“Акцёра, які здымаўся ў баявіках, дзе граў крутога героя, які біў храпы благім хлопцам, начыняючы іх на працягу кінастужкі кулямі, і абавязкова займаўся сэксам з прыгожай жанчынай. А самы вядомы яго фільм…як жа гэта… “Снайпер”. У самую кропку. А як жа яго звалі? Бэдар… Брэмер… не … Бэры… Бэрынджэр. Усё!”
Мужык быў падобны на Тома Бэрынджэра, [6] Том Бэрынджэр — амерыканскі акцёр, найбольш вядомы па кінастужцы “Снайпер”.
як дзве кроплі вады.
“Буду называць яго Снайперам”, — вырашыў Дзяніс.
У гэты момант мужык, нібы прачытаўшы яго думкі, паглядзеў на Дзяніса, усміхнуўся і сказаў:
— Цяпер давай сам спрабуй.
Дзяніс падышоў да канвеера і ўзяў у рукі маразільную камеру. Асцярожна паставіў на прэс.
— Смялей, — падбадзёрыў Снайпер і Дзяніс націснуў на кнопку “Пуск”.
Прэс выдаў уласцівы яму гук гудзення, і сплюшчыў сценкі маразільніка спярша з аднаго, а потым з другога боку. Не прайшло і хвіліны, як пачатковы этап аперацыі быў паспяхова завершаны. Дзяніс адразу ж зняў з прэса маразільнік і паставіў яго на стол. Узяў папярочку і паспрабаваў прымацаваць. Аднак яна выслізнула з рук і яму спатрэбілася дапамога Снайпера. Першая маразілка была гатовая.
Зрабіўшы з горам напалову дванаццаць маразільных камераў, Снайпер сказаў:
— А цяпер цележку трэба завесці да Віці. Пайшлі за мной, я пакажу куды.
Яны адышлі ад канвеера, мінулі першую ветку, завярнулі на лева і выйшлі да другой. Падышоўшы да невысокага шчуплага мужычка з вострым носам, Снайпер уладна паклікаў яго:
— Віця!
Той, як па загаду схамянуўся і хуценька падышоў да іх.
— Вось сюды будзеш прывозіць цележку, — сказаў Дзянісу Снайпер.
“Дзяцел”, — падумаў Дзяніс, гледзячы на востры нос мужычка.
— Што, гэт-сам, памочніка далі? — спытаў у Снайпера Дзяцел.
Снайпер абыякава махнуў рукой і, доўга там не затрымаўшыся, вярнуўся з Дзянісам зваротна да працоўнага месца.
— Можаш прыступаць да справы, — урэшце сказаў ён, — калі ўзнікнуць якія-небудзь складанасці, кліч мяне, я буду непадалёк.
І пайшоў у самы канец участка. Там ён згінаў лісты абечайкі, надаючы ім квадратную форму, з якіх потым жанчыны і выраблялі маразільныя камеры, аздабляючы іх заднімі сценкамі, змеявікамі і белай ліпкай ізастужкай.
Як толькі Снайпер адышоў, Дзяніс адчуў сябе, у поўнай ступені, адзінокім чалавекам, кінутым сам насам з адказнай аперацыяй. Круціся, як хочаш. На яго ўсклалі працоўны абавязак, паставілі задачу, зацвердзіўшы, тым самым, новае звяно ў агульным ланцугу канвеернага механізму. Таму прыйшлося хутка ўлівацца ў адну працоўную плыню і Дзяніс паступова, сам таго не заўважаючы, пачаў набываць здольнасці робата, якога запраграмавалі для пэўнай мэты.
Бяры камеру, стаў на прэс, націскай на пульт, чакай… здымай з прэса, стаў на стол, прымацоўвай папярочку, падвешвай на цележку. Паўтарай дзеянне зноў.
…………………………………………………………………………………………………………………
Нічога складанага. Я здольны і мне не цяжка. Я нават адчуваю гармонію, якая далучае мяне да ўсеагульнага працэсу і робіць неад’емнай часткай сістэмы. Канвеер! Канвеер! Канвеер! Дзіўна, я зусім не адчуваю болю ў руках, якім мяне запэўніваў Снайпер. Гэта ілюзія. Чым я адрозніваюся ад астатніх працоўных? Але не, адрозніваюся. Я — лепшы, я — выбраны.
…………………………………………………………………………………………………………………
Мігатлівы свет. Белы пакой. Пасярэдзіне дрэваапрацоўчы станок. Каля станка чалавек у белым зашмальцаваным халаце. Рукі чалавека скрываўленыя. Ён угрызаецца вострымі зубамі ў адрэзаную чалавечую руку, быццам у сакавіты гарбуз, а потым замацоўвае яе ў станок. Скрыгаючы зубамі, ён цісне на кнопку «Пуск» і рука набірае абарачэнні. Дастаўшы з кішэні долата, чалавек датыкаецца ім да рукі і з яе пачынае злазіць скурана-мясная габлюшка. Апрацаваўшы руку да косткі, ён здымае атрыманую дэталь са станка і шпурляе яе ў кут пакоя. Потым выцягвае з іржавай начоўкі тлустую лытку. Угрызаецца зубамі. Кроў пырскае ў розныя бакі і залівае станок, сцены і кафляную падлогу яскрава-пунсовым колерам. Нечакана чалавек рэзка спыняецца і хапаецца за жывот. Твар яго скажае жывёльная грымаса і ён пачынае ванітаваць. З перакошанага рота выліваецца тэхнічнае масла і высыпаюцца разнастайныя шрубкі — усё гэта запаўняе пакой брыдкай каламутнай жыжкай. Жыжка затапляе пакой і не застаецца больш нічога. Канвеер! Канвеер! Канвеер!
Читать дальше