Начаваць там яны не засталіся, у Агеева знікла на тое жаданне, а Малаковіч ірваўся да сваіх — заставаліся апошнія тры дзесяткі кіламетраў, і яго цяжка было ўгаварыць затрымацца. Немцаў у гэтым балоціста-раўнінным краі нідзе не было чуваць, мабыць, фронт прайшоў стараной, і яны рушылі ў дарогу — да захаду сонца прайшлі яшчэ кіламетраў восем і заначавалі на полі, у невялікім бярэзнічку. Увогуле прайшлі няшмат, але на большае і не разлічвалі — яны ўжо змагліся. Спярша, калі прарываліся з акружэння і спрабавалі дагнаць лінію фронту, ішлі ўдзень і ўначы, адпачывалі па гадзіне ў суткі і проста падалі на хаду без сну і ад знямогі. Да пераходу цераз «жалезку» іх група налічвала пяцьдзесят сем чалавек, камандаваў ёю маёр з упраўлення арміі, на выгляд надта бравы ваяка з чорнымі касмылявымі брывамі, ён гнаў іх, як толькі было магчыма, каб дагнаць сваіх ці перайсці лінію фронту. Аднак лініі нідзе не было, тапаграфічная карта з двух аркушаў у маёра неўзабаве скончылася, і аднойчы ў змроку яны наткнуліся на нейкую матарызаваную нямецкую часць, якая сваімі амфібіямі, матацыкламі і грузавікамі забіла ўсе вёскі навокал. Мабыць, ім трэба было павярнуць назад ці ўзяць куды ўбок, у абход, але маёр папёр напралом, яны ўвязаліся ў няпэўны зацяжны бой на подступах да нейкае станцыі, немцы тым часам падцягнулі сілы і наладзілі ім такі тарарам, што з усяе групы, напэўна, толькі Малаковіч з Агеевым засталіся жывыя, і то толькі таму, што своечасова зразумелі промах і павярнулі з-пад нямецкага агню ўбок. Пад раніцу яны апынуліся на беразе шырокага, парослага лазняком балота наводдаль ад дарог, немцаў тут можна было не баяцца, і абодва пачалі лаяць маёра, які так па-дурному загубіў групу. Асабліва злосны быў Малаковіч, той ноччу паранены куляй у плячо. Праўда, рана была не цяжкая, куля толькі зачапіла плячо, але ўсё ж рука балела і перашкаджала ўпраўляцца са зброяй. Агееў са сваёй распухлай нагой ледзь трываў пасля той калатнечы, ісці ледзьве мог, і тут яны канчаткова зразумелі, што фронту ім не дагнаць. Менавіта Малаковіч прапанаваў узяць крута на поўдзень і прабівацца ў знаёмыя мясціны, да роднага мястэчка, дзе ў яго заставалася маці з братам і дзьвюма сястрычкамі. А там будзе відаць. Агееў пагадзіўся не адразу. Не надта яму падабаўся такі паратунак, усё ж ішла вайна, а яны былі камандзіры, хаця і параненыя, і адбіліся ад сваёй разгромленай часці, але ўсё ж… «Глядзіце, як хочаце, — не вельмі і настойваў Малаковіч. — А то як бы ў палон не загрымець…» Палонных яны ўжо бачылі на шашы пад Лідай, самі адтуль ледзь вырваліся — неяк выкруціліся ад нямецкіх аўтаматчыкаў, якія прачэсвалі поле бою, і Агееў наважыўся. Выбіраць не было з чаго, а абодва яны былі маладыя і хацелі жыць. Падумаўшы, ён згадзіўся, і ў той дзень яны ўзялі напрамак на гэтае мястэчка.
Далёка над лясным краявідам, захутанае ў агнявы туман, заходзіла чырвонае сонца, на полі стала прахалодней, смага ўбавілася, а дрымота, з якой Агееў змагаўся ўвесь час пад калючым кустом, зусім знікла. Цяпер ён не баяўся заснуць, ён чуйна прыслухоўваўся да рэдкіх малазразумелых гукаў, якія даносіліся сюды з мястэчка. Малады жаночы голас некалькі разоў ласкава пагукаў штосьці, і ён здагадаўся: гэта клікалі на вячэру дзяцей. Аднойчы гучна кракнула качка, што нізка ляцела над полем, і ён страпянуўся ад спалоху — так змарнеў за дзень у маўклівай цішыні і чаканні. Блізкі каровін рык прымусіў яго асцярожна выглянуць з жыта — па дарозе ў мястэчка гналі невялікі статак, за якім узнімалася воблачка пылу. Гэтае воблачка дало Агееву зразумець, што там праходзіў гасцінец або гравійка, але ён за паўдня не ўбачыў на ёй ніводнай машыны і цяпер падумаў: а раптам немцы яшчэ не дабраліся да гэтых мясцін? Можа, тут іх яшчэ і няма? Гэта было б здорава, у такім выпадку ім, напэўна, пашэнціла б. Вось толькі куды прапаў Малаковіч?
З Малаковічам яны належалі да адной часці і перад самай вайной нядоўга служылі разам. Такая была служба ў старшага лейтэнанта Агеева, асабліва ў трывожныя тыдні напярэдадні вайны, што ён мала знаходзіўся ў палку, хіба што наязджаючы на агульнапалкавыя нарады, а болей прападаў на складах боепрыпасаў — сваім і дывізійным, — забяспечваў полк боепрыпасамі. Работы ў начбоя было па горла — некалькі відаў патронаў да стралковай зброі, ручныя гранаты ўсіх марак, снарады да палкавых гармат, вінтоўкі, кулямёты, запчасткі і рамонтная тэхніка — усё гэта перайначвалася, рэарганізоўвалася па-новаму, паводле апошніх інструкцый і ўказанняў. Часу ж на ўсё было ў абрэз, штабы і камандзіры разумелі гэта і спяшаліся, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Кроў з носа, а было загадана назапасіць тры БК для ўсёй зброі і пяць БК для супрацьтанкавай артылерыі. Палкавыя склады не ўмяшчалі ўсю прорву штабялёў і скрынак, будаваліся часовыя сховішчы, Агееў вазіў за шмат кіламетраў будаўнічыя матэрыялы, людзей. Лейтэнант Малаковіч прыбыў у полк за тры дні да пачатку вайны пасля паскоранага выпуску з вайсковага вучылішча і быў прызначаны камандзірам батальённага ўзвода сувязі. Па службе ў палку Агееў з ім амаль не сустракаўся, хіба што некалькі разоў бачыў у час палкавых пастраенняў гэтага рослага, танкашыяга лейтэнанціка ў новым камандзірскім абмундзіраванні, з хрумсткай партупеяй цераз плячо. Не думаў тады начбой, што вайсковы лёс з'яднае іх разам на дарогах вайны, ды яшчэ ў такі горкі час. Вядома, Агееў разумеў, што ён — не надта вялікая радасць для гэтага імклівага хлопца, якому без яго, напэўна, пашэнціла б болей, ён мог бы прайсці і па шэсцьдзесят кіламетраў за суткі і, мабыць, даўно ўжо дабраўся б да фронту. Але ён не мог пакінуць параненага Агеева, памагаў яму і падтрымліваў у дарозе, клапаціўся пра начлег і яду, сам ледзьве стрымліваючы сваё маладое нецярпенне. Агееў бачыў гэта, маўчаў і ўвогуле быў удзячны свайму малодшаму сябру.
Читать дальше