— Асцярожна, трымайцеся за жэрдку, — папярэдзіў Малаковіч, сам з асцярогай ступіўшы на вузкую дошку кладкі. Агееў удала перайшоў за ім цераз чорнае правалле ручая або рэчкі, і вузкай, аброслай дзядоўнікам сцяжынкай на мяжы двух гародаў яны ўвайшлі пад навіслае голле дрэў. Побач цямнеліся стрэхі будынін.
— Так… Пастойце тут.
Адчуўшы, што іх падарожжа, напэўна, канчаецца, Агееў уздыхнуў і з палёгкай расслабіў натруджаную нагу. Малаковіч ненадоўга знік, і неўзабаве воддаль пачуўся ціхенькі стук у акно, пасля некалькі незразумелых слоў. І вось лейтэнант ужо бярэ Агеева за руку і ў глухім цемрыве вядзе кудысь цераз двор. Падобна, аднак, яны хутка апынуліся ў хляве; наткнуўшыся на нешта грувасткае, пералезлі цераз высокі парог раскрытых дзвярэй. Па-ранейшаму навокал было зусім цёмна, стаяў пах засохлага гною і сена або, можа, нейкіх сушаных зёлак і яшчэ нечага, чым пахне звычайна ў затхлых старых будынках.
— Во, ідзіце сюды…
Наткнуўшыся на Малаковіча, Агееў намацаў каля сябе нешта падобнае на тапчан і зморана апусціўся на шархоткі, пакрыты груба тканай посцілкай сяннік.
— Ну, во і добра. Цётка Бараноўская накорміць.
— Ладна. Дзякуй…
— І не турбуйцеся. Усё добра будзе.
— Ну што ж…
Цётка, здаецца, таксама была тут, але яна не сказала ні слова, і Агееву стала ніякавата — усё ж хацелася ведаць, як яна паставіцца да такога кватаранта. Бо магла і не пагадзіцца, і запратэставаць або хоць бы затаіць нязгоду ў душы. Але цётка маўчала, і Малаковіч ціха гукнуў некуды ў цемру:
— Паесці што знойдзецца?
— А там стаіць, — пачуўся ціхманы немалады голас, які зусім не развеяў трывогі ў Агеева, нават пабольшыў яе — такі ён здаўся сухі і нават раздражнёны.
— А, во дзе… Хлеб, агуркі. Во перакусіце. І ляжыце. Днямі пабачымся, — ціха сказаў Малаковіч.
— Добра.
— Тады добрай ночы, начбой!
Неяк зусім нячутна, не стукнуўшы і не скрыпнуўшы нічым, абое яны зніклі, навокал зрабілася ціха і глуха, нібы ў пастцы, і Агееў упершыню падумаў: як бы гэтае сховішча сапраўды не стала ягонаю пасткай. Заўжды ён баяўся, каб сіла абставін не загнала яго ў кут без якой магчымасці выйсця або адступлення. Але во, здаецца, апынуўся менавіта ў такой сітуацыі. Варта той жа цётцы Бараноўскай паклікаць паліцаяў — і яго, кульгавага, хутка звяжуць вяроўкай і адвядуць у паліцыю. Могуць таксама застрэліць, могуць адправіць у лагер для ваеннапалонных. Праўда, цётка пра яго нічога не ведала, ён не зрабіў ёй ніякае шкоды, але ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, асабліва ў такі час. Нашто рызыкаваць галавой гэтай маўклівай цётцы, якая, напэўна ж, ведае, што ёй пагражае ад немцаў, калі яна будзе хаваць гэтага чырвонаармейца.
Абсалютна заганным і бездапаможным адчуў ён сябе ў гэтую летнюю ноч з сваёй ранай, па добрай волі ці па дурноце даўшы сябе заперці ў гэты хляўчук. Праўда, у яго быў пісталет і два цэлыя магазіны патронаў; на якую бяду, можна было б застрэліць пару паліцаяў, а пасля прыстрэліць сябе. А калі да таго не дойдзе, як тады паводзіць сябе перад паліцаямі, за каго выдаваць? На ім была камандзірская форма — надта заношаная гімнасцёрка і сінія дыяганалевыя брыджы; партупею ён скінуў, як яны засталіся ўдвух з Малаковічам, але на чырвоных пятліцах былі ранейшыя тры кубікі — за каго ж ён мог сябе выдаваць? Малаковіч абачліва пераапрануўся, на нейкі час, напэўна, будзе дарэчы пераапрануцца і яму, але ці шмат паможа яму цывільнае адзенне? Напэўна, да цывільнага адзення патрэбны яшчэ і цывільныя дакументы, а дзе яму іх узяць?
Суцэльныя сумненні і турботы разам з цьмяным прадчуваннем бяды авалодалі Агеевым у гэтым змрочным закутку перад грозным тварам пагрозы. Але якія б неадчэпныя ні былі яго душэўныя пакуты, адчуванне голаду ўзяло верх, на нізкім століку-скрынцы ён намацаў кавалак чорнага хлеба, некалькі агуркоў у місцы і пачаў есці, пакуль ад хлеба не застаўся маленькі кавалак — пэўна, яго трэба б пакінуць на заўтра, падумаў Агееў. Тым не менш ён не мог ужо спыніцца і непрыкметна для сябе зжаваў усё без рэшты.
Напэўна, тут жа і заснуў — забыўся ў трывожным цяжкім сне да світання.
Прачнуўшыся ранкам, Агееў убачыў над сабой нізкую, падбітую аполкамі столь, з такіх жа аполкаў былі тут і сцены, што свяціліся цяпер мноствам шчылін і высвечвалі шэрыя бярвёны сцяны насупраць. Агееў агледзеўся — гэта быў цесненькі хляўчук-застаронак, мабыць, прыбудаваны да старога хлява, куды вялі нізенькія дашчаныя дзверы, закрытыя на драўляную закрутку. У адным канцы застаронка стаяў тапчан, на якім ён пераспаў ноч, з пакрытай чыстай анучкаю скрынкай ля ног, у другім ляжала куча свежага сена, і пад ім ля сцяны сядзела ў гняздзе курыца, што адным вокам пільна і насцярожана сачыла за чалавекам. Праз шматлікія шчыліны ў сцяне білі сонечныя промні, і дзе-нідзе вытыркалася асветленае сонцам пустазелле, што буйна разраслося пад сцяной у гародзе. Было цёпла, спакойна, дзесьці наводдаль зычна прапяяў певень — на ўсё горла ад свае петушынай радасці. Агееў паспрабаваў устаць і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе — павязка спаўзла, штаніна прысохла да раны, да якой цяпер немагчыма было дакрануцца. Ён сеў на тапчане і, спусціўшы да калень штаны, агаліў нагу. З раны цёк гной, тканіна павязкі наскрозь прамокла, нага вышэй калена зрабілася тоўстай і счырванела, яўна распухала што дзень, то болей. Па бруднай, замурзанай скуры спаўзло некалькі мутных кропляў, ён сцёр іх даланёй і раптам спалохана знерухомеў: між набрынялых гніллю, даўно абяскроўленых тканак патрывожана варушыўся маленькі белы чарвяк, побач другі, а там яшчэ і яшчэ. Агееў боязна разняў пальцамі падсохлыя краёчкі раны і ўбачыў многа гэтых дробненькіх неспакойных істот. Скалануўшыся, нібы ад дрыжыкі, ён падняў побач саломіну і таропка пачаў выкалупваць ёю чарвякоў з раны. Увесь час яго не пакідала палахлівае адчуванне брыдоты: гэта ж трэба — жывое цела яго тачылі і елі агідныя стварэнні. Але што можна было зрабіць — усе апошнія дні іх непрытульнага блукання ён не меў нават бінта перавязаць рану, так вось і шкандыбаў у спёку, нага з кожным днём налівалася ўсё большым цяжарам, пухла, не дзіва, што ў ране завяліся чэрві. Што яшчэ будзе?
Читать дальше