шумавое рэха…
бясформенная маса…
выбух…
зараджэнне гамункулуса…
матэрыялізацыя…
Канвеер!
Канвеер!
КАНВЕЕР!
У галаву лезла Бог ведае якая лухта. Дзяніс і сам не мог растлумачыць адкуль браўся гэты бессэнсоўны трэш, і як ён яшчэ на працягу гэтага ўмудраўся выконваць аперацыю. Самнамбулізм якісьці. Разам з тым яго рухі зрабіліся дасканала аднастайнымі. А потым ён вынайшаў зручную тэхніку, з дапамогай якой на аперацыю патрабавалася роўна адна хвіліна. Ён нават вызначыў, як лепей стаяць каля маразільнай камеры, каб папярочка прымацоўвалася двума націскамі рукі. Таксама Дзяніс разлічыў часовы інтэрвал паміж працай і адпачынкам (трыццаць секунд), што дазваляла яму аднавіць сілы і ён смела сядаў на стол. Пад час адпачынку Дзяніс з цікавасцю вывучаў працоўнае асяроддзе. Трэці цэх быў прасторным, болей, чым ён здаваўся яму раней. Вышыня ад падлогі да шклянога даху складала каля дваццаці метраў. Праз бруднае шкло даху Дзяніс бачыў сіняе неба з бязладна раскіданымі па ім аблокамі — шматок свабоды, якая пранікала сюды з гарадскога свету. Дарэчы, па небу можна было арыентавацца, асабліва ў другую змену, зоркі і сонца ў такой резервацыі шмат аб чым казалі. Але найбольш увагу Дзяніса прыкавала завадская вентыляцыя, прадстаўленая ў выглядзе тоўстых алюмініевых трубаў, якія пачыналіся ад падвесных канвеераў і цягнуліся да самага даху.
“Зусім як у амерыканскіх фільмах, — падумаў ён, — калі які-небудзь Джэймс Бонд, хаваючыся ад ворагаў, асцярожна пралазіць па такой жа вентыляцыі і тут нечакана струмень вады змывае яго ў сцёкавую канаву”.
Разглядаючы цэх, Дзяніс, адначасова, усведамляў, што яму падабаецца працаваць на гэтым месцы.
“А што, ёсць пастаянная праца, адна не зусім складаная аперацыя, добры заробак, чаго яшчэ трэба звычайнаму мужыку? Тым больш час на новым месцы праходзіў удвая хутчэй, чым на “Лініі Краўса” і першай канвеернай ветцы”.
Яго галаву напаўнялі розныя думкі, прыемныя ўспаміны, наіўныя ідэі, у якіх гадзіны проста раствараліся ў небыцці.
За дваццаць хвілін ён дарабляў дванаццаць маразільных камераў і адразу адвозіў цележку да Дзятла. Дзяцел жа, выконваючы ролю своеасаблівага арбітражу ў дачыненні Дзяніса, карыстаўся выключна лаканічнымі жэстамі і свісткамі: паказваючы куды неабходна ставіць цележку — тыцкаў сваім пальцам-алоўкам у патрэбным накірунку; звяртаючыся да Дзяніса — свістаў і кожны раз штосьці невыразна спрабаваў яму растлумачыць.
“Цікава, хто-небудзь акрамя Снайпера разумеў яго гаворку? Свістун ты, Дзяцел”, — думаў Дзяніс, забіраў парожнюю цележку і вяртаўся назад.
Неяк раз, адвозячы чарговую цележку, ён звярнуў увагу на мужчыну, які працаваў побач з Дзятлам. Гэта быў ужо сталы каржакаваты тып, які з твару дзіўным вобразам нагадваў італьянскага кінарэжысёра П’ера Паала Пазаліні. [7] П’ер Паала Пазаліні — італьянскі кінарэжысёр.
У мужчыны былі такія ж цёмныя валасы, такія ж сіцылійскія карыя вочы і такая ж сентыментальная ўсмешка. Яму дапамагалі два падлетка, падаючы ўнутраныя пластмасавыя “шафы”, якія ён змацоўваў з корпусам лядоўняў. Адзін з падлеткаў быў натуральным бландынам, а другі — аблавухі, як малпа. Дзяніс нават усміхнуўся, калі ўбачыў іх утрох, улічваючы той факт, што Пазаліні пры жыцці быў гомасэксуалістам, выпрабоўваючы слабасць да такіх жа юнакоў. Абодва падлетка сваім целаскладам папросту маглі сыйсці на вязняў Асвенцыма, а бландынчык сваёй зефірнай галоўкай яшчэ і на саладжавага херувіма. У тую ж хвіліну Дзяніс пераканаўся, што гэтая кампанія сапраўды заслугоўвала мянушкі. І пакуль ён зваротна адвозіў цележку, натхнёны разумовай тэрапіяй, яму ў галаву прыйшлі новыя імёны. Мужык, з пашанаю, атрымаў Пазаліні, бландынчык стаў Підарам, ужо занадта дзявочымі былі рысы яго твару, а аблавухі — Свістуляй, хаця спачатку Дзяніс хацеў назваць яго Дрышчом. Так, безумоўна, яму прасцей было да іх звяртацца. Вы толькі паслухайце — Пазаліні, Підар і Свістуля. Грэбаныя працаўнікі. У Дзяніса аж настрой падняўся.
Ён працягваў вырабляць камеры, завозіць цележкі і нечакана для сябе заключыў, што можна закінуць вучобу і ўладкавацца на “Тытан”. Больш таго, дзесьці, падсвядома, у глыбіні сэрца, ён разумеў, што канвеер робіць з яго дарослага чалавека, які больш-менш адказна ставіцца да сваёй працы і супрацоўнікаў. Ад падобнага доваду Дзянісу стала нязручна знаходзіцца ў межах свайго цела, яму захацелася залезці пад халодны душ і пазногцямі здзерці з сябе скуру. Ён вельмі не хацеў сталець. Гэта было кепска. Хіба можна здрадзіць уласным фокусам і не вылузвацца, каб навакольнае грамадства не круціла пальцам каля скроні, хіба можна перастаць выскаляцца перад сябрамі ці бацькамі, якія не будуць пытаць: “Калі ж ты ўрэшце станеш дарослым?”
Читать дальше