Быць на кухні доўга яна не магла. Таму Ганна падпаліла ў пліце, паставіла чайнік і, статная, строгая і халодная, выйшла ў сенцы.
Там стаяла шэсць скрынак і чамаданаў, адзін чамадан быў адчынены, і гусар Жуль у ім капаўся. Пачуўшы яе крокі, ён зачыніў вечка, буркнуў: «Добрай раніцы». Відавочна, непрыязнасць была ўзаемная, і гэта яе нават падбадзёрыла.
— Добрай раніцы, — павіталася Ганна. — Вы яшчэ тут?
Кін увайшоў з вуліцы. Мокрыя валасы прыляпіліся да лба.
— Выдатная вада, — паведаміў ён. — Даўно так добра не купаўся. Вы маеце намер акунуцца? І чаго гэта ў яго такі добры настрой?
— Не, — сказала яна. — Лепш я схаджу па малако.
— Схадзіце, Ганна, — сказаў дружалюбна Кін. Ён паводзіў сябе не зусім правільна.
— Ці збіраецеся вы выязджаць? — спыталася яна недаверліва.
— Не, — адказаў Кін. — Мы тут будзем.
— А вы не баіцеся, што я паклічу на дапамогу?
— Вы гэтага не зробіце, — усміхнуўся Кін.
— Яшчэ як зраблю! — абурылася Ганна. І накіравалася да выхаду.
— Посуд вазьміце, — сказаў ёй услед гусар. — У вас грошы ёсць?
— Не патрэбны мне грошы. — Ганна ляпнула дзвярыма, выйшла на ганак. Посуд ёй таксама быў не патрэбны. Ішла яна не па малако.
У люстэрку ракі гулялі сонечныя бліскаўкі, непадалёку ад ручая ў лагчыне вісеў клубок туману, сонца было такое цёплае і пушыстае, што здавалася, можна было ўзяць яго ў далоні і пагладзіць.
Дзверы ззаду ляпнулі, выйшаў Кін з каструляю і пісьмом.
— Ганна, — сказаў ён бацькоўскім голасам, — вам пісьмо.
— Ад каго? — спыталася Ганна, пакорна беручы каструлю.
— Ад вашай цёткі, — сказаў Кін. — Яна пажадала перадаць…
— Чаму ж вы не паказалі яго ўчора?
— Мы атрымалі яго сёння, — адказаў Кін.
— Сёння? А дзе ж ваш верталёт?
— Ваша цётачка, — не звярнуў увагі на сарказм Кін, — адпачывае ў Крыме і прасіла перадаць вам шчырае прывітанне.
Ганна перахапіла каструлю пад паху, разгарнула ліст.
«Ганулька! — было напісана там. — Кін Уладзіміравіч і Жуль пра ўсё са мною дамовіліся. Ты іх не крыўдзі. Я ім вельмі абавязана. Няхай пажывуць у хаце. А ты, калі хочаш, у дзеда Генадзя. Ён не адмовіць. Мы з Міленай даехалі добра. Пруцікаў сустрэў. Надвор'е стаіць цёплае. Магда».
Кін стаяў, панурыўшы галаву, і сачыў за Ганнай.
— Лухта, — сказала яна. — Гэта вы самі напісалі.
— І пра Мілену мы напісалі? І пра Пруцікава?
— Колькі вы ёй заплацілі?
— Колькі яна папрасіла.
Цётка была карыслівая, і калі перад яе носам цвялілі пачкам сторублёвак… Але як яны гэта ўсё ўладзілі?
— Сёння ўранку? — перапытала Ганна.
— Ага. Мы тэлеграфавалі нашаму сябру ў Крым учора ноччу. На досвітку пісьмо было дастаўлена сюды самалётам.
Пісьмо як пісьмо, з маркай, але без штэмпеля.
— У вас і рацыя ёсць? — спыталася Ганна.
— Вам дапамагчы перанесці рэчы? — запытаўся Кін.
— Не спадзявайцеся, — сказала яна. — Я не здамся. Мне пляваць, колькі лістоў вы там яшчэ панавалакаеце ад маёй цёткі. Калі вы паспрабуеце мяне забіць ці выгнаць сілаю, я буду супраціўляцца.
— Ну навошта так, — пакрыўджана сказаў Кін. — Наша праца, на жаль, не церпіць адкладу. Мы просім вас вызваліць гэтую хату, а вы паводзіце сябе як дзіця.
— Таму што я зняважаная, — сказала Ганна. — І ўпартая.
— Мы імкнёмся не прыцягваць да сябе ўвагі, — растлумачыў Кін.
Вочы яго сталі сумныя; калі ён прытвараўся, то атрымалася гэта цудоўна.
— Вы ўжо заўважаныя, — сказала Ганна. — І вам больш нічога не застаецца, як паведаміць мне, чым вы тут збіраецеся займацца.
— Можа быць, вы ўсё ж такі паедзеце? Паверце, гэтак усім будзе лепш.
— Не, паразважайце, а я пайшла купацца. І не ўздумайце выкідаць мае рэчы або замыкаць дзверы.
Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, і калі б не Ганніна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзіну ракі, заўважыла, як далёка аднесла яе ўніз цячэннем, павярнула назад і страціла хвілін пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакінула ручнік і кніжку.
Ганна выбралася на траву і легла на ручнік. Як назло, нічога добрага з гэтага не выйшла — наляцела некалькі нахабных сляпнёў, і настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.
— Прабачце, — сказаў Кін, сядаючы побач на траву.
— Я вас не клікала, — буркнула Ганна.
— Мы параіліся і вырашылі вам сёе-тое расказаць.
— Толькі не маніць, — сказала Ганна, насцярожыўшыся.
— Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.
— Цудоўны пачатак.
Кін з размаху пляснуў сабе па шыі.
— Сляпні, — сказала Ганна. — Тут, напэўна, каровы пасуцца.
Читать дальше