Мора! Я чытаў пра цябе вершы паэтаў, ціхія і бурапенныя твае хвалі параўноўваў з роднымі азёрамі, калі яны зіхацяць, як крышталь, у зарослых берагах або шумяць у буру. Калі я быў яшчэ зусім малады, дык упрыгожваў людзей дабрынёю і справядлівасцю, а будучае – надзеяю і, быццам у бяспечным порце, ціхамірна марыў у той час пра навальнічнае неба і пра велізарныя акіянскія хвалі.
Мора! У тваіх глыбінях быў для мяне іншы свет, шчаслівы і дзіўны, пра які столькі я чуў апавяданняў з вуснаў простага люду 152 152 Змест народнага апавядання пра Ганну, дачку Акiяна.
. Там жыла калісьці дзяўчына Ганна, дачка вялікага Акіяна, каралева духаў, цуд хараства; нябачная моц зямлі і мора імгненна выконвалі ўсе яе загады. Цуд дабрыні, яна ацаніла шляхетнасць маладога хлопца, які спусціўся на дно і стаў перад вялікім Акіянам, каб адслужыць яму за вяртанне свайго бацькі на родную зямлю. Але ён быў слабы чалавек і не мог выканаць наказы Пана Мора, і тады Ганна, выручаючы каханага, загадала духам, і за адну ноч з’явіліся палацы з караляў і дарагога жомчугу. Ацаніў Акіян дабрачыннасць і мудрасць хлопца, даўшы яму за жонку сваю дачку Ганну.
Мора! Сёння я не так ужо думаю пра цябе. Ты нагадваеш сляпую фартуну: узбагачаеш людзей і кідаеш у бяздонныя глыбіні, няможна расчуліць тваё зімовае лона, калі няшчасны ветразь, занесены хваляю далёка ад роднае зямлі, гіне, самотны, на пустэльных берагах вострава ад тугі або ад голаду, і ў яснае надвор’е не дрэмлюць на тваім дне ненажэрныя пачвары, паглядаючы з адкрытаю пашчаю на марскіх вандроўнікаў. О мора! Ты нагадваеш свет, па якім чалавек ідзе рознымі пуцінамі жыцця.
Хутка зменіцца надвор’е – вецер з усходу; бялеецца над вадою надзьмуты ветразь. О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў! Над горадам вісяць густыя воблакі, а з іх нараджаюцца ўгары дзіўныя прывіды, у паветры будуе нехта велізарны замак, валы і сцены акружаюць яго, вырастаюць высокія гмахі і вежы, непадалёк становяцца ў баявы парадак на конях волаты-рыцары, а праз колькі хвілін відаць толькі руіны, а ўсё войска перамянілася ў клубы дыму; як вужака, прабегла вогненная маланка пасярод хмары.
О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў, зразумейце гэтыя знакі ў пэўных абрысах аблокаў, якія заўсёды перад вашымі вачыма; Божая рука папярэджвае вас, што няма нічога сталага на зямлі, гмахі вашы ператворацца ў руіны, моц, багацці, гонар і слава рассеюцца і знікнуць, як лёгкі дым у паветры.
Вясна! Кароткі твой усмех, кароткі твой павеў лагоднага ветрыку, нядоўга цешаць вока барвы садоў; вільготныя туманы засцелюць зямлю, паляцяць птушкі ў вырай, пачнецца вецер і разнясе жоўтую лістоту па могілках, раскідваючы ля ўзножжа цудоўных помнікаў і нямых стодаў, якія стаяць на магілах знакамітых людзей; калісьці фартуна на дарозе жыцця сыпала ім кветкі, сёння халодны мармур заносіць пяском вецер, і імя іх сканае ў пустэльні нябыту, калі ў жыцці не ўвянчалі яны свае галовы каронаю праўды.
Праўда – пасланніца неба ў гэту юдоль цярпення – ты анёл, вартаўніца і настаўніца ў жыцці, асвятляй нас сваімі промнямі, калі праўдзівую веру – найдаражэйшы скарб нашых бацькоў, найчысцейшае святло неба – хочуць зацьміць туманы вытанчанае мудрасці пыхлівых і хлуслівых філосафаў. Калі прырода спіць пад снегам, вые паўночны вецер, мінаюць доўгія цёмныя ночы, тысячы агнёў палаюць у вокнах гмахаў, не перапыняецца вясёлае жыццё сталіцы, і я, самотны, люблю аддавацца марам, мая думка ляціць далёка, да радзімых ваколіц, выклікае з магіл паважаных старых, бачыць іх забавы і чуе размовы пра шчаслівыя часіны, пра залаты век, калі чалавек араў сваё поле, будаваў дом сабе і сваім дзецям. Тады ўраджаі былі лепшыя, весела спяваючы, працаваў араты ў полі, у лясах вялося безліч ласёў і дзікіх коз, і паляўнічы лёгка знаходзіў звера, і рыбак з пэўнай надзеяй закідаў нерат у ваду.
Але калі людзі размежылі жалезным ланцугом палі ды лясы, калі кожны захацеў стаць багатыром, мець дарагую вопратку і пышныя карэты, – усё змянілася на свеце, багатыя пачалі прыгнятаць бедных, і ўгневаны Бог не блаславіў людскую працу, змяніліся ўраджаі, мядовая 153 153 Мядовая раса, або падзь – салодкая клейкая вадкасць на лістах раслін (прадукт жыццядзейнасці жамяры).
раса, падаючы страшнаю атрутаю на травы перад узыходам сонца, няраз вельмі шкодзіла жывёле.
І цяпер яшчэ старыя, апавядаючы маладым аповесці даўніх часоў, успамінаюць дзіўныя знакі на небе, калі на беразе Балтыйскага мора сышліся дружыны шведаў з велізарным войскам паўночнага Цэзара 154 154 Пятра І. Гаворка ідзе пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).
, дрыжала Нарва і іншыя фартэцыі ад зброі пераможцаў. Зарыва страшных пажараў, плывучы ў аблоках ад марскіх берагоў, няраз апоўначы залівала крывёю неба над усёй Беларуссю. Люд, дрыжучы, паглядаў угору, дзе ў хмарах, што дыміліся крывёю, змагаліся палкі конных і пешых волатаў, і няраз гэты прывід трываў на небе да ўзыходу сонца.
Читать дальше