Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі. Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытачоў, аддзеленая ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі. Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтар разлічваў на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора.
На менш абазнаную публіку дзейнічала магутная энергетыка надзвычайнае любові да роднага краю, уздзеянне якое актуалізоўвала ў свядомасьці чытача заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, спрадвечныя беларускія традыцыі і філасофію.
І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, пра яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст.) лад жыцця (або космас) беларуса. Вучоны – фалькларыст ці этнограф – бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў.
Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і г. д.) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе твора звычайна акрэсліваў кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Э. Т. А. Гофмана, які напрыканцы аповесцяў расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага запавету: апошні кампанент прытчы – тлумачэнне – у Я. Баршчэўскага адсутнічае.
Гэтыя акалічнасці, надаючы твору (увогуле, усёй прозе) Я. Баршчэўскага арэол таямнічасці і нават алагічнасці асобных апісанняў, прыцягваюць нашу ўвагу, але, бясспрэчна, патрабуюць грунтоўнага аналізу, каментару, расшыфроўкі тэксту. Літаратуразнаўчы аналіз творчасці Я. Баршчэўскага праз прызму міфалагічнага гістарызму дапаможа высветліць шмат якія аспекты паэтыкі пісьменніка, высветліць яго мастацкія прыёмы адлюстравання рэчаіснасці.
Схематычна гістарычную канцэпцыю Я. Баршчэўскага можна падаць наступным чынам: на Беларусь прыходзяць чужынцы, якія з дапамогаю подкупу атрымліваюць уладу над асобнымі панамі, пазней нават сялянамі. Беларусы, трапіўшы ў залежнасць ад чужакоў або добраахвотна пайшоўшы да іх на службу, дапамагаюць ім апанаваць увесь край, у якім карэнным чынам змяняецца лад жыцця.
Тагачасная грамадская думка адпавядала гэтай схеме, менавіта так адукаваная частка насельніцтва ўспрымала акт анексіі Расійскай імперыяй часткі Рэчы Паспалітай. Нязгода з новымі парадкамі вымушала патрыётаў краю шукаць і аналізаваць прычыны заняпаду, прапаноўваць шляхі да адраджэння. Якраз гэтую праблему паспрабаваў вырашыць у мастацкім творы Я. Баршчэўскі. Палітычную схему ён ажывіў мастацкімі сродкамі, агітацыйную рыторыку замяніў літаратурнай вобразнасцю, надзённы нацыянальна-ызваленчы змест захінуў формаю прымітыўнае сялянскае гутаркі пераважна на бытавую тэматыку з элементамі народнае фантастыкі.
У большасці апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя – дробныя ці то прыватныя – выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае ўвагу на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.
З’яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Папулярная ў той час форма успамінаў спакусіла паэта паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. Баршчэўскі зноў выкарыстоўвае сродкі і стылістыку дзівоснае народнае фантастыкі, як гэта было ў “Завальні”. Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі прыкладна ў адзін час. Дзеянне ў абодвух адбываецца ў Беларусі. Вось толькі калі ў “Шляхціцы Завальні” гэта 1816–1817 гг. – час развітання галоўнага апавядальніка з родным краем перад далёкім падарожжам “на поўнач”, дык у “Драўляным Дзядку” – сярэдзіна 30-х гг., калі герой пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.
Читать дальше