Коля вытрымаў невялікую паўзу, паглядзеўшы, як хлопцы, паадчыняўшы раты, чакалі працягу гісторыі і выгукнуў:
— І як дам яму з калена па зубах, што аж іскры пасыпаліся, сур’ёзна! Ён, канечне, зваліўся на глебу і заскавытаў, як шчаня. Я маментальна абмацаў яго па кішэнях, знайшоў спачатку вадзіцельскае пасведчанне, потым дастаў і кашалёк, а ў ім, каб вы ведалі — пяць сотняў “грыноў”.
— Шкада, — цмокнуў Лысы, — я думаў ты ўсё ж дасі яму адсмактаць.
— Ды пайшоў ты, прыдурак! — гыркнуў Коля і піхнуў Лысага ў грудзі. Дзяніс з Жорыкам адразу перахапілі абодвух.
— Скажы мне яшчэ што-небудзь, крэтын! — крыкнуў з-за спіны Дзяніса Коля. У адказ Лысы, за спінай Жорыка, паказаў непрыстойны жэст языком за шчакой.
Праз некаторы час яны супакоіліся, але засталіся стаяць на адлегласці паміж хлапцамі.
— А што ты зрабіў з грашыма? — для разрадкі канфлікту спытаў Дзяніс.
— Сотню ў той жа вечар прапілі, а астатнія чатыры сабе пакінуў.
Потым падышоў Міха, следам за ім і Ілля з бутэлькай піва. Хлопцы павіталіся. Яны таксама былі падшафэ.
— Што нахмураныя такія, яшчэ не паспелі ўляпіць? — звярнуўся да ўсіх вясёлы Міха.
— Зараз я камусьці паміж вачэй уляплю! — чырванеючы, прашыпеў Коля.
— Стоп-стоп, — пачаў суцішаць яго Дзяніс, разумеючы, што зараз можа адбыцца выбух небывалай агрэсіі.
— А ты што вякаеш, талапень, табе таксама захацелася?! — Коля быў не на жарт раззлаваны.
— Калян, супакойся!
— Не выводзь мяне, Дзёня!
Дзяніс сумеўся і ўсе астатнія адчулі сябе прыгнечанымі. Аднак у ролі арбітражу выступіў усё той жа Дзяніс, хутка змяніўшы тэму.
— А Кірыл дзе? — спытаў ён у Міхі.
— Кірыла не будзе, ён паехаў у свае Дрысвяты, — адказаў, спахмурнеўшы Міха.
— Як заўжды, наш барабаншчык толькі на рэпы да нас ходзіць. З ім не пагаварыць і не выпіць…
— Галоўнае, каб у бас-бочку грукаў, — сказаў Ілля.
Адбылася кароткатэрміновая паўза.
— Ну і як ваш гурт? — пацікавіўся Лысы.
— Выдатна, толькі музыканты граць ня ўмеюць, — падагульніў Міха.
— Ой, слухай, хто б казаў! — абурыўся Дзяніс.
— Ды годзе вам ужо, усе мы іграць ня ўмеем, — заўсміхаўся Ілля.
— Добры, я бачу, у вас гурт, — прасіпеў Жорык.
— Панкі галімыя, — буркнуў Коля, — шансон трэба слухаць, вось у мяне на мабіле класная тэма ёсць.
Коля дастаў з кішэні мабільнік і ўключыў Круга. Усе зрабілі выгляд, што слухаюць, каб, не дай Божа, пакрыўдзіць Яго Вялікасць гопніка з Малінаўкі.
Праз колькі часу да ўніверсітэту падышлі Андрэй з Сяргеем, Юрась, Косця і Лёня (у побыце празваны Кіслотнікам). Дарэчы, гэтую мянушку ён атрымаў ад Андрэя. Справа ў тым, што ў юначыя гады Лёня практыкаваў на сабе ўжыванне разнастайных галюцынагенаў, асаблівую ўвагу надаючы фенабарбіталу.
Банда з адзінаццаці чалавек была ў зборы і рушыла ў найбліжэйшую краму, якая знаходзілася ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Узялі мінімальна: сем бутэлек гарэлкі, напою “Сняжок” і батон з маянэзам; Дзяніс купіў пачак чыпсаў. Потым на выхадзе вырашалі куды пайсці. Аднагалосна пагадзіліся накіравацца да ўніверсітэцкага стадыёну. Дзень быў цудоўны і гэта было, бадай, найлепшым месцам для распівання алкаголю. Вакол стадыёна раслі каржакаватыя клёны, а каля сцяжынак, якія праходзілі паміж імі, меліся старыя, аблезлыя лаўкі.
Да стадыёну ішлі па купках, кожны ў сваёй міні-кампаніі, якая знайшла агульную тэму для гутаркі. У пакетах бразгаталі бутэлькі і прахожыя міма людзі разумелі, што хлопцам сёння будзе весела.
Горад патанаў у салодкай млявасці, а ў паветры адчуваўся водар ліпы ўперамешку з машынным палівам і людскім потам. Але не зважаючы на такі экстравагантны сінтэз, паветра гэтае хацелася прагна ўдыхаць. У Дзяніса аж апетыт з’явіўся.
На стадыёне аказалася амаль бязлюдна, не ўлічваючы пары смаркачоў, якія ганялі мяч па полі, уздымаючы на ім клубы пылу. Далей, непасрэдна, куды імкнуліся хлопцы, па сцяжынках кляновага масіва, праходзілі людзі: хтосьці выгульваў сабаку, а хтосьці проста шлындаўся без справы. Знайшоўшы прыдатную лаўку ў засені пад галінамі старога клёну, хлопцы разбілі свой лагер. Адтуль адчыняўся добры від на стадыён і на ПТВ, якое размяшчалася побач. Часам, хлопцам выпадала гуляць у футбол з тутэйшымі пэтэвушнікамі. Пэтэвушнікі, часцей, прайгравалі, матывуючы гэта тым, што самыя лепшыя гульцы не прыйшлі і таму… Смешна было слухаць, калі прадставіць, што ў футбол гуляў Дзяніс і астатнія персанажы тыпу Міхі і Іллі.
Разліваў па традыцыі Андрэй, як самы старэйшы, яму той вясной споўніўся дваццаць адзін год. Усе пабралі пластыкавыя шкляначкі і, атрымаўшы першыя пяцьдзесят грам, без асаблівага тоста ўжылі гарэлку. Па нутры расцяклася пякучая вадкасць, паступова развязваючы хлапцам языкі.
Читать дальше