён павінен быў асланіць канцэрн, мела прызвычайку ў гэты самы час вячэраць у вядомым усяму свету рэстаране. Старац высербаў другі фужэр шампанскага. Ён сказаў шафёру спыніцца, дастаў рэвальвер з кішэні міністра, які ціхенька пахропваў, прайшоў у рэстаран, убачыў, што ягоныя разлікі правільныя і памянёная асоба там, застрэліў яе, адтуль — зноў у «ролс-ройс», засунуў рэвальвер у кішэню міністра, даставіў яго, шаноўнага міністра яе вялікасці, у аэрапорт, пасадзіў у самалёт, які спецрэйсам пераправіў хворага лідэра партыі на родную выспу, дзе той, яшчэ не паспеўшы толкам прыляцець, ужо прывёў да канчатковага фінансавага краху калісьці сусветную імперыю. Ціхае пасмейванне дзеячаў культуры. Дачка захоўвае велічную, амаль злавесную абыякавасць. Калі б яе бацька расказаў, што быў начальнікам канцлагера, яна і тады не змаргнула б. Мы ўсе слухалі, як зачараваныя. Як страшную казку. І ўсё ж не без прыемнасці, нават з пацехай, зачараваныя лёгкасцю і сарказмам, з якім старац апавядаў, усё як бы ссоўваючы ў сферу абстрактнага, нерэальнага. Толькі адзін выдавец разгублена спытаўся: «Ну, а вы?» — «Дружа мой, — адказаў старац, дастаючы з футарала масіўную цыгару (зыходзячы з вопыту, набытага мною за час, калі я курыў, здагадваюся, што гэта была «Топерс»), — дружа мой, вы пакідаеце па-за ўвагай дзве акалічнасці. Першая — у якіх колах мы з вамі абарачаемся, і другая — юстыцыя, бо яна хай хутчэй несвядома, чым свядома, арыентуецца на грамадскія колы, якія падупадаюць яе суду, хоць часам — асабліва ў адносінах да людзей прывілегіяваных — яна любіць дзейнічаць з залішняй суровасцю, каб пазбегнуць дакораў за прадузятасць менавіта таму, што яна яе мае». Зрэшты, каб не знудзіць: яго арыштавалі, кантанальны суд прызнаў яго вінаватым, а суд прысяжных пазней апраўдаў, хоць забойства было ўчынена ўва ўсіх на вачах. З неабходнасці. Не хапала доказаў. Паказанні сведкаў былі супярэчлівыя. Зброя так і не была знойдзена. Ну, бо і хто ж будзе трэсці міністрава паліто?! І матыву злачынства таксама ўстанавіць не ўдалося. Канцэрн ёсць нешта непранікальнае для пракурора. Удадатак, таксама выпадкова, у рэстаране быў былы чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, але, калі яго хацелі дапытаць, ён узяў ды павесіўся сабе на здароўечка. Проста трэба, каб усё так удала склалася, зрэшты, нельга выключаць, што і чэмпіён мог стрэліць якраз у тую хвіліну, калі ён, а яму было тады семдзесят, намерыўся страляць; адзіна рэальнае ва ўсёй гісторыі — гэта сам нябожчык, які ўткнуўся тварам у філе а-ля Расіні з зялёным бобам, наколькі ён памятае, але вось якім чынам гэтая рэальнасць спраўдзілася, па сутнасць ролі не грае. Старац раскурыў цыгару, якою да таго размахваў, як дырыжор палачкай. І раптам усе грымнулі рогатам, сёй-той нават запляскаў, адзін тоўсты журналіст адчыніў акно і рагатаў у ноч. «Нечуваная дасціпнасць». Усе былі перакананыя ў невінаватасці старца. Я таксама. А чаму? Ад яго абаяльнасці? Ад узросту? Файна! — заззяла нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, гаспадыня выказалася ў тым духу, што жыццё піша найневерагоднейшыя гісторыі, дачка паглядзела на мяне холадна і пільна, быццам хацела даведацца, паверыў я ці не. А старац курыў цыгару, у той самы час робячы трук, які ніколі не ўдаваўся мне, — выдыхаў дым колцамі. Ён разумее, гаварыў далей старац, што несправядліва асуджаны не такі недасяжны, як забойца, адсюль і шчырыя воплескі, такі ўжо ў яго лёс, што ніхто не хоча лічыць яго забойцам. Вось і я, мабыць, не веру — гэта старац ужо звярнуўся да мяне, — я, хто ў сваіх камедыях цэлымі гуртамі запраторвае сваіх герояў на той свет. Новы выбух рогату, агульнае ажыўленне. Падалі чорную каву, каньяк. Застаецца толькі пытанне маралі, зноў пачаў стары, засяродзіўшы сваю ўвагу на попеле цыгары, які ён не страсаў, а старанна нарошчваў. І раптам зрабіўся зусім іншы. Ужо не стогадовым старцам, а чалавекам без узросту. Учыніў ён забойства насамрэч альбо толькі збіраўся, сказаў старац, з пазіцыі маральнасці важны толькі намер, а не выкананне. Але пытанне маралі ёсць пытанне апраўдання дзеянняў, якія не адпавядаюць законам грамадства, якімі гэта грамадства нібыта кіруецца. Для апраўдання ж мы павінны скарыстацца дапамогай дыялектыкі. З пазіцый дыялектыкі можна знайсці апраўданне абсалютна ўсяму, тым самым — і з пазіцый маралі. Таму ён лічыць усякае апраўданне лішнім альбо, калі давесці гэтую думку да абсурду, усякую мараль амаральнай, ён мог бы заявіць, што дзейнічаў у інтарэсах канцэрна, які дарэчы, пазней усё адно збанкрутаваў, так што ягонае рафінаванае забойства аказалася непатрэбным незалежна ад таго, хто яго ўчыніў, ён сам ці хто іншы, а таму ён мог бы наступным чынам адказаць на пытанне, чаго можна дасягнуць сродкамі палітыкі: калі нечагась можна дасягнуць толькі дзякуючы выпадку альбо нешта дасягнута толькі выпадкова, дык яно ёсць поўная процілегласць таго, чаго хацелі дасягнуць на самай справе. Далей стары перапрасіўся. Ён пакорліва просіць высокашаноўную гаспадыню прабачыць яму сыход, а дачку Элен — даставіць яго ў гатэль «Чатыры пары года». Дачка выкаціла старога, не зірнуўшы на мяне. Я палічыў усю гэтую гісторыю выдумкай. Ну хто, скажыце вы мне, так забівае? Аднак нельга было не заўважыць, што стары сваім часам меў не абы якую ўладу, ды і цяпер яшчэ мае не абы якія ўплывы, а то з якое такое рацыі яго прымаў бы Штраўс. Мне ён падаўся прыдуманым варацілам, у якога на сумленні шмат чаго ёсцека-такі, але расказваць пра біржавыя махлярствы больш складана, чым пра забойствы, вось ён і распісвае няўчыненае забойства, бо можа не сумнявацца, што ва ўчыненае ім забойства ўсё адно ніхто не паверыць, як паверылі б у біржавыя спекуляцыі. У таксі я паспеў забыць яго гісторыю, раздумваючы толькі пра дыялектыку, якую ён падпарадкаваў маралі, і раптам успомніў ягонае імя: Колер, Ісак Колер. Аднойчы на банкеце ў сваіх сяброў я сядзеў якраз насупраць яго. Побач з яго дачкою. Калісьці. Шмат гадоў таму назад. Колер тады быў вельмі бадзёры і загарэлы. Дачка расказвала, што ён толькі што вярнуўся з падарожжа вакол свету.
Читать дальше