— Усім стаяць на месцы і не рухацца! — сказаў Снайпер.
Але было, мусіць, занадта позна. Падпалены Пазняк і размазаныя мазгі Чыпушылы зрабілі сваю справу. За Чыпушылай, у сляпой надзеі на выратаванне, пакідалі свае загваздкі Підар, Свістуля і Грыша.
— Стаяць! — не стрымаўся і крыкнуў Снайпер.
Магчыма, толькі гэтае слова выратавала Дзяніса ад спробы кінуць загваздку і ўцячы з імі. Ён заплюшчыў вочы і з усёй моцы сціснуў яе ў сваіх руках. Таму што ў наступную хвіліну, кінутыя на падлогу загваздкі гаротнай троіцы, на вачах ва ўсіх падняліся ў паветра і стрэламі ўсадзіліся ў іх целы. Грыша паспеў толькі прастагнаць. Дзяцел пачаў адыходзіць назад, рукі яго моцна затрэсліся і ён натуральна зарыдаў, выпусціўшы загваздку з рук, і ўкленчыў. Гаротна закрыў далонямі вочы і расплакаўся. Дзяніс ніколі не чуў, як мужчыны плачуць у адчаі. Аднак плач яго прыглушыў тупы гук загваздкі, якая мязнула Дзятла па чэрапу, размажджэрыўшы яго галаву. Ласун і Гестапа запанікавалі і разам пабеглі ў другі бок ад канвеера. Больш іх ніхто не бачыў, ні крыкаў, нічога…
— Усім стаяць, — прашаптаў Снайпер, апусціўшы галаву.
Услед за Грышай канвеер выдаў чарговы пранізліва-рыпучы гук, ад чаго па скуры Дзяніса прабеглі мурашкі. Гук нагадваў адчайдушны лямант параненага звера, якога напаткалі знянацку. Дзяніс з хвіліны на хвіліну чакаў, што агністая рука зацягне яго ў пякельнае вогнішча і не адразу зразумеў аб перамозе, напружыўшыся і, заплюшчыўшы вочы. Толькі крык Пазаліні: “Мы зрабілі гэта!” дапамог яму авалодаць сабой.
Канвеерная стужка была дэстабілізавана. Рупар знаходзіліся ў поўным ступары, Пазаліні мацюкаўся самымі кепскімі словамі, а Снайпер зачаравана глядзеў на агорнутую полымем першую ветку. Недалёка ад іх, распластаўшыся на падлозе, у калюжы крыві, ляжаў прадзіраўлены Підар і Свістуля з Грышай. Дзяніс не разумеў, якая сіла прымусіла яго застацца на месцы, нібы гэта было і не яго цела. А потым ён закрычаў, простым дзікім крыкам, магчыма, так, як крычалі першабытныя людзі, заваліўшы маманта. Яго крык разляцеўся па усім цэху, прымусіўшы скалануцца ўсіх жывых.
Калі рука Снайпера лягла яму на плячо, ён спыніўся, адчуваючы, як моцна запякло ў горле.
— Адыходзім, — сказаў Рупар.
Дзяніс зачыніў дзверы і ўбачыў збялелых жанчын, якія прыціснуліся адна да адной, сярод іх самай напужанай здавалася Курва. Снайпер адразу падышоў да жанчын і неразборліва аб чымсьці спытаў. Жанчыны пачалі пераглядацца і ажыўленна міргаць вачыма. Неўзабаве Снайпер расмяяўся і паглядзеў на ацалелых. Аднак у яго вачах Дзяніс выразна прачытаў трывогу. Заставалася самае складанае, і па Снайперу было бачна, што цяпер ён і сам ня быў ўпэўнены, здолеюць яны дабрацца да даху, ці не. І тады Снайпер ляпнуў сябе па сцёгнах — так, звычайна, робяць людзі, якія ўрэшце прынялі канчаткова рашэнне.
— Эдзік, Палыч, мне спатрэбіцца ваша дапамога.
Рупар з Пазаліні пераглянуліся і нічога не адказалі. Яны разумелі, што без іх дапамогі Снайперу і Дзянісу ніяк не дабрацца да канчатковай мэты, але з другога боку яны вельмі, і гэта было відавочна, не хацелі выходзіць за дзверы. На гэта ніхто не звярнуў увагі і самі мужыкі спрабавалі не падаваць выгляду. Яны стаялі ў чаканні, калі Снайпер аддасць загад выходзіць.
— А вы сядзіце тут, — сказаў ён жанчынам, — і што б не здарылася, ні ў якім разе не выходзьце адсюль, толькі гэта будзе гарантыяй вашага жыцця і бяспекі.
Як толькі Дзяніс усвядоміў, што гэта апошнія словы Снайпера перад адпраўленнем на дах, рукі яго затрэсліся. Ён не ўяўляў сябе на крохкай вентыляцыі на вышыні дваццаці метраў. Немагчыма. Але больш за ўсё Дзяніса бянтэжыла тое, што ад яго будзе залежыць жыццё астатніх.
— Ну, што ж, пайшлі, — сказаў Снайпер і Дзяніс зразумеў: адступаць назад позна.
Яны ізноў выйшлі ў цэх і кожны адчуў подых небяспекі. Дзяніса кінула ў пот. Бязмоўе першай веткі і дым, які зыходзіў ад яе стужкі на фоне гуду астатніх канвеераў, надаваў ей прыхаваную пагрозу.
Снайпер падаў знак і ўсе разгрупаваліся па сваіх месцах. Потым ён асцярожна паставіў нагу на канвеер і трывала стаў на яго паверхню. Хвіліну пастаяў, пераканаўшыся, што канвеер канчаткова бяздзейнічае і кіўнуў Дзянісу падымацца. Дзяніс недаверліва паглядзеў Снайперу ў вочы, працягнуў яму рукі і хутка апынуўся побач з ім. Рупар і Пазаліні залезлі наступнымі. Канвеер па-ранейшаму не падаваў ніякіх прыкмет руху і гэта, безумоўна, абнадзейвала. Гумовая канвеерная стужка, якая расплавілася ад высокай тэмпературы пад час пажару, цяпер нагадвала астылую лаву, якая прыліпала да абутку.
Читать дальше