– Але досыць ужо пра гэта: калі я такое слухаю, мяне скруха забірае. Дойдзем хутка з такімі ўспамінамі да таго, што спаткаем Новы год са слязьмі.
Тым часам у чалядным пакоі заспяваў певень.
– Брава, брава! – сказаў Завальня. – Не трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо і певень заспяваў – гэта знак, што ўсходзіцца вецер і хто-небудзь з возера завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю будзем сустракаць Новы год.
Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў свечку, паставіў на падваконне і дадаў:
– Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.
Сівоха паглядзеў у вакно:
– Бясспрэчна, будзе хутка перамена надвор’я; аніводнае зоркі на небе, і я заўважыў, што ўлетку, калі певень праспявае, як сонца садзіцца, дык ужо назаўтра раніцою пасылай касцоў – абавязкова дождж, а тады і тупая каса добра косіць.
– Дасведчаны гаспадар на кожную рэч павінен зважаць, – сказаў Латышэвіч. – Калі напрыканцы снежня і пачатку студзеня бывае бура і снег глыбокі, дык улетку багата травы на лугах і буйное збожжа вырасце на ніве. Гэтая зіма павінна цешыць гаспадара, бо мароз і паўночны вецер пад глыбокім снегам жыта і пшаніцу не вымаразяць.
– А ў мяне ўлетку пані Мальгрэта даведваецца пра перамену надвор’я, гледзячы на жывёлу, калі тая вяртаецца з пашы. Калі першая ідзе чорная карова, дык абавязкова будзе навальніца, калі ж белая – яснае надвор’е.
У час гэтае размовы ў пакой зайшла пані Мальгрэта.
– А гэта што такое? – пытаецца, убачыўшы свечку на падваконні. – Ноч ціхая, падарожныя не будуць блукаць па возеры.
– Вашэць не чула, што нядаўна колькі разоў праспяваў певень; вецер можа нечакана перамесці дарогу ды так усхадзіцца, што за пяць крокаў нічога перад сабою не ўбачыш; у нас здараліся няшчасці: на возеры замярзалі людзі і ніяк нельга было ўжо вярнуць іх да жыцця.
– Дзіўны чалавек! Калі сам любіць бавіцца з мужыкамі, дык думае, што гэта і гасцям прыемна.
Сказаўшы гэтак, яна выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.
– От, кабета, – прамовіў дзядзька, – што ў яе галаве роіцца. Такая іх натура: кожная ганарыцца сваім тытулам. На маю думку, шляхетны той чалавек, які, жывучы на гэтым свеце, выконвае адно прыказанні Божыя.
– Я ведаў і мужчын слабае волі, – сказаў сляпы, – што хваліліся знакамітасцю сваіх продкаў, а самі жылі так, што нявартыя былі чалавечага наймення.
– Адхіліліся далёка мы ў сваіх размовах; пан Сівоха нядаўна абяцаў нам нешта расказаць.
– Памятаю, – сказаў пан Сівоха і так пачаў апавяданне.
АПАВЯДАННЕ ДЗЕСЯТАЕ.
ВАЛАСЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ НА ГАЛАВЕ
– У Віцебску сустрэў я на вуліцы доктара з нашага павета пана М. Выпала так, што мы абодва прыехалі ў горад са сваім клопатам; пагутарыўшы пра сёе-тое, доктар сказаў:
– А дзе ты будзеш палуднаваць?
– Ды дзе Бог дасць, – адказваю. – З грашыма ў горадзе галадаць не будзем.
– Хадзем у карчму да Карлісана, там заўсёды добра частуюць.
– А ці не будзе задорага шляхціцу?
– Не даражэй, чым усюды; а калі крыху і больш заплацім, дык смачней і паямо; сабе шкадаваць няварта.
Згадзіўся. Заходзім у велізарны пакой; было там некалькі асобаў. Яны елі, курылі люлькі, смяшылі адзін аднаго, успамінаючы недахопы і дзівацтвы сваіх знаёмых; здзекаваліся з усіх, не шануючы ні кабет, ні старых.
Седзячы за сталом, здзіўлена паглядаў я на гэтых шылахвостаў: як яны выхваляліся сваёй дасціпнасцю, рагаталі так, што звінелі шкляніцы, і глядзеліся ў люстэрка, не раўнуючы, як дзяўчаты на выданні.
– Добра часам і ў карчме пабываць, – сказаў доктар. – Тут людзі смялей здымаюць з сябе маскі, і тут найдакладней можна ўбачыць, які хто ёсць.
Ледзь гэта сказаў, заходзіць нехта высокі, валасы густыя, натапыраныя, вочы неспакойныя, твар поўны, бледны, быццам у ім і жоўць і вада. Усе на яго паглядзелі; ён сеў на канапу і, хапіўшыся за галаву, заенчыў:
– Няма ім спакою.
Пасля папрасіў падаць яму шклянку рому, палову выпіў і, быццам задуманы, сядзеў колькі хвілін моўчкі; потым падняўся і агледзеў сябе ў люстэрку.
– О! – кажа, паклаўшы руку на голаў. – Цяпер, прынамсі, не варушацца, змоўклі на нейкі час.
Усе дзівіліся, а мой таварыш сказаў:
– Ты, як бачу, нездаровы, мусіць, пакутуеш ад галавы; не думаю, каб ром мог дапамагчы, – яшчэ больш нашкодзіць.
– Хіба прасіў я ў цябе рады?
– Я доктар, гэта мой абавязак.
– Доктар, а маіх пакут не ведаеш. Скажы мне лепей, якая смерць лягчэйшая, бо я, не маючы надзеі ачуняць, мушу памерці.
Читать дальше