Сапраўды, чорт ведае, што рабілася на фронце, што вытваралася ў акупацыі! Канечне, у такі час было б злачынствам спакойна ляжаць на гэтым тапчане і чакаць, калі цябе вызваляць ад нямецкай улады. Барацьба з гэтымі вылюдкамі не спынялася, тут, можа, толькі яшчэ наладжвалася, значыць, ён быў абавязаны і не меў права ўхіляцца ад удзелу ў ёй. Але гэта калі абстрактна, амаль тэарэтычна. Тэарэтычна ўсё было проста і ясна і, несумненна, лягчэй, чым на справе. На справе ж яму трэба было перастаць быць старшым лейтэнантам Агеевым, а зрабіцца сынам пападдзі Бараноўскай, жыць па чужых дакументах ды яшчэ легалізавацца перад паліцыяй. Чорт ведае, што такое!..
— Пакуль што фронт коціцца на ўсход, — змораным голасам заклапочанага чалавека гаварыў Волкаў. — Да Масквы коціцца. Але, я так думаю, нядоўга яшчэ будзе каціцца. Недзе павінен адбыцца пералом. Недзе ім дадуць у зубы.
— Трэба б!
— А тут ідзе фармальны разбой. Павылазілі розныя гады. Ды і нашы некаторыя. Начальнік паліцыі — армейскі камандзір. Сам прыйшоў, добраахвотна.
— Такіх свалачэй страляць трэба, — сказаў Агееў.
— А вам прыйдзецца мець з ім справу.
— Гэта горш.
— Горш, але трэба. Неяк трэба паладзіць, на гэта мы і разлічваем. Будзеце трымаць сувязь толькі са мной. Волкаў, канечне, мой псеўданім. Прыйдзе хто, мужчына ці жанчына, скажа: ад Волкава. Значыць, ад мяне. Ваш сябар Малаковіч будзе працаваць на станцыі.
— Гэтак? — узрадаваўся Агееў. — Вы з ім гаварылі?
— Ну, ведама. Рабацёнка ў яго не надта прыемная — у качагарцы. Але нам так і трэба. Ён як чалавек? Надзейны?
— Харошы хлопец.
— Мы таксама думаем. Будзеце працаваць парай. Бараноўская паможа. Яна ў курсе.
— Ну, дзякуй, — трохі заклапочана сказаў Агееў. Ён ужо думаў пра тое, што яму рыхтуе гэты паварот у ягоным жыцці.
Усё ў ім разварушылася ад гэтай размовы, нечаканыя клопаты і апасенні абрушыліся на яго патокам, выклікаючы лавіну неспакойных думак, усё крута мяняючы ў ягоным становішчы. Ранейшаю заставалася хіба што яго рана, якая ўладарна напамінала пра сябе пры кожным неасцярожным руху.
Яны падрабязна абмеркавалі сваё супрацоўніцтва, дамовіліся пра галоўнае і, калі Бараноўская прынесла вячэру, сядзелі моўчкі, поўныя сваіх невясёлых думак. Агееў без ранейшага смаку паеў бульбы з гуркамі — цяпер усе яго клопаты былі скіраваныя ў будучае, у сферу новых для яго і нязвыклых адносін з Волкавым і, што асабліва непакоіла яго, — з ворагам, у дачыненні з якім ён павінен адмовіцца ад сябе ранейшага і прыняць новае імя і новае аблічча. Як гэта ў яго атрымаецца? І чым можа скончыцца? Зрэшты, чым можа скончыцца пры няўдачы, ён разумеў выдатна, але ходу назад ужо не было, трэба было рыхтавацца да ўсякай нечаканасці. Усе гэтыя тыдні пасля разгрому палка ён не мог пазбыцца ліпкага адчування вінаватасці, што так недарэчна выпаў з вайны, выбыў з часці, якая, магчыма, перастала існаваць наогул. Але ж існавала армія, а з ёй заставаўся ў сіле ягоны абавязак, вызначаны калісь дадзенай ім прысягай. Праўда, ён быў паранены, і гэтая акалічнасць апраўдвала ў яго лёсе многае, хоць далёка не ўсё. Нават будучы параненым ён не меў права на спакойнае жыццё пад немцам, бяздзейнасць і чаканне перамены да лепшага на бязлітасным фронце барацьбы. Ён адчуваў, што, калі яму суджана будзе прабіцца да фронту, там прыйдзецца нешта тлумачыць і ў чымсьці апраўдвацца — усё ж у яго заставалася зброя, якую ён павінен скарыстаць супраць фашызму. Зразумела, тое, што яму прапаноўваў цяпер Волкаў, толькі прыблізна было падобна да ўзброенай вайны з захопнікамі, але што рабіць: мабыць, іншая вайна апынулася за межамі яго рэальных магчымасцей.
Пасля таго як вячэрні госць развітаўся і пайшоў, Агееў ляжаў з расплюшчанымі вачмі і думаў. Як заўжды, яго насцярожаны слых быў надта чуйны, пранікаючы ў зманлівую цішыню ночы, у якой таілася рознае. Малаковіч так і не прыйшоў сёння, і Агееў думаў: ці не здарылася ўжо з ім што кепскае? У такім ягоным становішчы страціць Малаковіча было б болей чым кепска. Хаця ў гэты момант ён ужо і не адчуваў сябе надта адзінокім, як раней, усё ж Малаковіч заставаўся яго галоўнай апорай — юны лейтэнант звязваў яго з іх нядаўнім вайсковым мінулым, няшчасным палком, цяжкімі баямі і стратамі, мінулым, якое хаця і не стала прадметам іх гонару, але і не давала прычыны саромецца. Свой баявы абавязак яны выканалі як толькі маглі, і не іх віна, што ўсё абярнулася такім драматычным чынам.
Пад ноч зноў разбалелася рана, у глыбіні якой стала калюча тузаць; боль аддаваўся ў клубе, і ён, каб зручней уладкаваць на сенніку нагу, круціўся на тапчане і так, і гэтак. Напэўна, Бараноўская пачула з падворка яго валтузню і прыйшла ў застаронак.
Читать дальше