– Згодны, калі ўжо такая воля гаспадара і гасцей, – сказаў сляпы і пачаў апавяданне:
– Гадоў колькі таму ехаў я з Полацка ў Невель; выехаўшы з горада, хутка апынуўся сярод лясоў, над галавой шумелі дрэвы, конь мой ішоў паволі – быццам з нагружанай фурманкаю па пясчаных пагорках, – я сядзеў, марачы пра сёе-тое, а таварыш мой ішоў пешшу. Перапыняючы мае думкі, ён сказаў:
– Праехалі дваццаць пяць вёрст. Ужо недалёка вёска і карчма Бабавікі, трэба каб конь там адпачыў крыху; яшчэ некалькі вёрст – і будзе рэчка і добрая паша; напасвіўшы добра каня, будзем ехаць усю ноч, бо дзённая спякота і нас мучыць, і каня мардуе.
Я ахвотна згадзіўся з яго парадаю.
Прыехалі ў вёску; мой таварыш завіхаўся каля воза; а я, седзячы ў карчме, слухаў размовы і розныя думкі тутэйшых сялян пра нейкага незнаёмага чалавека. Потым завязалася між імі спрэчка: адны даводзілі, што ён, гнаны лёсам, а таксама нявінна пакутуючы ад людзей, мусіць туляцца па свеце; іншыя ж называлі яго гультаём і шкадлівым чалавекам, з якім страшна сустрэцца. І гэтая іх спрэчка такая была гарачая, што даходзіла да бойкі.
– Ужо каторы тыдзень, – сказаў адзін з іх, – як ён з’яўляецца ў розных мясцінах нашае ваколіцы. Нібыта ёсць такія, хто ведае яго, ён бывае ў іх і, забавіўшыся там нейкі час, зноў выходзіць, каб блукаць па гарах і лясах. Ён спакойны і лагодны; кажуць нават, што бачылі некаторыя, як, спаткаўшы ўбогіх, даваў ім кавалак хлеба або дзяліў між імі апошнія грошы.
– Пэўна, ён звар’яцеў, калі апошні кавалак хлеба або апошнія грошы аддае іншым, не думаючы пра заўтра; разумны чалавек найперш павінен забяспечыць сябе; век пражыць – не поле перайсці, дык няхай кожны думае пра сябе. Якое гэта жыццё, калі свае нары не маеш, каб схавацца ад дажджу і буры, – такі чалавек не заробіць у мяне і слова добрага.
Трэці загаварыў да мяне:
– Едзеш, як бачу, у Невель; будзь асцярожны, каб не сустрэцца з якім няшчасцем: у нашых лясах рознае бывае, і пра таго незнаёмага Бог ведае што думаць.
– Я не баюся, – кажу, – скарбаў не вязу.
– Калі так, то шчаслівае дарогі!
І ўся грамада, спрачаючыся, выйшла з карчмы.
Хутка прыйшоў мой таварыш.
– Каня запрог, – кажа, – паедзем далей, лепей там, ля рэчкі, дзе шмат травы і вады, адпачнём болей.
Сказаўшы гэта, ён дапамог мне дайсці да воза.
Мы былі ўжо на прызначаным месцы; фурманка наша стаяла на беразе рэчкі, таварыш мой павёў каня туды, дзе бачыў болей травы, я сядзеў пад дрэвам; дзень набліжаўся да вечара, нада мною тужліва скардзілася зязюля, і непадалёку ў кустоўі салоўка не спыняў сваіх пяшчотных і прыгожых песень; я, самотны, акунуўся ў прыемныя ўспаміны.
– Цудоўны вечар, – сказаў нехта побач, перапыняючы мае думкі.
– Цудоўны вечар, – адказваю, – ціха ўсюды, і як чароўна вакол спяваюць салоўкі.
– Але, бачу, ты маеш, толькі палову прыемнага, бо чуеш птушыныя спевы, а блакіту неба, вясновае аздобы гор і лясоў не бачыш.
– Даўно туляюся па свеце, не бачачы яго.
– Прыкра не бачыць свет, але прыкра таксама мець добрыя вочы і бачыць далёка.
– Чалавек не можа бачыць і чуць далей, як яму прырода дазволіла.
– А ці верыш, што ёсць цуды на свеце? Я не толькі бачу і чую вельмі далёка, але і перакідваюся ў розныя абліччы.
– Не разумею, як можа чалавек перамяняцца ў розныя абліччы.
– Не бачыш мяне і ўбачыць не можаш.
– Хто ж ты такі? Ты тутэйшы ці таксама вандруеш?
– Я – Пакутны Дух, вандрую да вечнасці шпарчэй за іншых.
– Нейкі неспакой ляжыць на тваёй душы.
– Так, неспакой. Пакутнаму цяжка быць спакойным; хворы на ложку глядзіць у розныя бакі, каб хоць крыху суцешыць боль, – і я, каб знайсці палёгку, мяняю воблік. Раскажу табе пра страшны мой грэх. Калі мяне падманулі надзеі і душа акунулася ў смутак, здалося мне, што лятучае зелле 157 157 Пералёт-траву.
, якое прыносіць спакой і шчасце, можна знайсці толькі на могілках; марачы пра яго і шукаючы тую кветку, часам да ночы, як вурдалак, блукаў я між магіл, думаў пра духаў, зайздросціў іх шчасцю і спакою, – саграшыў, ах! І, можа, той грэх атруціў кроў маю, расхваляваў усе нервы, страсянуў усю маю натуру; у цяжкай немачы цела напружыўся слых і вочы зрабіліся, як вочы духа. Бачу і чую далёка – жахлівая хвароба! Не могучы яе трываць, мяняю свае абліччы і не знаходжу палёгкі.
– Што ж ты чуў або бачыў на свеце, – кажу, – што так мучыць душу тваю?
– Бачыў дзікіх пачвараў, якія рвалі дзяцей і кабет; слухаючы лямант тых няшчасных, велізарныя скалы не рушыліся з месца, а водгулле толькі паўтарала енкі пакутных ахвяр і змаўкала. Гледзячы на гэтую велізарную сцэну, я сам быў пачвараю, я праклінаў зоркі, што абыякава глядзелі з неба на ўсё гэта, і хмары, што не стрэлілі ў пачвараў вогненнымі перуновымі стрэламі.
Читать дальше