У сталовай Дзяніс заказаў першае, другое і кампот з булачкай. Сеў, зазвычай, асобна ад усіх у самым куце за апошнім столікам. Ежу нельга было назваць смачнай, але для запаўнення страўніка яна падыходзіла. Пюрэ з катлетай і гарохавым супам пасля напружанай працы з’яўлялася сапраўднай боскай стравай, у выніку чаго Дзяніса часцяком пучыла.
Добра пад’еўшы, ён выйшаў на вуліцу. Цеплыня. Зараз бы на прыроду разам з Ірай і адпачываць. Але замест прывідных мар яго воку адчыняўся шэры асфальт з грузнымі сценамі заводу, жоўтыя пагрузчыкі, працоўныя ў сініх робах і гуд канвеераў. Ён прысеў на край лаўкі каля мужыкоў з “лініі Краўса”, сярод якіх ведаў аднаго Рупара.
— Студэнт? — адразу спытаў у Дзяніса мужык з лысінай.
Ён кіўнуў.
— Студэнты ўсе лайдакі, — сказаў Рупар (як жа Дзянісу хацелася даць яму выспятка), — алкашы і хмыры тыповыя. У мяне, вунь, сын у ПТВ на другім курсе, дык і тое менш п’е, а хіба вы там вучыце што, толькі і ведаеце, як дзевак за цыцкі мацаць і прафесараў старых выводзіць.
Дзяніс трохі збянтэжыўся.
— Што ты хочаш, такая зараз у краіне адукацыя, бяруць каго заўгодна, — разважліва прамовіў мужык у акулярах, які нагадваў былога інтэлігента. — У Еўропе ўсё зусім па-іншаму.
— Зноў ты са сваёй Еўропай пачынаеш, халуй апазіцыйны, — гыркнуў на яго мужык з іншага канца лавы.
— Пайшоў ты…
— Сам ідзі…
У гэты час да працоўнага хаўруса далучыўся прышчаваты хлопец гадоў дваццаці пяці, брыдкай знешнасці і прысеў на кукішкі. Пакручваючы ў пальцах цыгарэту, ён гамзата спытаў:
— Слухай, Сямёныч, а як там учора “Зеніт” згуляў?
Дзяніса аж перасмыкнула.
— Два-нуль, — адказаў “апазіцыйны халуй”.
— А хто забіў?
— На дваццатай хвіліне — Аршавін, а на шасцідзесятай — Паграбняк, — абвясціў за “халуя” Рупар.
Хлопец суха зарагатаў, а потым звярнуўся да мужыка з другога канца лавы.
— А ты, Пятро, відаць, на “Спартак” ставіў?
— “Спартак” — гэта гаўняк, ногі ў іх не з таго месца растуць, — азваўся той.
— А ўвогуле трэба за “Дынама-Мінск” балець, — сказаў прышчаваты хлопец. — Адсмакчы ў бела-сініх, гэй-гэй-гэй!
Усе зарагаталі.
Дзяніс адвярнуўся ў другі бок і згадзіўся б, напэўна, застрэліцца, з’явіся ў яго руках пісталет. Хаця, перш за ўсё, ён бы перастраляў гэтых футбольных аматараў.
Рупар затушыў недапалак аб абцас сваіх чаравік і, моцна ляпнуўшы сябе далонямі па абодвух нагах, зухавата вымавіў:
— Час, хадзем у цэх!
Засталося яшчэ нейкіх чатыры гадзіны, але вось менавіта яны і з’яўляліся самымі цяжкімі і пакутліва доўгімі. Канечне, добра падсілкаваўшыся ў сталовай, Дзяніс адчуў на пэўны час зарад бадзёрасці і энергіі, аднак яны вельмі хутка пачалі саступаць месца млявасці і неверагоднай ляноце. Хвала Усявышняму, ён пакуль не прызвычаіўся працаваць на правах робату і аднастайнасць аперацыі ўсё яшчэ збівала яго з панталыку. У сваю чаргу Чыпушыла, гэтая гідкая жаба, працягваў кпіць над нязграбнасцю яго рухаў: Дзяніс то не да канца абразаў пену, то забываў працерці вільготнай анучай вуглы ахаладжальніка.
“Можа, сказаць майстру, што моцна збіў пальцы і мне нязручна выконваць гэтую трыклятую аперацыя?” — падумаў ён.
Майстар Прошын прайшоў як раз за яго спінай, трымаючы ў руках штангенцыркуль. Ён спыніў на спецыяльным пульце канвеер і падышоў да Чыпушылы. Чыпушыла здзіўлена саступіў месца майстру, пільна назіраючы за тым, як Прошын прыняўся вымяраць памеры лядоўні па яго шырыні і вышыні.
— Не адпавядае норме, — вымавіў майстар і адразу пачырванеў, пачырванела нават яго лысіна.
Чыпушыла вышчарыў зубы.
— Скажы хмырам на “лініі Краўса”, што яны там лынды б’юць.
Твар Прошына сказіла незадаволеная грымаса.
— І што гэта за лухта, пасылаюць да нас усялякіх недарэк, — Дзяніс здагадаўся пра каго так абурана заспяваў Чыпушыла. — Нам такія працаўнікі не патрэбныя, наш цэх перадавы, а ўсялякія смаркачы сваёй дзейнасцю цягнуць яго назад, — апошнія словы ён вымавіў асабліва гучна, інтанацыйна падкрэсліваючы слова “смаркачы”.
За спінай Чыпушылы неспадзявана з’явіўся Рупар і, сціснуўшы кулак, пачаў махаць ім над яго круглай галавой, выклікаючы візуальны эфект сапраўднага ўдара па яго макаўцы.
— Я тут пры чым! — урэшце не вытрымаў Прошын. — Ідзі да Коўшына і яму скардзься, я гэтымі пытаннямі не займаюся!
Чыпушыла вінавата ўсміхнуўся і яго тхарыныя вочы забегалі пад акулярамі, як сонечныя зайчыкі па сценцы. Майстар яшчэ раз вымераў лядоўню, штосьці запісаў сабе ў нататнік і зноў прайшоў паўз Дзяніса. Ён было памкнуўся звярнуцца да майстра, але своечасова стрымаўся, вырашыўшы не турбаваць Прошына. Відаць, Чыпушыла раздражняў тут не толькі яго аднаго. Ад гэтага Дзянісу стала лягчэй.
Читать дальше