— На станцыі, ведаеце, пры эвакуацыі. І мусіў застацца. Але вось у чым праблема — у райкоме рабіў. Усе тут мяне ведаюць. І паліцыя тожа. Дзякуй вось Бараноўскай: прыюціла, выхадзіла.
— Мяне тожа выхаджвае.
— Яна такая. А вы — у баі?
— Пры прарыве з акружэння. У нагу.
— Да-а. Акружэнцаў цяпер ідзе ой колькі. Усе — на ўсход.
— На ўсход, куды ж яшчэ. За фронтам. Я тожа, калі б во не нага…
— З раненай нагой, канечне, далёка не пойдзеш.
— Зноў жа, быў і асколак. Дзякуй — выцягнулі.
— Яўсееўна? — жыва здагадаўся госць.
Агееў памаўчаў, не ведаючы, ці можна назваць імя яго доктаркі. Але госць, пэўна, зразумеў усё і так.
— Яўсееўна, яна тут шмат каго на ногі паставіла, — сказаў ён у цемры. — Але на тым кропка. Забралі сёння разам з яўрэямі.
— Іх што — панішчаць?
— Падобна на тое.
— Жах!..
— Жах — мала сказаць. Злачынства! Палова мястэчка як вымерла. А яны ж тут жылі стагоддзямі. Тут на могілках дзесяткі іх пакаленняў…
— І нічога нельга было зрабіць?
— А што ж зробіш? Не гатовы мы былі да таго. Ды і сілы пакуль не тыя. Барацьба ж толькі разгортваецца.
— Партызаны? — жыва здагадаўся Агееў.
— І партызаны, і яшчэ нехта. Асвойваем розныя метады, — трохі няпэўна адказаў госць і запытаўся: — Вы — бальшавік?
Агееў неяк сумеўся, аднак ужо разумеючы, што трэба адказваць праўдзіва і адкрыта. Здаецца, настаў менавіта такі момант, калі ўхіляцца ад прамога адказу ці тым болей хлусіць было недарэчы.
— Кандыдат, — сказаў ён проста і змоўк.
— Што ж, гэта добра, гэта амаль што член. Тады будзем знаёмы. Я Волкаў, сакратар райкома.
Госць падаў руку, Агееў трошкі паціснуў яе — моўчкі замацаваў поўны невядомага, але, мабыць, значнага сэнсу іх тайны саюз. Агееў яшчэ не мог уявіць сабе, але ўжо цьмяна адчуў, што менавіта з гэтага знаёмства пачынаецца новая паласа ягонага жыцця, наўрад ці спакойная, але ўжо з зародкам менавіта таго, чаго яму дасюль не хапала. Ва ўсякім выпадку, было зразумела, што ён пазбываўся адзіноты і няпэўнасці, далучаўся да арганізаванай сілы, адсутнасць якой ён так хваравіта адчуваў усе апошнія дні іх блукання па нямецкіх тылах ды і ў гэтым мястэчку таксама.
— А вы што ж, жывяце тут? — запытаў ён трохі здзіўлены тым, што сакратар райкома знаходзіцца ў мястэчку.
— Не, жыву я не тут. Вось прыйшоў спецыяльна каго-нікаго праведаць. Ды ў нас ёсць да вас прапанова. Ці просьба. Разумейце, як хочаце. Як вам спадручней.
Агееў насцярожыўся. Увогуле было няцяжка ўявіць характар гэтай прапановы-просьбы, хоць і без падрабязнасцей. Праўда, ён хацеў спачатку давесці, што ягоныя магчымасці абмежаваны, таму што ён пакуль не хадок і можа быць карысны хіба праз тыдзень-другі, у залежнасці ад таго, як павядзе сябе рана. Але Волкаў, нібы зразумеўшы ягоныя думкі, сказаў:
— Яно зразумела, у вас рана, і мы вас пакуль з месца не рушым. Лячыцеся… Але перш за ўсё трэба легалізавацца.
— Як — легалізавацца? — не зразумеў Агееў.
— Гэта проста. Бараноўская дасць вам дакументы свайго сына. Ён загінуў, і яго тут мала хто ведае. Але гэта болей фармальна, для паліцыі. Вы вярнуліся дадому, не зусім здаровы, працуеце ў гаспадарцы.
— Да, але… Як — у гаспадарцы?
— Ну, у двары, у гародзе. Дровы там… Разумееце, нам трэба мець свайго чалавека ў мястэчку. Нашых, разумееце, усе тут ведаюць, нашых адразу раскрыюць. Вы ж па дакументах інжынер, беспартыйны спецыяліст. Зноў жа — сын папа.
— Якога яшчэ папа?
— Папа. Бараноўскага. Цётка ж Бараноўская — былая пападдзя. Яна на поўным даверы ў паліцыі.
— Во як!
— А чаму гэта вас здзіўляе? Пападдзя, ага. Але яна сумленная жанчына, яна нас не выдасць. А вы ж камандзір, зброю ведаеце…
— Як не ведаць — начальнік боепітання.
— Тым больш. Нам менавіта такі і патрэбны. Зноў жа тут, разумееце… Подступы да хаты Бараноўскай надта зручныя. З рова і ў двор.
— Подступы сапраўды…
Далей Агееў кепска слухаў гэтага вячэрняга госця. Хаця ён і быў гатовы выканаць усё, што яму даручалася, але не чакаў для сябе такога даручэння і цяпер таропка абдумваў яго, не цямячы яшчэ, як спалучыць гэта з яго армейскім становішчам. Усё ж ён быў кадравы камандзір з арміі, ніхто яго не звальняў, і ён не мог не адчуваць на сабе няпросты цяжар вайсковага абавязку, перапыненага хіба што няўдачамі на фронце і яго раненнем.
— Мы вельмі разлічваем на вас, — націснуў тым часам сакратар райкома.
— Ну што ж! Хіба што да прыходу нашых. Я ж павінен пайсці ў армію. На фронт.
— Ох, фронт, фронт! — гаротна прамовіў Волкаў. — З фронтам бяда, таварыш. Здаецца, нашы Смаленск здалі.
Читать дальше