К. С. Льюіс
Пляменнік чараўніка
Сям’і Кiлмер прысвячаецца
© Кім Н.В., пераклад на беларускую мову, 2016
© Сустаў Р.М., вокладка, 2016
© ПВУП «Пазiтыў-цэнтр», 2016
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Пра галоўнага героя гэтай кнігі
«… Спадзяюся, прачытаўшы гэта, ты ўбачыш, што ў кнізе схаваны больш глыбокі сэнс. Уся гісторыя Нарніі – пра Хрыста. Я запытаў сябе: «Калі б сапраўды існаваў свет, падобны да Нарніі, і калі б справы ў ім (як у нашым свеце) пайшлі кепска, і калі б Хрыстос пажадаў прыйсці ў гэты свет і выратаваць яго (як Ён зрабіў у нашым), што б здарылася?» Гэтыя гісторыі – мой адказ. Нарнія – свет Гаваркіх Істотаў, і таму я падумаў, што там Ён стаў бы для іх Гаваркой Істотай, як Ён зрабіўся чалавекам тут. Я адлюстраваў Яго як ільва таму, што:
А) Леў лічыцца царом звяроў.
Б) У Бібліі Хрыста называюць “Ільвом Юды”.
В) Мне сніліся дзіўныя сны пра львоў, калі я пачаў пісаць кнігу.
Кожная з кніг раскрывае сваю частку:
“Пляменнік чараўніка” распавядае пра стварэнне свету і пра тое, як зло прыйшло ў Нарнію;
“Леў, Вядзьмарка і гардэроб” – пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне;
“Прынц Каспіян” – пра ўзнаўленне сапраўднай веры пасля адступніцтва;
“Конь і яго хлопчык” – пра пакліканне і навяртанне паганца;
“Падарожжа «Заваёўніка світанку»” – духоўнае жыццё (асабліва ў Рыпічыпа);
“Срэбнае крэсла” – працяглая вайна з сіламі цемры;
“Апошняя бітва” – прыход Антыхрыста (Малпы), канец свету і Апошні Суд».
Клайв Стэйплз Льюіс у лісце да Ан, 5 сакавіка 1961 года.
Гэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.
У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы [1] Бэстаблы – сям’я з прыгодніцкіх кніг ангельскай аўтаркі Эдзіт Нэсбіт.
яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. І ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.
Яна жыла ў адным з дамоў, што стаялі цесным шэрагам, сцяна да сцяны. Аднойчы раніцай яна выйшла ў сад за домам і ўбачыла, як нейкі хлопец залез на плот з боку суседскага саду. Полі вельмі здзівілася, бо раней у тым доме ніколі не было дзяцей. Там жылі старыя халасцякі: містар Кэтэрлі і міс Кэтэрлі, брат і сястра. Таму яна зацікаўлена паглядзела на хлопца. Яго твар быў вельмі брудны, нібыта ён спачатку выпацкаў рукі ў зямлі, моцна паплакаў і пасля выцер твар рукамі. Сказаць папраўдзе, амаль гэтак і было.
– Вітаю, – прамовіла Полі.
– Вітаю, – азваўся хлопчык. – Як цябе клічуць?
– Полі, – сказала Полі. – А цябе?
– Дыгары, – адказаў хлопчык.
– Ого, якое смешнае імя, – хіхікнула Полі.
– А Полі – яшчэ больш смешнае, – заўважыў Дыгары.
– Няпраўда, – запярэчыла Полі.
– Праўда, – адказаў Дыгары.
– Прынамсі, я ўмываюся, – сказала Полі. – Табе варта было зрабіць тое самае, асабліва пасля… – тут яна змоўкла. Яна збіралася мовіць: “Пасля таго, як ты плакаў,” але падумала, што гэта будзе няветліва.
– Так, я плакаў! – сказаў Дыгары гучным голасам. Яму было ўсё адно, што пра яго падумаюць, бо ён быў моцна засмучаны. – Ты б таксама плакала, – працягнуў ён, – калі б усё жыццё пражыла за горадам, мела поні, у вас у садзе цякла рака, а пасля цябе прывезлі б жыць у гэтую жудасную дзірку.
– Лондан – зусім не дзірка! – абурылася Полі.
Але хлопчык быў настолькі ўзрушаны, што не звярнуў на яе ніякае ўвагі і працягнуў:
– … і калі б твой бацька быў далёка ў Індыі, і табе трэба было пераехаць да цёткі і дзядзькі, сапраўднага вар’ята (а каму такое спадабаецца?), і калі б гэта было праз тое, што яны даглядаюць тваю маму, якая вельмі хворая і… і… памірае. – Тут яго твар скрывіўся, як у чалавека, які спрабуе стрымаць слёзы.
– Я не ведала, прабач… – сказала Полі. І потым, каб перавесці размову на штосьці больш вясёлае, запыталася:
– Містар Кэтэрлі насамрэч вар’ят?
– Ну, ён ці з глузду з’ехаў, – адказаў Дыгары, – ці яшчэ што. Цётка Лэці забараняе мне заходзіць у яго кабінет на гарышчы. Ужо адно гэта падазрона. І вось яшчэ што: кожны раз, калі ён звяртаецца да мяне падчас абеду, – а з ёй ён ніколі нават не спрабуе паразмаўляць, – цётка загадвае яму змоўкнуць. Яна кажа: “Не турбуй хлопчыка, Эндру”, або: “Я ўпэўненая, што Дыгары не хоча слухаць пра гэта”, ці: “Дыгары, ці не пагуляць табе ў садзе?”
Читать дальше