– Я прысягаў падаўжаць чалавечае жыццё, а не паказваць шляхі да смерці.
Смерць сама да нас прыйдзе.
– Смерць сама да нас прыйдзе, твая праўда, але хто пра гэта не ведае?
– Так, гэтую праўду ўсе ведаюць, ды не ўсе пра яе думаюць.
– Адным жыццё любае; а хто так, як я, пакутуе, таму няма чаго на свеце шкадаваць.
– Дык на што ты ўсё-ткі хворы?
– Валасы, валасы атруцілі маё жыццё!
Калі ён гэта гаварыў, дык за суседнім сталом весела засмяяліся і адтуль пачулася:
– О! Бо былі гэта валасы з прыгожае касы!
– Не трэба было адразаць; бо без іх сімпатыя, як сарваная кветка, вяне.
– Надакучылі яму валасы, адрэзаў ножніцамі, а яны ад месяцавага святла ажылі.
– Прыгожа валасы спявалі, ды не ўмеў іх шанаваць.
– Глядзіце, глядзіце, вунь яму на галаву сонца лягло, і валасы варушацца, як жывыя.
Пачуўшы гэтыя жарты, небарака глянуў гнеўна на бяседнікаў, усхапіўся моўчкі з месца і пачаў шпарка хадзіць па пакоі.
Тыя панічы ўсе разам узялі свае шапкі, і, выходзячы, адзін з іх кажа:
– Бывай здаровы, пане Генрык! Пі больш рому, і ўсё добра будзе!
– Вось да чаго дажыўся, – сказаў Генрык, павярнуўшыся до доктара. – Стаў у нячулых людзей пасмешышчам, смяюцца з чужога няшчасця, дзе толькі іх ні сустрэну, здзекуюцца з балючых выпадкаў майго мінулага, каб павялічыць мае пакуты.
– Надта далікатныя ў цябе нервы, – сказаў доктар, – калі абураешся на людзей легкадумных; я, седзячы тут ды слухаючы, як яны перамывалі языкамі сваіх знаёмых, добра зразумеў, што гэта за людзі.
– Калісьці я быў зусім іншы, абыякава слухаў і смех і енк, нішто не кранала мяне – валасы, валасы парушылі ўсю маю натуру!
Змоўк, нібыта прыслухоўваўся да нечага і раптам, паказваючы на свае валасы, сказаў:
– Вось адзін заспяваў і іншыя заварушыліся… хутка закрычаць усе разам. Вы не бачыце, што робіцца на маёй галаве!
Тут ён схапіў шклянку, каб выпіць рэшткі рому.
– Паслухай мяне, – прамовіў доктар. – Папрасі прынесці вады і цукру; змяшай іх з ромам, прынамсі, будзе менш шкоды, ды я раіў бы табе зусім адмовіцца ад такіх лекаў.
Генрык узяў шклянку, стаў перад люстэркам, памацаў рукою валасы, сцепануў плячыма; пасля павярнуўся да доктара, паглядзеў на яго неспакойна і кажа:
– Адмоўлюся, калі вынайдзеш лепшыя лекі, а першую параду прымаю.
І, папрасіўшы падаць вады, выпіў шклянку пуншу.
– Раскажы мне пра сваё жыццё; калі б я ведаў прычыну тваіх пакутаў, мо прыдумаў бы, чым табе дапамагчы.
– Можа, ведаеш, як вярнуць назад мінулае?
– Мінулае вучыць нас, як жыць сёння.
– Мая хвароба новая, ані простыя людзі інстынктыўна, ані медыкі навукова не знайшлі зёлак, каб яе вылечыць; аднак бачу, што ты шчыра хочаш, каб я ачуняў; дык раскажу пра тое, што выпала мне перажыць.
Адзін я быў у бацькоў; усе мае жадункі былі законам, лёкаі кожнага слова майго слухаліся, хатні настаўнік выкладаў французскую мову такім чынам, каб я, займаючыся адну гадзіну, не зазнаў ніякае прыкрасці і не затлуміў у сабе вясёлых думак, якія цэняць у свеце больш за адукаванасць.
У пятнаццаць гадоў бацька завёз мяне на адзін год у Рыгу, каб я там вывучаў нямецкую і французскую мовы ў лепшых настаўнікаў ды каб пабачыў і даведаўся ўсё тое, што спатрэбіцца мне сярод людзей, пра якіх ідзе слава ў свецкіх салонах.
Грошай бацька пакінуў больш, чым вымагалі мае патрэбы, і я збіраў там толькі кветкі вясёлага жыцця, ніхто мне не нагадваў, што ўсё незваротна мінецца, чалавечае здароўе слабое і зменлівае, а весялосць шчаслівых гадоў нагадвае мроі.
Калі вярнуўся з горада дадому, ад раніцы да вечара бавіў час на ловах. Мой бацька не шкадаваў сродкаў на паляўнічых, хартоў і ганчакоў; мне было дазволена трымаць столькі лёкаяў, колькі захачу; былі ў мяне добрыя коні, выпісваў модныя карэты.
Праз некалькі гадоў мяне выбралі ў павятовую ўправу. У горадзе знайшоў шмат прыяцеляў; часта ладзіў у сваім доме вясёлыя забавы, сустракаючы з гасцямі ўзыход сонца пры віне або за картамі.
Прайшло чатыры гады. Бацькі мае пакінулі гэты свет, і я вярнуўся дадому з намерам заняцца гаспадаркаю. Маёнтак быў увесь у даўгах. З’язджаліся да мяне бацькавы крэдыторы і з пагрозамі нагадвалі пра пазыкі, суд вымагаў незаплачаныя скарбовыя падаткі за колькі гадоў. Я адчуў небяспеку і тады ўпершыню задумаўся пра страшную будучыню.
– Трэба табе жаніцца, – сказаў мне сусед. – Панна Амелія, дачка камісара, які цяпер кіруе маёнткамі пана Г., дзяўчына прыгожая, добра выхаваная, да таго ж я чуў, што мае ў пасаг больш за дзесяць тысяч срэбных рублёў: бацька яе назапасіў ніштаваты капітал, займаючы пасаду камісара і ўпаўнаважанага, а што не ў сваяцтве з тутэйшымі яснавяльможнымі панамі, якія робяць што хочуць падчас выбараў мясцовых чыноўнікаў 158 158 У Вялікім княстве Літоўскім мясцовую ўладу выбіралі звычайна на павятовых сойміках. Фармальна такое становішча захавалася нават пасля далучэння Беларусі да Расійскае імперыі. І толькі ў другой чвэрці ХІХ ст. мясцовае заканадаўства паступова было скасавана.
, – ты на гэта не зважай. У тваім становішчы трэба грошы, а не фамільныя сувязі, якія – на маю думку – табе не прыдадуцца. Бачу: парада майго суседа – ад сэрца. Я згадзіўся з гэтай прапановаю і папрасіў яго дапамагчы. Дзесяці тысяч срэбных рублёў (а мо крыху менш) было б даволі, каб вызваліць ад прыкрых дамаганняў мой маёнтак. А да таго ж пра вартасці камісаравае дачкі я і раней шмат ад каго чуў. Карацей, паехалі мы з суседам да яе бацькоў.
Читать дальше