Кін выняў з бочкі граблі і прыставіў да сцяны.
— Разумеецца, — сказаў ён. — Аб населенасці Сусвету, аб сацыяльным ладзе, аб войнах і міры… Выбачайце, Ганна. Я нічога не магу вам адказаць. Хоць, спадзяюся, сам факт майго прылёту сюды ўжо аптымістычны. І тое, што мы можам займацца такой дзіўнаю справай, як пошукі старажытных мудрацоў…
— Гэта нічога не даказвае. Можа, вы займаецеся пошукамі мозгу не ад добрага жыцця.
— Пры кепскім жыцці не хапае энергіі і часу на такія заняткі. А што належыць да недахопу геніяў… У веснічках паказаўся дзед Генадзь са збанком.
— Добры дзень, — сказаў ён, быццам не заўважаючы Кіна, які стаяў да яго спіною, — ты чаму па малако не прыйшла?
— Пазнаёмцеся, — сказала Ганна. — Гэта мае знаёмыя прыехалі.
Кін марудна павярнуўся.
Раптам і неяк дзіўна ў Кіна змяніўся твар. Ён выцягнуўся, скура абвісла, сабралася ў маршчыны; здавалася, ён адразу пастарэў гадоў на дваццаць.
— Генадзь… прабачце, не памятаю…
— Проста Генадзь, дзед Генадзь. Якім ветрам? А я вось учора яшчэ Ганне казаў: рэстаўратар Васільеў, чалавек вядомы, абяцаў мне, што не пакіне без увагі нашы мясціны, з прычыны гістарычнага інтарэсу. Але не чакаў, што так хутка.
— Ага, — ціха сказала Ганна. — Зразумела, Васільеў. Вядомы рэстаўратар з Ленінграда.
І ў гэтым, калі ўдумацца, не было нічога дзіўнага: вядома, яны бывалі тут раней, вынюхівалі, шукалі месца сваёй машыне. Сур'ёзныя людзі, вялікія стаўкі. А вось недаацанілі дзедавай страсці да гісторыі.
— І надоўга? — спытаўся дзед Генадзь. — Зараз да мяне пойдзем, гарбаты пап'ём. Як там сям'я, як супрацоўнікі? А я ўжо невялікі музей сабраў, некаторыя рэчы маюць навуковы інтарэс.
— Абавязкова, — усміхнуўся Кін чароўнай грымасай стомленага ад пастаяннай рэстаўрацыі, ад пошукаў і знаходак вялікага чалавека. — Але мы ненадоўга, праездам. Ганну праведалі.
— Праведалі, — рэхам адгукнулася Ганна.
— Правільна, — згадзіўся дзед, улюбёна гледзячы на свайго куміра, — я зараз свой музей сюды прынясу. Разам паглядзім і выслухаем вашы парады.
Кін раптам адрасаваў Ганне ўмольны позірк: ратуйце!
— Не за так, — дала знаць Ганна толькі губамі, адвярнуўшыся ад пільнага дзеда. — Мы пасля зойдзем, — сказала яна. — Разам зойдзем, не трэба музей сюды несці, можна пагнуць што-небудзь ці зламаць…
— Я асцярожна, — сказаў дзед. — Вы, пэўна, разумееце, што мой музей пакуль што не вельмі вялікі. Я некаторыя рэчы на месцах пакідаю. Адзначаю і пакідаю. Мы з вамі павінны на пагорак схадзіць, там я знайшоў дужа цікавы крыж, увесь у карункавай разьбе, належаў купцу другой гільдзіі Сумарокаву, жонка і чада яго надта скрушна тужылі ў вершах.
Ганна зразумела, што і яна бяссільная перад націскам дзеда. Паратунак прыйшоў нечакана. У сенцах зарыпела, дзверы адчыніліся. З'явіўся Жуль у скуранцы. Твар знявечаны палавецкімі вусамі.
— Цярэнцій Іванавіч, — сказаў ён шафёрскім голасам, — праз пятнаццаць хвілін едзем. Нас чакаць не будуць. — Ён спагадліва кіўнуў дзеду Генадзю, і дзед разгубіўся, таму што ад Жуля павявала ўпэўненасцю і непарушнасцю занятага чалавека.
— Так, безумоўна, — згадзіўся Кін. — Пятнаццаць хвілін.
— Паспеем, — сказаў дзед хуценька. — Паспеем. Паглядзім. А машына няхай да мяне пад'едзе. Дзе яна?
— Там, — няпэўна махнуў рукою Жуль.
— Зразумела. Значыць, чакаем. — І дзед з адчайным натхненнем павёў да веснічак рэстаўратара Васільева, сумніцельнага чалавека, якому Ганна мела неасцярожнасць амаль што паверыць.
«Цікава, як вы цяпер выблытаецеся?» Ганна глядзела ім услед. Дзве постаці — маленькая, у капелюшы, дажджавіку, і высокая, у джынсах і чорным світэры, — хутка ішлі па схіле. Дзед размахваў рукамі, і Ганна ўявіла сабе, з якім імпэтам дзед выкладае звесткі, што бязмерна напаўнялі яго.
Яна павярнулася да ганка. Жуль рукою трымаўся за доўгія вусы.
— Я ўпэўнены, што ўсё рухне, — паведаміў ён. — Другая накладка за два дні. Я разнясу групу падрыхтоўкі. Па нашых звестках, дзед Генадзь павінен быў на два тыдні з'ехаць да сына.
— Маглі ў мяне папытацца.
— Кін паводзіў сябе як хлапчук. Не заўважыць старога. Не паспець прыняць ніякіх мер! Траціць хватку. Ён вам расказаў?
— Часткова, мой далёкі прашчур.
— Не можа быць, — сказаў Жуль. — Я ўважліва падбіраў продкаў.
— Грэбуеце?
— Асцерагаюся настырных дзяўчат.
— Што ж будзе далей?
— Будзем выручаць, — сказаў Жуль і нырнуў у дзверы.
Ганна прысела на парог, адпіла са збанка — сырадой быў яшчэ цёплы, духмяны. Паказаўся Жуль.
Читать дальше