На снеданне было пададзена падагрэтае піва; шкаляры, пачуўшы цяпло, зашумелі, як пчолы ў вуллі. Кожны апавядаў пра сваю вучобу, пра таварышаў, настаўнікаў, пра розныя школьныя выпадкі і здарэнні. Сляпы Францішак далучыўся да іх, і яны пад сакрэтам расказвалі яму свае вершы, якія вывучылі на памяць, каб павіншаваць бацьку.
Перада мною яны хваліліся ўзнагародамі за экзамены: дасталі са скрыначкі абразкі Клаўбера 149 149 Клаўберг Ігнат Себасцьян (1753–1817) – таленавіты гравёр па медзі. З 1796 г. у Расіі, прафесар Пецярбургскае акадэміі мастацтваў. Выканаў шэраг партрэтаў расійскіх саноўнікаў, табліцы для атласаў, а таксама абразы і абразкі для езуітаў.
розных памераў, крыжыкі і медзяныя медалькі. Шмат расказалі вывучанага з альвара і шмат пераклалі з лаціны святое гісторыі.
Пан Марагоўскі пацвердзіў бацьку, што Стася і Юзіка за стараннасць у вучобе і за добрыя паводзіны хвалілі і ўзнагародзілі ксёндз-прэфект і настаўнікі; дзядзька цешыўся гэтым, абяцаў ім пашыць новыя капоты і даць грошай на розныя школьныя патрэбы.
Доўга цягнулася размова пра Красны 150 150 Так называецца полацкi кiрмаш, якi адбываецца перад Калядамi.
полацкі кірмаш. Марагоўскі апавядаў пра кошт жыта, аўса і ячменю, пра свойскіх птушак, якіх там шмат адусюль прадаецца; пра кошт ільну, пянькі і пра купцоў, што прывезлі з іншых гарадоў хусткі, сукно, ядваб, баваўняную крамніну ды іншыя тавары для ўбораў; пра знаёмых гаспадароў, што прыехалі па сваіх справах і каб набыць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.
У размовах прайшоў цэлы дзень; сонца схавалася за лес, звечарэла. Некалькі суседзяў, што жывуць ля возера Нешчарда, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на куццю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе. Пасярод пакоя паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і накрылі белым абрусам. На стол падалі посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу. Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе – з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.
Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых абрадаў свята трымаліся ва ўсіх дамах нашага павета. Сёння ўжо не тое! У некаторых паноў змяніліся старыя звычаі і парадкі, за што Бог не ўзнагародзіць, і часы ўсё горшыя і горшыя.
За гэтаю размоваю асобныя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам на стале, вешчавала вялікія ўраджаі.
Пасля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі метэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны і гародніны ўвосень.
О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднае зямлі! Як кароткае шчасце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны – наймілейшая забава самотным думкам; па іх, як выгнанніца з раю, сумуе заклапочаная душа.
На беразе Фінскае затокі, дзівячыся чароўным малюнкам травеньскіх начэй, сядзеў я ад захаду да ўсходу сонца. Не было зорак на небе: белае святло заліло нябеснае скляпенне і ўсю марскую прастору. Травеньскія ночы чужое краіны! Вы заўсёды былі сведкамі маіх тужлівых і самотных песень, калі тут, на беразе затокі, агорнуты думкамі, успамінаў я горы і лясы радзімае старонкі.
Гараць залатым полымем вяршыні святынь у сталіцы 151 151 У Пецярбурзе.
; якая цішыня пануе ў паветры! Зазваніў гадзіннік з вежы, і моцнае яго гучанне дасягае далёкіх ваколіц горада. Човен плыве па спакойнай вадзе, чую вясёлыя песні матросаў; у пышных садах гучыць музыка, да позняга часу доўжацца вясёлыя забавы і не скончыліся яшчэ прыемныя спатканні пад шатамі паркавых дрэваў.
Травеньскія ночы радзімых ваколіц! Мілей мне было сустракаць захад сонца на беразе Нешчарды, не параўнаеш самую вытанчаную музыку з пяшчотным і чароўным спевам салаўёў і самотным голасам зязюль. Дзікія лясы мілей за пышныя паркі! Шум вашых галін акунаў мяне ў роздум, у засені вячыстых дрэў заўсёды адчуваў я нейкія неразгаданыя таямніцы прыроды. У народных апавяданнях сустракаў пачуццё і праўду, адчуваў іх мудрасць і малітвы цэлага народа, мілей гэта ў сто разоў, чым халодныя забаўкі ў багатых салонах.
Читать дальше