Сустрэўшы першы раз Амелію, сапраўды ўбачыў яе цудоўныя вартасці: стройны стан (мастак мог бы напісаць з яе найпрыгажэйшы абраз), твар сведчыць пра лагодны характар, у блакітных вачах ціхая меланхолія і нейкія чароўныя мроі.
Размаўляючы з ёю пра будучыню і пра зменлівае шчасце гэтага свету, даведаўся: выхавалі яе так, што пакорліва верыла ў прадчуванні і ў неразгаданыя таямніцы прыроды. Мой сусед адкрыта расказаў яе маці і бацьку пра ўсе патрэбы майго маёнтка; згадзіліся і бацькі, і дачка. Пасля вяселля я быў найшчаслівейшы з людзей: прывёз жонку дадому і заплаціў усе пазыкі.
Ах! Чаму я не даваў веры прадчуванням! Доктар, ці згодзішся з тым, што чулая чалавечая душа чуе ў ціхім голасе анёла перасцярогу нашмат лепей, чым навукаю і вопытам набытая мудрасць?
– Заўважаў гэта і я, – сказаў доктар, – але такі інстынкт бывае не ва ўсіх людзей.
– Чаму ж я не хацеў верыць сэрцу чулае Амеліі?
– У якіх выпадках? І чым гэта ўсё скончылася?
– Тры гады мы былі шчаслівыя абое, хоць розніца асобных нашых думак і ўяўленняў і нараджала часам спрэчкі, аднак заўсёды ўсё канчалася спакойна. Амелія, бачачы маю ўпартасць, хутка знаходзіла іншую тэму, абы толькі ўнікнуць нязгоды.
Аднойчы ўвесну, у пагодны вечар мы выйшлі на праходку да блізкага лесу; вакол чуваць былі птушыныя спевы. Амелія па дарозе часта замаўкала і нібыта аддавалася нейкім сумным марам.
– Бачу, – сказаў я, – што нейкае прадчуванне шэпча табе на вуха, бо перапыняеш размову і акунаешся ў сумныя думкі.
– Сапраўды, напаў на мяне нейкі смутак, не ведаю чаму.
– Спевы салаўёў і зязюль дзейнічаюць на твае нервы.
– Можа, і так, – адказала яна ціхім голасам.
У гэты час бачу я, як злева, ідучы праз лес вузенькай сцежкаю, набліжаецца да нас нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў, за плячыма вісеў накрыты старой чорнаю сукманаю кош. Цікава было даведацца: хто гэты дзіўны чалавек і адкуль ідзе. Параўняўшыся з ім, я спытаўся:
– Хто ты, дзеду, і адкуль ідзеш?
Ён, здымаючы з галавы стары пакамечаны капялюш і нізка кланяючыся, сказаў:
– Жыву на цэлым свеце, шукаю ласкавых да мяне дабрадзеяў і заўсёды змагаюся з забабонамі і людскімі выдумкамі.
Гэты яго адказ мяне вельмі зацікавіў.
– Як жа, – кажу, – пачалася тая вайна з забабонамі і людскімі выдумкамі?
– Бо яны не зразумелі ні мяне, ні свае выгады. Я абышоў цэлы свет, ведаю ўсе чалавечыя патрэбы, дазнаўся пра самыя пакрыёмыя таямніцы прыроды, хацеў прынесці палёгку жыхарам гэтага неўраджайнага і ўбогага краю, але яны замест узнагароды засыпалі мяне праклёнамі, нідзе не даючы мне прытулку.
– Што ўсё-такі чыніў ты жыхарам нашае зямлі?
– Хацеў зрабіць дабро, але за дабрыню сваю два разы мусіў ратавацца ўцёкамі. Не магу забыць, хоць ужо прайшло каля дваццаці гадоў. Вынайшаў я спосаб здабываць золата, хацеў яго ўдасканаліць і адкрыць тутэйшым жыхарам. Пан ***, багаты чалавек, меў непадалёку ад Полацка маёнтак і дом у горадзе, дзе сам жыў, і мне адвёў маленькі пакойчык дзеля заняткаў і ўдасканалення мае навукі. Там са мною прычыніўся жудасны выпадак: выходзячы, я пакінуў незамкнёныя дзверы, а на стале ляжалі ў паперках белыя парашкі, патрэбныя мне ў маёй навуцы. Жонка пана *** зайшла ў мой пакойчык, узяла адну паперку з парашком, думаючы, што гэта лекі. Пакутуючы ад болю галавы, яна загадала падаць шклянку вады, усыпала туды парашок, выпіла і ўмомант памерла. Я не быў вінаваты, але, ратуючыся ад суда, мусіў уцякаць адтуль і шукаць прытулку ў іншым месцы.
Перабраўся да пана *** і хацеў паказаць яму свае таямніцы. Апоўначы на могілках была ў нас проба, але гэты пан і яго лёкай, які павінен быў дапамагаць, абодва, не маючы сіл вытрываць пробу вялікае справы, самлелі. Баючыся пераследу, пакінуў я іх там, на могілках; уцёк, ніколі ўжо не паказваўся ў тых мясцінах і вырашыў ніколі не адкрываць людзям сваіх таямніцаў.
Тут, перапыняючы апавяданне пана Сівохі, Завальня сказаў:
– Памятаю, нядаўна адзін падарожны расказваў мне пра чарнакніжніка, які вучыў пана *** рабіць золата, а лёкай яго – Карпа – насіў пад пахаю яйка, знесенае пеўнем, і выгадаваў цмока; чарнакніжнік, відаць, той самы. Дык, калі ласка, апавядай далей, слухаем з цікавасцю.
– Генрык, заўважыўшы, што мы з доктарам слухаем яго гісторыю, не зважаючы на карчомную прыслугу, што, стоячы паблізу, смяялася і пра нешта гаманіла, не ўставаў з месца і казаў далей.
– А што там у цябе ў кашы пад сярмягаю? – запытаўся я.
Читать дальше