Дрыготкімі рукамі Агееў збольшага ачысціў рану і паправіў павязку, павярнуўшы яе больш-менш сухім бокам, тужэй падцягнуў на балючай назе, усё разважаючы, як яму быць, як лячыць рану. Мабыць, без дапамогі Малаковіча ён нічога не зробіць, але ўчора аб тым не было гаворкі, яны нават не дамовіліся, калі Малаковіч прыйдзе да яго зноў. Не, не абысціся без доктара. Але ці знойдзецца тут які-небудзь здатны лекар, якога можна было б не баяцца?
Стараючыся паводзіць сябе як мага цішэй, увесь час услухоўваючыся, ён спрабаваў здагадацца, што ў той час рабілася на дварэ. І ўсё ж зусім нават знянацку для яго дзверы ў застаронак расчыніліся, і цераз высокі парог пераступіла маленькая стараватая жанчына ў доўгай спадніцы і цёмнай, нізка павязанай хусцінцы, сваім выглядам вельмі напомніўшы яму манашку. Абедзьве яе рукі былі заняты невялічкім чорным чыгунком, які яна трымала перад сабой у фартуху. У застаронку запахла свежай бульбаю з кропам. Агееў асцярожна падцягнуў нагу.
— Во снеданне, — сказала жанчына, суха павітаўшыся, і Агееў здагадаўся, што гэта яго гаспадыня.
— Дзякуй.
— Калі ласка. Малако ў стаўбунку.
— Дзякуй.
Ён думаў, што яна пачакае, запытае яго пра што-небудзь або што скажа, але цётка тут жа павярнулася да дзвярэй. Баючыся, што ён яе не хутка пабачыць, Агееў паспешна гукнуў:
— Адну хвілінку, калі можна!
Гаспадыня павярнулася, на яе зморшчаным маленькім тварыку з самкнутымі вуснамі былі смутак і ўвага, аднак вочы глядзелі з пэўнаю цвёрдасцю і нават разважнай суровасцю.
— Разумееце, мне б доктара… Рана ў мяне, панімаеце…
Бегла зірнуўшы на яго выцягнутую ўздоўж тапчана распухлую нагу з мокрай плямай на дзіравай ад асколка штаніне, яна ціхенька ўздыхнула і выслізнула за парог. Недаўменна счакаўшы хвіліну, Агееў пацягнуўся да скрынкі, дзе смачна пахла свежазвараная бульбачка.
Снедаючы, ён не мог пазбыцца агіднага пачуцця брыдоты, выкліканага нядаўнім аглядам раны. Неспакой яго не мінаўся, і думалася самае рознае, болей трывожнае, з сумным вынікам. Калі б хоць не гэтыя чарвякі, дык з болем ён бы саўладаў як-небудзь, боль страціў вастрыню, Агееў да яго прыцярпеўся, хадзіць было трудна, але можна — прайшоў жа ён кіламетраў сто дваццаць, пэўна, адолеў бы і яшчэ. Але калі б не пачалося заражэнне. Калі ўжо завяліся чэрві. Зноў жа, у ране мог застацца асколак, а з ім кепская справа, з асколкам будзе бяда. Як бы не засесці тут надоўга ці наогул не адкінуць капыты? Аддаючыся турботным думкам, ён увесь час прыслухоўваўся да разрозненых, часам невыразных, зманлівых гукаў знадворку — чакаў гаспадыню. Напэўна, павінна ж яна завітаць у гэты закутак, неяк дапамагчы яму. Пры гэтых думках ён крыва ўсміхнуўся — дажыўся, называецца, начбой Агееў да таго, што стаў залежны ад нейкай местачковай цёткі? Але сапраўды падобна было на тое, што лёс яго цяпер залежаў менавіта ад гэтай немаладой цёткі больш, чым ад каго б там ні было ў свеце. Пракляты вайсковы лёс, які ўсё ў ягоным жыцці перавярнуў дагары нагамі. Ды ці толькі ў ягоным жыцці?
Запіваючы кіслым малаком з стаўбуна, ён хутка з'еў усю бульбу, дажаваў хлеб, якога цяпер была ўсяго адна скіба. Увесь час ён чуйна прыслухоўваўся. Але, мабыць, вялікай небяспекі для яго цяпер тут не было, за сцяной ляжаў гарод, аброслы на межах дзядоўнікам і крапівой, вуліца была зводдаль, з другога канца сядзібы, і з яе амаль не даносілася ніякіх гукаў. Вакол было ціха, спакойна, і ў гэтай цішы ён адразу пачуў два-тры асцярожныя крокі ў хляве, дзверы застаронка нешырока расчыніліся.
— Во пераапрануцца вам.
Цётка Бараноўская з парога паклала на канец тапчана невялічкі скрутак, тут жа разгарнуўшы каторы ён знайшоў чорную сацінавую кашулю, прыгожа вышытую па каўняры сінімі шоўкавымі кветкамі. «Што ж, дзякуй!» — у думках спазнела сказаў Агееў, бо цётка ўжо схавалася за дзвярыма. Ён раскінуў кашулю на каленях, мабыць, яна была яму самы раз, гэтая прыгожая апратка з прыемнага навобмацак мяккага саціну, але ён памарудзіў знімаць сваю пацёртую прапацелую гімнасцёрку, якая разам з ім столькі стрывала за гэтае вар'яцкае лета. Гэта было звычайнае хэбэ з накладнымі кішэнямі і чырвонымі камандзірскімі пятліцамі, у якіх рубінавымі агеньчыкамі ззялі па тры эмалевыя кубікі. Трэці кубік ён прывінціў сюды за тры доўгія месяцы да пачатку вайны, а чакаў яго тры доўгія гады — на працягу ўсёй сваёй камандзірскай службы пасля вучылішча. На рукавах чырванелі галуны-нашыўкі, адпаведныя ягонаму званню, і вось ад усяго гэтага даводзілася па добрай волі адмаўляцца, мяняць на нейкую цывільную кашулю з кветачкамі на каўняры. Але, відаць, сапраўды прыйдзецца, інакш як яму выйсці адсюль у гэтым яго камандзірскім убранні? Першы прахожы з вуліцы зверне на яго ўвагу, і няцяжка ўявіць, чым усё можа скончыцца.
Читать дальше