— Як вы тут? Можа, прынесці чаго?
— Не, дзякуй. Нічога не трэба.
— І я во спаць не магу. Пасля ўсяго, на што наглядзелася, чаго начулася…
— Жахліва! Што і сказаць.
Мабыць, яна не спяшалася нікуды, у цемры ён амаль не бачыў яе, толькі адчуваў яе далікатную прысутнасць і сказаў без асаблівай настойлівасці:
— А вы пабудзьце са мной.
— Пабуду, ага. Знаеце, адной цяпер немагчыма. Проста не хапае вытрымкі.
— Сапраўды, у такі час трэба процьма вытрымкі. Скажыце, гэты Волкаў… Ён гаварыў з вамі?
— Антон Сцяпанавіч? А як жа, гаварыў. Вы не бойцеся, я ж вам расказвала, што сын мой быў дужа падобны на вас. І ўзростам такі ж.
— Як яго звалі? Алег?
— Алег. Алег Кірылавіч Бараноўскі. Так што вы цяпер Бараноўскім будзеце. Замест сына.
— Ну, дзякуй. А што, муж ваш быў папом? — раптам без усякага пераходу запытаў Агееў і адчуў у цемры, як гаспадыня трохі напружылася, уздыхнула і адказала не адразу:
— Муж быў свяшчэннікам святадухаўскай царквы. Той, местачковай, што ля базарнай плошчы. Хаця вы ж не ведаеце…
— Не ведаю, не бачыў.
— А я ў народным вучылішчы служыла. Даўно гэта было, — гаротна сказала яна і змоўкла.
— Ну, як даўно? Да рэвалюцыі?
— І пасля рэвалюцыі. Айцец Кірыл быў настаяцелем да самага закрыцця царквы ў трыццаць другім годзе. Я перастала служыць гадоў за дзесяць да таго. Ужо нельга было. Самі разумееце — пападдзя, якая ж настаўніца.
— Вы і родам адсюль?
— Не, я родам з Дзвінска, нейкі час жыла ў Вільні, там скончыла Марыінскае вучылішча. Бацька быў банкаўскі служачы, служыў у Вільні, у Полацку, у Дзвінску. А сюды я прыехала з айцом Кірылам, тут жа ў яго радня. А, гэта даўняя гісторыя, як і даўгое жыццё. Расказваць усё падрабязна — не хопіць каляднай ночы, не тое што жнівеньскай.
— Труднае было жыццё?
— У наш час лёгкага наогул не было. І не магло быць. Але нам дасталося асабліва катаржнае. І цяпер вось… Быў адзін сын, усё маё спадзяванне, здавалася, жыву для яго толькі, ды во і яго не засталося. Адна! Вось думаю: навошта жыла? Які сэнс жыць далей? Ды яшчэ ў такую вайну. Усё страшна, трудна, скалечана. Думаю часам: можа, дзе няўдала зрабіла выбар, памылілася ў чым? Не, быццам нідзе. Заўжды імкнулася жыць у згодзе з сумленнем, з дабром, нават з перадавымі ідэямі веку. Але, як назло, менавіта мяне век і не прыняў. Можа быць, запозна ці рана ў яго з'явілася, у гэты шалёны наш век. Сяброўка ў мяне была, Любачка Чарнова, слаўная дзяўчынка, разам музыкай займаліся, талент у яе не бог ведае які, але кансерваторыю скончыла, у Маскве някепска прыжылася, выйшла замуж за саўработніка. А мне музыкі было мала — я рвалася ў народ, каб несці яму разумнае, добрае, вечнае, аблегчыць ягоны лёс, прасвяціць, адкрыць светлы шлях ведаў. Бацька мой не адабраў усё гэта, ён шмат што з таго, што тады лунала ў паветры веку, не адабраў, меў старыя погляды, быў падазроны да новага чыноўнік. Але мая мама, мілая наіўная мамачка, яна горача падтрымала мой выбар прафесіі народнай настаўніцы, яна сама ўсё жыццё прагнула вучыць, прасвяшчаць: да прыслугі ставілася заўжды як да мілых родзічаў, заўжды песціла і задарвала яе на кожнае свята. Толку ад таго было няшмат, яны толькі грубелі, гэтыя Фрузы, Архіпкі, Ганкі, ляніліся, апускаліся, а пры выпадку маглі і ўкрасці, што дрэнна ляжала. Але ў мацеры гэта не лічылася хібам, яна ўсё тлумачыла іх цемнатой, неадукаванасцю, і яна іх прасвяшчала, чытала ўвечары на кухні Талстога, Някрасава, вучыла грамаце. Скончыўшы вучылішча, і я пайшла вучыць грамаце вясковых хлопчыкаў у глухім павеце Віцебскай губерні. Не скажу, што тыя гады былі самыя горшыя ў маім жыцці, можа, наадварот: хлопчыкі мяне любілі, ды і я прывязалася да іх — нічога не шкадавала, ні сілы, ні працы, далучала да культуры і элементарных ведаў, сама перабівалася з хлеба на квас, наймала куткі ў местачковых яўрэяў. Але ў тым я бачыла свой абавязак перад народам і выконвала яго з захапленнем. Самі разумееце, у маладыя гады гэтага захаплення бывае праз меру.
— І вы тут, у мястэчку, работалі? — запытаўся Агееў.
— Не, не тут, у розных месцах. Але больш за ўсё ў Дрысенскім павеце. Адзін год пад Дзвінскам, за дзесяць кіламетраў ад горада. Там і сустрэлася з айцом Кірылам.
— А ён што — ужо і тады быў свяшчэннікам?
— Толькі што канчаў духоўную семінарыю, збіраўся атрымаць прыход, можа, не самы горшы ў епархіі. Але, ведама, народ, як і ўсюды, быў бедны, жыў у цемры і невуцтве, і айцец Кірыл з не меншым імпэтам, чым я, узяўся за яго духоўнае выхаванне. Гэта цяпер так кажуць, што рэлігія — опіум для народа, а тады так не думалі, большасць лічыла наадварот, што вера ўзвышае, далучае да ісціны і святла. Праўда, і тады былі атэісты, такія, што лічылі яе далёка не самым важным у жыцці грамадства, на першае месца ставілі асвету, патрэбу ў ведах. Я таксама належала да гэтых апошніх.
Читать дальше