— Што ж… трэба выпіць, — прапанаваў Дзяніс.
— Было б што, — сказаў Ілля.
— Тады трэба ісці ў краму, — настойваў Дзяніс.
— Хопіць на сёння, — сказаў Коля, зласлiва гледзячы на Лысага.
Дзяніс адышоў, зноў сеў на лаўку і запаліў. Алкагалічная анестэзія, якая здаралася з ім ня часта, але калі яна ўсё ж такі здаралася, звычайна, на раніцу, Дзяніс размаўляў з унітазам, паглынула яго свядомасць сівой імгой. Ачухаўся ён, калі ўся кампанія падыходзіла да Кастрычніцкай плошчы. Горад ужо засмоктвала ў вячэрні прыцемак. Паўсюль гарэлі яскравыя агні і туды-сюды сноўдалася чырвонапысая моладзь. У Дзяніса ўзнікла адчуванне лёгкай эйфарыі — ён прачнуўся і свята толькі пачыналася. Падыходзячы да плошчы з боку Дома Афіцэраў, хлопцы заўважылі людскі гармідар каля рэкламнага экрана, па якім транслявалі футбол. Людзі пілі, закусвалі і напружана назіралі за відовішчам, якое разгортвалася на зялёным полі. Падышоўшы бліжэй, Дзяніс заўважыў, што ўвесь натоўп быў разгалінаваны на дзве часткі: бліжэйшыя да экрана, а гэтая частка складала пераважную большасць, трымалі ў руках расейскiя сцягі, а ўжо за імі, над астатнімі, не больш пяцідзесяці чалавек — развіваўся гішпанскі сцяг. Усё мацней чулася: “Ра-се-я!” І, дзесьці, у самым хвасце: “Оле-оле-оле-оле, Гiшпанія, давай!”
— Ну, што, пайшлі бліжэй да экрану, — прапанаваў Андрэй.
— Не, я пайду да гішпанцаў, — сказаў Міха.
— Што так? — не зразумеў яго Сяргей.
— Я хачу быць у меншасці, а за Расею скандуе большасць.
— Ну і здраднік, мы з Расеяй адзін брацкі народ, — сказаў Коля.
— А спрачаемся, што вашая Расея прадзьме, — умяшаўся Ілля. — Я ў футболе не разбіраюся, аднак што такое Расея ў параўнанні з Гiшпаніяй.
— Ведаеш, Гітлер таксама шмат чаго думаў, — сказаў Андрэй і звярнуўся да Дзяніса: — Ну а ты?
— Пляваў я наогул і на Расею, і на Гiшпанію, футбол мяне ніколі не цікавіў, аднак пры такім падыходзе я згодзен з Міхай — “расейцаў” больш, я падтрымаю меншасць.
Яны разыйшліся ў розныя бакі.
Падыходзіць да гішпанскіх балельшчыкаў прыходзілася праз рускіх. Хлопцы пераступалі цераз не дапітыя бутэлькі з гарэлкай, міналі ачмурэлых гопнікаў, якія крычалі невыразныя клічы, пырскаючы слінай у твар, скінуўшы майкі і, выставіўшы на агляд свае піўныя пуза. Урэшце, яны дабраліся да сваёй мэты. Гiшпанскія балельшчыкі пілі піва; размалявалі твары ў гішпанскі нацыянальны колер, а барадаты мужык у шлеме канкістадора трымаў у руках яскравы гішпанскі сцяг. Хлопцы падышлі бліжэй і далучыліся да балельшчыкаў. Праз колькі часу яны ўжо заўзята скакалі разам з імі і выкрыквалі: “Гiшпанія, давай! Верым у перамогу!” За найбольш актыўнае гарлапанства, хлопцаў нават пачаставалі дармавым півам. Дзяніса па-сапраўднаму каўбасіла, Ілля пазнаёміўся з п’янай малалеткай, Міха размаўляў з барадатым мужыком аб трагічнай гісторыі ВКЛ. Усё выглядала даволі міралюбна, пакуль Расеі не ўкацілі першы гол. Дзяніс заўважыў, як натоўп наперадзе рэзка замер і па плошчы пракаціўся гуд расчаравання. У тую ж хвіліну “гішпанцы” радасна закрычалі, і Дзяніс убачыў, як з боку русейскiх фанатаў да іх паляцелі шкляныя бутэлькі. “Гiшпанцы” адказалі тым жа. Зусім недарэчы Дзянісу захацелася схадзіць па патрэбе. Выйдучы з шэрагаў балельшчыкаў, ён адчуў, што прыціснула яго вельмі моцна, а бегчы ў задворак было занадта позна. Позіркам ён знайшоў, недалёка ад Палацу Рэспублікі, кветнік з рознакаляровых сцяжкоў, сярод якіх перавага была аддадзена чырвоным, зялёным і белым. Аднак Дзяніса гэта не збянтэжыла. Ён рашуча пабег у той бок. Аснову кветніка складалі кардонныя транспаранты, на якіх было напісана: “Квітней Беларусь”. Дзяніс не знайшоў часу, каб агледзецца і шпарка пералез праз кветнік. Слухаючы прыемнае рыпенне сцяжкоў пад павевам лёгкага ветрыку, Дзяніс расшпіліў шырынку і на працягу некалькіх хвілін атрымліваў неймаверную асалоду. З плошчы пачуліся крыкі, відаць, пачалася бойка.
“Зараз-зараз, яшчэ крыху, вось я скончу…”
Пералазячы зваротна, Дзяніс па іроніі зачапіўся нагой за цвік у транспаранце і павіс на версе кветніка.
— Табе дапамагчы?! — пачуў ён кплівы голас знізу. Прыгледзеўся — мянты.
Зарад адрэналіну дазволіў яму адразу вызваліцца з пасткі і саскочыць на зямлю. Перад Дзянісам узнікла два міліцыянера: старшына і малодшы сяржант. Старшына нагадваў друзлага цюленя з мулявінскімі вусамі, а малады сяржант лыпаў вачыма і нервова аглядаўся па баках.
— Ну і што ты там рабіў, сябрук? — спытаў старшына.
Читать дальше