— Прыкіньце, майго братана на зоне ў актывісты выбілі. Я ў поўным шоку. Каб ён ды пад мусарамі хадзіў!.. Газетку нам надоечы прыслаў, а там яго фэйс задаволены. Чаго ён радуецца?! Спярша быў у поўнай адмове, а цяпер… Я падзяліўся навінай з адным знаёмым дзецюком, дык ён мне заявіў, што калі Толік адкінецца, адразу начэша яму храпу. Мы з маці напісалі брацельніку ліст, ну вядома, старая там соплі свае гаротныя размазала, а я ўжо ў самым канцы прыпісаў, каб ён ачухаўся і выбіў гэтую дурнату з галавы, — сказаў Андрэй.
— Я чуў, што актывісты там не ў пашане, — як звычайна з’едліва прамовіў Сяргей.
— Актывісты — казлы, няма чаго з адміністрацыяй супрацоўнічаць, — дадаў разгублены Андрэй.
Выпілі яшчэ пяцьдзесят. Праз колькі хвілін аказалася, што ў партфелі Юрася ляжаў не дапіты ім двух літровы слоік піва. Андрэй, Дзяніс, Юрась і Кіслотнік адразу адмовіліся запіваць гарэлку “Сняжком”. Што тычылася Дзяніса, то ён на дух не пераносіў гэты напой — пасля яго ў роце заўжды заставаўся горкі прысмак таннай гарэлкі. Для пэўнасці праверылі яшчэ і партфель Дзяніса, спадзяючыся, што і ён мог хаваць там што-небудзь карыснае. Аднак акрамя кніжак і залікоўкі нічога вартага не знайшлі.
— Тады на халеру ты яго з сабой цягаеш? — спытаў Коля.
— Звычка, — усміхнуўся Дзяніс, — проста мне патрэбна адчуванне вагі.
— Я таксама не магу без свайго заплечніка, асабліва, калі па кірмашы ходзіш, сцібрыў пару яблыкаў у чорнадупых і пайшоў сваёй дарогай, — сказаў Кіслотнік.
— Слухай, Дзёня, пакладзі ў яго мае ключы, а то сёння ўсякае можа быць, вываляцца яшчэ з кішэні, — сказаў Коля. — Ён у цябе хоць не дзіравы?
— Крыўдзіш, кладзі — усё, як у камеры захоўвання.
— За адно і мае ўкінь, — звярнуўся да Дзяніса Кіслотнік, — а то ў мяне кішэні дзіравыя.
Гэта нікога не здзівіла.
Выпілі зноў і Дзяніс адчуў, як яго розум спакваля пачынаў паглынаць хмельны тлум. З часам знікла абаянне, навакольная рэчаіснасць і непасрэдна часовы арыенцір. Уся ўвага была сканцэнтравана на падобным сабе.
— А я сёння ва ўніверы Рагуліна бачыў, калі адліць забягаў, — сказаў Жорык. — Ашываўся там каля раскладу з нейкай выдрай.
— Такое адчуванне, быццам усе прэподы на студэнтках памяшаныя, — сыкнуў Андрэй.
— Добра, што не на студэнтах, — засмяяўся Юрась.
— Курвіносы! — ашчэрыўся Косця.
— Хаця, ёсць некаторыя асобы. Успомнім, да прыкладу, першы курс, — сказаў Дзяніс і выкінуў наперад руку, як багемны паэт, які збіраецца дэкламаваць свае вершы. — Шаноўнае спадарства, калі ласка, паглядзіце на гэты малюнак. На ім юны Апалон. Звярніце ўвагу, як ён грацыёзна стаіць на двух нагах, прасачыце, як скульптар удала ўвасобіў у гэтым барэльефе боскую моц: кожны мускул напружаны, позірк рашучы. Ах, якая вытанчанасць, ах, якая мастацкая дасканаласць, ах, я зараз вывергну сабе ў порткі…
Усе зарагаталі.
— Малініцкі! — буркнуў Коля. — Той яшчэ стары підар.
І пакуль хлопцы прыняліся абмяркоўваць выкладчыка па гісторыі старажытнай Грэцыі і Рыму, Дзяніс пабег пад дрэва. Да яго далучыўся Міха. Яны знайшлі самы вялікі клён, расшпілілі шырынкі і заняліся бессаромны ўгнаеннем глебы. Дзяніса ўжо добра хістала, але на нагах ён пакуль яшчэ трымаўся.
— Слухай, Дэн, у цябе бывала калі-небудзь такое адчуванне, што ты разумеў: табе трэба дзейнічаць, браць усе ў свае рукі, пад свой кантроль, але смеласці асабліва не хапала? — спытаў яго Міха, упіраючыся адной рукой у тоўсты камель і, пагойдваючыся на месцы.
— Заўсёды, — адказаў Дзяніс, разумеючы куды хіліць Міха і, трохі падумаўшы, дадаў: — Часцей у прысутнасці Іры. Я ведаю яе не так ужо і даўно, але за гэты час паспеў яе добра вывучыць. Аднак, бывае, глядзіш ёй у вочы, а ў яе яшчэ позірк такі незвычайны, ну гэта бачыць трэба, як у Алісы з краіны цудаў, якая сутыкнулася са звышнатуральным, і разумееш: ні чорта ты яе не ведаеш і страшна нават робіцца. Такое адчуванне, нібы памяншаешся ў памеры на яе вачах, ператвараешся ў бездапаможную істоту. Гэта зусім не з-за розніцы ўзросту. Проста, часам, здаецца, што мы зусім розныя, а потым праходзіць імгненне і я ўжо не бачу больш ідэальнай пары на гэтым свеце. Ці, можа, я блага разбіраюся ў жанчынах?..
Вярталіся назад моўчкі, гаварыць не хацелася адначасова абодвум. Тым часам каля лаўкі адбывалася наступнае відовішча: Коля, а гэта ўжо было пачаткам п’янага чаду, адціскаўся на кулаках, Андрэй з Сяргеем, Лысым і Жорык, відавочна, здавалі крос, бегаючы вакол стадыёну, а астатнія вялі гучную спрэчку. Дзяніс і Міха падышлі да апошніх.
Читать дальше