— …Малады чалавек?!.. З вамі ўсё ў парадку?!.. — Дзяніс прачнуўся ад штуршкоў у плячо, прадраў вочы і ўбачыў перад сабой тую жанчыну, якую пераважна нядаўна напалохаў сваім позіркам.
— Што здарылася? — спытаў ён, аглядаючыся па баках.
— Вас трэсла, нібы ў ліхаманцы, — трывожна сказала яна.
Дзяніс сцёр з ілба буйныя кроплі поту.
— Усё добра, я трохі ператаміўся, дзякуй, — паспрабаваў супакоіць яе Дзяніс.
Жанчына разгублена адышла на сваё месца і толькі цяпер ён убачыў, што акрамя іх у аўтобусе нікога не было. Па шкле гідка барабаніў дробны дождж, а ў небе пачало пабліскваць. І Дзяніс падумаў, што фінал для сённяшняга дня быў больш чым самы падыходны.
Тым часам аўтобус набліжаўся да заводу. Каля прыпынку ён выпусціў Дзяніса, гучна зачыніў за сабой дзверы і хутка паехаў прэч, нават занадта хутка.
Апынуўшыся тварам да твару з заводам лядоўняў, Дзяніс звярнуў увагу на незвычайную цішыню, якая лунала ў прахалодным паветры: не было чуваць ні машын, ні людзей і толькі над прахадной, пад штучным зямным шарам сіняга колеру ў начной цемені яскрава зеўраў надпіс “Тытан”. Каб не намокнуць, Дзяніс хуткімі крокамі ўзышоў па прыступках, прайшоў каля фантана з такім жа штучным шарам і падышоў да галоўных дзвярэй. Яны, як заўжды, самастойна расчыніліся і знутры на яго патыхнула цеплынёй. Магчыма, упершыню Дзянісу захацелася зайсці ўнутр, што ён ахвотна і зрабіў.
Прахадная аказалася пустой. У вахцёрскай кабінцы нікога не было, як нікога не было і вакол. Ён падышоў бліжэй да прапускнога пункта і як кожны ў такой сітуацыі вырашыў пачакаць. Праз пяць хвілін нічога не змянілася. Праз дзесяць усё заставалася па-ранейшаму. Дзяніс паглядзеў на гадзіннік, што вісеў на сцяне за кабінай — да пачатку трэцяй змены заставалася дзесяць хвілін. Ён пагукаў прахадную басавітым “гэй”, але пачуў толькі ўласнае рэха. Першае, што прыйшло яму ў галаву, было ўспрынята з ноткай радаснага натхнення — канвеер зламаўся, завод зачынены, а гэта значыць — можна паварочваць назад. Аказія! Палягчэнне надышло імгненна і каб захаваць яго салодкі водар, Дзяніс вырашыў не губляць часу.
Ён развярнуўся і пайшоў да выхаду. У гэты момант за яго спінай пачуўся ляскат. Дзяніс рэзка азірнуўся і ўбачыў тое, ад чаго яго сэрца схапіла ў ціскі — турнікет быў адчынены.
“Значыць за мной сочаць, — падумаў ён, — тыпа праверка на вашывасць, маці вашую”.
Прыйшлося вяртацца зваротна. Новыя метады пропуску на тэрыторыю заводу яго зусім не ўразілі.
На іншым баку прахадной Дзяніса адразу абцяжарыла пачуццё назойлівай неабходнасці працаваць, але голас з глыбіняў яго розуму падштурхоўваў наперад: “Хутчэй!”
І ён пайшоў. У які ўжо раз падняўся на другі паверх і зайшоў у гардэроб. Цішыня была мёртвай. Па скуры Дзяніса прабегла першая дрыготка і адначасова з’явілася падазронасць.
“Што за чорт?!” — падумаў ён. — Дзе падзеліся людзі?”
І перад тым, каб зрабіць крок наперад, Дзяніс выгукнуў:
— Ёсць тут хто жывы?! Людзі?!
Голас разнёсся па ўсім гардэробе. Ад гэтага яму стала жудаснавата. А яшчэ ўчора тут стаяла гамана і зычныя галасы мужыкоў насычалі гэтыя сцены жыццём. Прынамсі, учора была гардэробніца, яна сядзела ў сваёй каморцы і лузгала семечкі, праз адчыненыя дзверы было бачна, як яна п’е гарбату і чытае газету. Дзяніс пайшоў у той бок і ўзяўся за дзвярную ручку — зачынена. Гэта ўжо пераходзіла ўсялякія межы. Яму зноў захацелася павярнуцца зваротна і сысці, проста збегчы адтуль прэч, але адчуванне працоўнага абавязку нястомна вабіла яго, прымушаючы ісці да канца. І, бадай, адзінае, што супакойвала страх, які пачынаў нараджацца ў яго душы, быў гардэробны смурод — самы натуральны і нязменны ў дзіўным арэоле таго, што адбывалася вакол.
Дзверцы нумарнога шафіку паддаліся лёгка. Дзяніс дастаў робу і ў гэты раз вырашыў не марудзіць.
“Трэба схадзіць на канвеер, калі ўжо і там нікога не будзе, значыць я сапраўдны ёлуп. Падумаць толькі, адзін з усяго заводу выйшаў на змену. Аднак чаму майстар Прошын не папярэдзіў мяне?” — усё гэта вярцелася ў яго галаве, пакуль ён пераапранаўся.
Ужо спускаючыся па лесвіцы, Дзяніс успомніў, што пакінуў у джынсах мабільны тэлефон. Прыйшлося вярнуўся назад. Менавіта тады ён і стаў сведкам чарговай дзіўнасці. Дзверы гардэроба аказаліся наглуха зачыненыя. Хвіліну ці больш Дзяніс знаходзіўся ў ступары. Менш усяго ён хацеў бы стаць героем фільма Дэвіда Лінча. Прыйшоўшы ў сябе, Дзяніс нерашуча пагрукаў у іх.
— Адчыніце, калі ласка, — звярнуўся ён невядома да каго. — Я забыў тэлефон.
Читать дальше