“Ідзіце працаваць на завод, чаго без патрэбы па горадзе бадзяцца!?”
Дурацкая ўхмылка разпаўзлася па яго самазадаволенай фізіяноміі. Урэшце, за Мінскай ратушай ён зліўся са стракатым людскім натоўпам і паскорыў крок. Сонца смаліла няшчадна. Перайшоўшы “Праспект Пераможцаў”, Дзяніс выйшаў на вузкую Інтэрнацыянальную вуліцу. Яна па-асабліваму падабалася яму сваёй сціпласцю. Мабыць ад таго, што ад яе веяла пачаткам дваццатага стагоддзя. Вуліца гэтая, у нейкай ступені, і была рэшткамі дарэвалюцыйнага Менску. Кожны яе завулак нібы сцвярджаў, што некалі тут без упынку гаманілі скнарыя габрэі, па крывым бруку на брычках праязджалі флегматычныя паненкі, бравыя афіцэры карысталіся паслугамі танных прастытутак і проста жылі звычайныя мяшчане.
Да кінатэатра “Перамога” Дзяніс прыйшоў першым. Каля яго на прыступках сядзела купка мясцовых гаўна-панкаў. Яны пілі піва і пляваліся на нагрэты асфальт. Праз некаторы час падышоў Ілля з гітарай за плячыма і, як заўжды, з цыгарэтай у зубах. Гэта быў хлапчук невялікага росту і каб не яго шчацінне, яго папросту можна было б палічыць школьнікам.
— Ну, як працуецца? — першае, што ён спытаў, павітаўшыся з Дзянісам.
— Так сабе — працоўныя-быдланы і благое паветра. Хутчэй бы атрымаць свае грошы.
Ілля ўсміхнуўся.
— Дваццпць пятага да нас прыязджае выдатны old school гурт з Германіі, — сказаў ён.
— Праўда? Крута! Трэба будзе абавязкова схадзіць, у мяне як раз у гэтых лічбах аванс.
— А на гэтых выходных у “Step”, [3] “Step” — начны клуб, цяперашні RE: PABLIC.
як заўсёды рэтра. Пойдзеш?
— А ты?
— Такое проста нельга прапускаць! Рок-н-рол, выпіўка і цёлкі! — яго юрлівасці, здавалася, не было краю.
— І колькі ўваход каштуе?
— Пятнаццаць тысяч, калі ў рэтра-касцюме — дзесяць, — дасведчана вымавіў Ілля.
— Мабыць, толькі з Ірай…
Ілля глыбока зацягнуўся і паківаў галавой.
— Так, ведаю — павязаны па руках і нагах, але, прынамсі, з дзяўчынай яшчэ лепей адрывацца. Прыходзьце, будзе весяла!
Міха з Кірылам спазніліся на дзесяць хвілін. Прыйшлося чакаць пакуль яны дапаляць, а потым усе разам пайшлі за кінатэатр. Абліцаваныя дамы абапал Інтэрнацыянальнай адразу разгарнулі перад вачыма хлопцаў сваё сапраўднае аблічча. Абшарпаныя, брудныя з невідушча-цьмянымі вокнамі, тут, з другога боку, яны нагадвалі раён, які знаходзіцца ў рэзервацыі. Выгляд асфальта наводзіў уражанне, што па ім праехаў бульдозер. Кантэйнер са смеццем быў распісаны свастыкамі розных памераў, якія аздаблялі лічбы “88”, а побач, на цаглянай сцяне электрападстанцыі, чырвоным — выведзена альфа заключанае ў амега. Такі кантраст выклікаў шчырую ўсмешку. Але раз з тым, здавалася, быццам, патрапіў у Англію канца сямідзесятых, Sex Pistols, Анархія і поўны дыстрой. За электрападстанцыяй, пад разгалістым клёнам, перад хлопцамі паўстала аблезлая будка, якая збольшага нагадвала вясковы клазет — гэта месца і з’яўлялася “рэпетыцыйнай кропкай”. Яны падышлі бліжэй. З боку каля металічнай дзверы знаходзіўся дамафон. Дзяніс націснуў на кнопачку, услед за чым пачуўся ўласцівы ціхі званок — дзверы пстрыкнулі. Дзяніс пасунуў іх ад сябе на сябе і яны лёгка расчыніліся. За дзвярыма аказалася доўгая (метраў пяць) лесвіца, прыступкі якой вялі ўглыб гэтакага падзямелля-бамбасховішча. Хлопцы, адзін за адным, асцярожна пачалі спускацца ўніз. У памяшканні было змрачнавата і ў паветры адчуваўся выразны прысмак вільгаці. Яны спусціліся, завярнулі за вугал і апынуліся ў цесным пакойчыку. На сценах віселі электра і бас-гітары, талеркі для барабанаў, а таксама апраўленыя фотаздымкі з выявамі знакамітых беларускіх гуртоў. Дзяніс прыкмеціў “N.R.M.”, “Ляпіс Трубяцкой”, “Neuro Dubel” і інш. Большую частку пакойчыка займаў стол з кампутарам. За ім сядзеў адміністратар дадзенай багадзельні: худы хлопец з русымі дрэдамі. У цьмянасці святла можна было разглядзець яго чырвоныя вочы. Ён сядзеў нерухома і па-дзіўнаму ўсміхаўся.
— Мы запісваліся на дванаццаць гадзін, — cказаў Міха і хлопец, быццам абудзіўшыся з глыбокага одуму, падазрона паглядзеў на смаркачоў, якія з’явіліся перад ім, як змрочныя здані, і ліхаманкава залыпаў чырвонымі вачыма.
— Зараз праверым, — праз некаторае імгненне глуха прамовіў ён.
Прыйшлося пачакаць, пакуль падабенства Боба Марлі адшукае іх у электронным спісе зарэгістраваных.
— Да-м-б-ро-ў-скі, — расцягнуў ён прозвішча Міхі, нібы яму прыйшлося прачытаць яго наадварот.
— Так.
— У вас другі пакой.
Читать дальше