Гэтыя і іншыя выпрабаванні доўжыліся да самае поўначы, пасля пачалася гаворка пра развіццё розных навукаў і разгляд твораў нямецкіх ды сучасных польскіх філосафаў; доўга разважалі пра Трантоўскага 199 199 Трантоўскі Браніслаў Фердынанд (1808–1869) – папулярны тагачасны філосаф. У сваіх творах выказваў ідэі месіянізму.
, Быхаўца 200 200 ыхавец Юзаф (1778–1845) – філосаф і літаратар. У сваіх працах развіваў вучэнне Канта ў духу антрапалагічнага ідэалізму.
, Бохвіца 201 201 Бохвіц Фларыян (1794–1856) – філосаф. Выступаў з крытыкаю матэрыялізму і антырэлігійных настрояў. Свае творы выдаваў у Вільні.
ды іншых; найбольш мне запомніліся словы пана Рыльца:
– Я з большым задавальненнем чытаю старажытных грэцкіх філосафаў; яны шчыра шукалі святла праўды, і часам асобным з іх удавалася хоць здалёку ўбачыць прамень вечнага святла. Цяпер, калі нябеснае сонца Евангелля свеціць усяму свету, яны блукаюць у цемры і самі не ведаюць, чаго шукаюць; назвалі чалавечую душу часткаю Бога, а яна ж – стварэнне Божае, як і іншыя ўсе душы.
Гэтыя размовы доўжыліся да позняе ночы, а калі прабіла дзве гадзіны, закончыліся літаратурныя забавы, і мы ўсе разам выйшлі; я адзін вяртаўся дахаты па пустых і цёмных вуліцах, думаючы пра ўсё тое, што бачыў і што чуў.
У часе майго знаходжання ў Адэсе я яшчэ некалькі разоў наведваўся ў дом пана Рыльца, бо мяне цешыла ягоная таварыскасць і вучоныя размовы; калі перад выездам з горада я прыйшоў да яго апошні раз, каб развітацца ды падзякаваць за ласку, ён, даючы мне дзве бутэлечкі са спіртавым настоем, дзве з алеямі, некалькі сваіх парашкоў, перасцярог:
– У цябе цяпер воды Гайнара і ўсё, што патрэбна для даследавання прыроды – уваскрашай жа мінуўшчыну, выклікай з магілаў памерлыя істоты; вывучай таямніцы ўсіх мінулых стагоддзяў і цяперашняга свету, – і ўсюды ўбачыш цуды, якія іншым і не сніліся; убачыш руку Творцы, але не пераступай межаў, не даследуй дух, бо тут патрэбна вышэйшая сіла, тут патрэбна яснабачанне; не забывай, што ты чалавек, не аддаляйся ад свайго цела без волі Таго, хто цябе з ім злучыў, і вокам твае душы не ўзірайся ў іншую душу, якая створана, як і твая.
Зяноне! Я не паслухаўся, пакінуў без увагі гэтыя перасцярогі, зрабіў інакш; той скарб, які ёсць у мяне, тую моц каляровых водаў я выкарыстаў на іншае; я забыўся пра мінулае і пра будучае, хацеў ужо сёння быць у раі ў гэтым жыцці, на гэтай зямлі хацеў бачыць Духа ў постаці анёла; я пазнаў Адэлю, яна стала для мае душы тым богам, тым ідэалам, якога шукаў на гэтым свеце; блукаючы ў стэпах і па дзікіх скалах на беразе Цецерава, думаў я пра яе, пра яе марыў; душа мая без яе спакойнаю быць не можа, я аддзяліўся ад цела, забыўся пра сваё цела, забыўся і пра зямное жыццё, – загубіў сябе. Зяноне, у далёкім краі, калі хто з маіх даўніх знаёмых запытаецца пра мяне, скажаш, што жыве, ды жыццё яго жахлівае. Але і сам я хутка пакіну гэты край ды пакіну гэтае чужое цела дзе-небудзь на чужой зямлі.
Саматніцкі замаўчаў; Зянон пазіраў на яго з жалем у сэрцы; не мог нагадаць яму пра надзею, бо ягоная надзея згасла назаўсёды; паабяцаў толькі выканаць тое, што ён прасіў, і зноў выправіўся ў падарожжа.
Пасляслоўе
Адзін з пачынальнікаў Новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі значную частку свайго жыцця пражыў у Пецярбургу. З далёкай паўночнай сталіцы ён здолеў убачыць Беларусь.
Увасабленнем любові да роднага краю стаў літаратурны твор – зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаны па-польску дзеля адукаваных землякоў, пазнаёміць якіх з філасофіяй ды гісторыяй свайго народа і меў на мэце аўтар.
Год нараджэння Я. Баршчэўскага, нягледзячы на шматгадовыя намаганні даследчыкаў, высветліць пакуль не ўдалося. У навуковых працах сустракаем і 1790, і 1794, і 1796. Паходзіў Я. Баршчэўскі з беднай беларускай шляхты. Яго бацька быў уніяцкім святаром у Марогах (сёння – Мурагі Расонскага раёна), невялічкай вёсцы (засценку) на беразе Нешчарды. З дзяцінства будучы літаратар выхоўваўся пад уплывам езуітаў, якія апекаваліся уніяцкаю царквою і давалі адукацыю уніяцкім светарам. Я. Баршчэўскі таксама апынуўся ў Полацкай езуіцкай калегіі. Дапамогі ад бацькоў ён не меў, дык мусіў зарабляць на жыццё і вучобу, выхоўваючы дзяцей заможных гаспадароў. Там, у калегіі, выславіўся Я. Баршчэўскі як паэт, вершапісца. Тры яго юначыя творы па-беларуску (вершы “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?” і “Гарэліца”, а таксама гутарка “Бунт сялян”) захаваліся і былі надрукаваны ў 40-я гг. ХІХ ст.
Читать дальше