Стылістыка народнае фантастыкі – неабходны Я. Баршчэўскаму мастацкі прыём. Пісьменнік у тагачасных палітычных умовах быў вымушаны старанна шыфраваць ідэйна-мастацкую сутнасць сваіх твораў, але для чытача ён пакідаў у тэксце ключы дзеля дэшыфроўкі.
Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца вынясенне аўтарам у тытул твора наймення “Беларусь” – назвы, замацаванай некалі царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Падчас стварэння кнігі ў афіцыйных дакументах назву Беларусь выкарыстоўваць ужо забаранялася. Але менавіта Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага – гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі.
Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог адбыцца без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала – гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога – навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. “Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў”, – піша Баршчэўскі.
Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі трох-чатырох стагоддзяў) паказана на старонках “Шляхціца Завальні”: у “Нарысе Паўночнай Беларусі” аўтар згадвае пра “валы, узнятыя чалавечаю рукою”, пра курганы-пахаванні, пра “страшнага волата Княжа”; у раздзеле “Успаміны пра наведванне роднага краю” – пра падзеі 1812 г.; у раздзеле “Думкі самотніка” – пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).
Аднак не на гэтыя фрагменты гісторыі Беларусі скіравана ўвага пісьменніка, бо не яны (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Я. Баршчэўскага цікавіць зусім іншы перыяд гісторыі Беларусі.
Шэраг дэталяў, “раскіданых” у апавяданнях “Шляхціца Завальні” і “Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты”, паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў адзін час. Кропкаю адліку можа быць “Віленскі каляндар на гэты, 1817 год”, падараваны арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-падарожных, шляхціцаў, цыгана “гучалі” ў хаце Завальні на працягу восені 1816 – вясны 1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у першым апавяданні пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: “Гэта быў чалавек не маладых гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны”, а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё юнацтва: “Я быў зусім маладзён”. Тое ж падкрэслівае і “яго таварыш” – наступны апавядальнік: “Калі быў я яшчэ зусім малады”. Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні “Радзімы знак на вуснах”, звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: “Варка памерла” і “Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў”. Тое ж знаходзім і ў апавяданні “Стогадовы стары і чорны госць”: “У маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр”.
Апавядальнікі “Шляхціца Завальні”, пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя звычайна папярэджваюць: “чуў і я ад старых”), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі пяцідзесяцігадовае даўніны, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што адбываліся ў Беларусі ў той час (спецыфіка мастацкага твора і не патрабуе гэтага!), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм Я. Баршчэўскага. Гістарызм гэты асаблівага роду: у прозе пісьменніка адлюстраваны не рэаліі, а дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба вытлумачыць у рамантычна-прытчавай форме пераломны момант у жыцці краю – першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў склад Расіі.
Гістарызм Я. Баршчэўскага – гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-анкрэтнай рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці. Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае.
Читать дальше