Яна села і прыкрыла свае плечы ручніком.
— Мы павінны пачаць сёння, — сказаў Кін. — Кожная хвіліна каштуе шалёныя грошы.
— Дык не трацьце іх дарэмна.
— Мяне цешыць толькі тое, што дзяўчына вы разумная. І водгукі пра вас у інстытуце давалі станоўчыя. Праўда, вы свавольніца…
— Вы і да інстытута дабраліся?
— А што рабіць? Вы — непрадугледжаны фактар. Наша віна. Дык вось, мы жывём не тут.
— Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?
— Мы жывём у будучыні.
— Якая любата! А ў чамаданах — машына часу?
— Не іранізуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цікавіць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапіць туды, мы вымушаны зрабіць прыпынак менавіта тут.
— Я заўсёды думала, што вандроўнікі ў часе — народ патаемны.
— Паспрабуйце падзяліцца гэтай тайнай з сябрамі. Мяркую, што яны вам не павераць.
Кін адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, і адразу павеяла халадком.
— А чаму я павінна вам паверыць? — спыталася Ганна.
— Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзі. Гэта даволі неверагодна, каб прымусіць вас хоць бы задумацца.
Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэнні.
— І ў якім жа вы жывяце стагоддзі?
— Лагічнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзі на гэтым вось пагорку стаяў невялікі горад Замошша. Лапік у стракатай коўдры Русі. На ўсход ляжалі землі Полацкага княства, з захаду і поўдня жылі жамойты, леты, самагіты, яцвягі, літоўцы і іншыя плямёны і народы. А яшчэ далей на захад пачыналіся ўладанні нямецкага ордэна мечаносцаў.
— Вы археолагі?
— Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.
— Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлічыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранікаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнік?
— Не, ён геній.
— А вы адкуль ведаеце?
— Гэта наша спецыяльнасць — шукаць геніяў.
— А як яго звалі?
— Яго імя — Раман. Баярын Раман.
— Ніколі не чула.
— Ён рана загінуў. Так падае летапіс.
— Можа, летапісцы ўсё прыдумалі?
— Летапісцы шмат чаго не разумелі. І не маглі прыдумаць.
— Што, напрыклад?
— Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня… Гэта быў універсальны геній, які апярэдзіў свой час.
— І вы хочаце, каб ён не загінуў, а прадаўжаў працаваць і вынайшаў яшчэ і мікраскоп? А хіба можна ўмешвацца ў мінулае?
— Мы не будзем умешвацца. І не будзем перайначваць яго лёс.
— Што ж тады?
— Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерці. Гэта не паўплывае на ход далейшых гістарычных падзей. Зразумела?
— Н-не вельмі. Дый навошта гэта вам?
— Самае каштоўнае на свеце — мозг чалавечы. Геніі бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка…
— Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнік можа вынайсці порах.
— Памыляецеся. Чалавечы мозг быў і застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькі ўзровень адукацыі. Сёння вынаходніцтва пораху не выпадзе на долю генія. Сённяшні геній павінен вынайсці…
— Машыну часу?
— Скажам, машыну часу… Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходніка кола або пораху.
— А навошта вам вынаходнік пораху?
— Каб ён вынайшаў штосьці новае.
Воблакі, высокія, цёмныя пад сподам, вызвалілі сонца, і яно зноў асвяціла бераг. Аднак колер яго змяніўся — стаў трывожны і белы. І тут жа хлынуў дождж, пачаў лупіць па чароце, па траве. Ганна схапіла кніжку і, прыкрываючы галаву ручніком, кінулася пад яблыню. Кін тут жа дагнаў яе, і яны прыціснуліся спінамі да шурпатага дрэва. Кроплі лопалі па лісці.
— А калі ён не захоча? — спыталася Ганна. Кін нечакана засмяяўся.
— Вы мне амаль паверылі, дарагая Ганна, — сказаў ён.
— Выходзіць, не трэба было верыць? — Яе твар, які звужаўся да ямкі на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за раніцу, і ад гэтага валасы здаваліся яшчэ святлейшымі.
— Гэта добра, што вы паверылі. Мала хто можа пахваліцца такім непасрэдным успрыманнем.
— Такая я, відаць, дурніца.
— Наадварот.
— Добра, дзякую. Вы ўсё-такі лепш скажыце, навошта вам шукаць генія ў трынаццатым стагоддзі? Што, бліжэй не знайшлося?
— Па-першае, геніяў мала. Вельмі мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павінен быць нестары, бо з гадамі ўскладняецца праблема адаптацыі, і, галоўнае, ён павінен прапасці выпадкова або трагічна… без следу. На пахаванні Леанарда да Вінчы прысутнічала шмат людзей.
Читать дальше