Тут дзядзька Эндру пацёр рукі так, што костачкі затрашчалі, як феерверк.
– Я ведаў, – працягнуў ён, – што гэты пыл перанясе цябе туды, адкуль ён быў узяты, калі надаць яму належную форму. Але належную форму было цяжка знайсці. Усе мае ранейшыя эксперыменты ляснулі. Я спрабаваў на марскіх свінках. Некаторыя з іх проста памерлі. Некаторыя выбухалі, як маленькія бомбачкі…
– Гэта вельмі жорстка, – сказаў Дыгары, у якога некалі была марская свінка.
– Не перапыняй! – абурыўся дзядзька Эндру. – Жывёлы існуюць для гэтага. Я сам іх набываў. Так, пра што я казаў? А, вось. Нарэшце ў мяне атрымалася зрабіць жоўтыя пярсцёнкі. Але з’явілася новая праблема. Цяпер я быў упэўнены, што жоўты пярсцёнак адашле любое стварэнне, якое да яго дакранецца, у Іншае Месца. Аднак якая з гэтага карысць, калі адтуль ніхто не вернецца, каб распавесці мне, што там?
– А як жа тыя, што апынаюцца ў Іншым Месцы? – сказаў Дыгары. – У добрую ж сітуацыю яны трапляюць, калі не могуць вярнуцца!
– Ты ўсё яшчэ глядзіш на рэчы з няправільнага боку, – прамовіў дзядзька Эндру нецярпліва. – Ці ты не разумееш, што гэта выбітны эксперымент? Я хачу даведацца, якое яно, Іншае Месца. Таму неабходна кагосьці туды паслаць.
– У такім выпадку чаму вы самі не адправіцеся туды?
Дыгары ніколі не бачыў, каб некага так здзівіла і абразіла такое простае пытанне.
– Я? Я сам?! – усклікнуў дзядзька Эндру. – Ты, напэўна, звар’яцеў! Чалавеку майго ўзросту і стану здароўя зведаць шок ды небяспеку раптоўнага перанясення ў адрозны ад нашага свет? Ніколі ў жыцці не чуў такой бязглуздзіцы! Ты разумееш, што кажаш? Падумай, што азначае Іншы Свет: ты можаш сустрэць там усё, што заўгодна. Што заўгодна!
– І толькі што вы адправілі туды Полі, – вымавіў Дыгары. Яго шчокі палалі ад гневу. – Нават нягледзячы на тое, што вы мой дзядзька, – дадаў ён, – я магу сказаць толькі адно: адправіць дзяўчыну замест сябе можа толькі баязлівец.
– А ну змоўкніце, малады чалавек! – сказаў дзядзька Эндру, апусціўшы рукі на стол. – Я не збіраюся трываць такога абыходжання ад маленькага мурзатага школьніка. Ты не разумееш! Я – выбітны навуковец, чараўнік, майстар, які праводзіць дослед! Вядома ж, мне патрэбныя суб’екты, на якіх яго праводзіць. Гляньце на яго! Ты яшчэ скажы, што мне трэба было запытацца дазволу ў марскіх свінак, перш чым іх выкарыстоўваць! Нельга дасягнуць вялікай мудрасці без ахвяраў. Але ідэя пайсці самому – гэта бязглуздзіца. Гэта як прасіць генерала біцца замест звычайнага жаўнера. А калі мяне заб’юць, што стане са справай усяго майго жыцця?
– Ды хопіць ужо, – сказаў Дыгары. – Вы збіраецеся вярнуць Полі?
– Я збіраўся сказаць табе, але ў той момант ты груба мяне перапыніў, – адказаў дзядзька Эндру. – Нарэшце я знайшоў спосаб вярнуцца. Зялёныя пярсцёнкі вяртаюць назад.
– Але ў Полі няма зялёнага пярсцёнка.
– Няма, – прамовіў дзядзька Эндру з бязлітаснай усмешкай.
– Тады яна не зможа вярнуцца! – крыкнуў Дыгары. – Гэта ўсё адно, што вы забілі б яе!
– Яна можа вярнуцца, – адказаў дзядзька Эндру, – калі нехта іншы, надзеўшы жоўты пярсцёнак, пойдзе за ёю і возьме два зялёныя: адзін, каб вярнуцца самому, і адзін, каб вярнуць яе.
Цяпер Дыгары, вядома, зразумеў пастку, у якую яго злавілі. І ён вырачыўся на дзядзьку Эндру, нічога не кажучы і шырока адкрыўшы рот. Яго шчокі збялелі.
– Спадзяюся, – сказаў дзядзька Эндру вельмі важным і ўладарным голасам, нібыта ён быў узорным дзядзькам, які толькі што даў некаму каштоўную падказку і добрую параду, – спадзяюся, Дыгары, што ты не баязлівец. Мне будзе вельмі непрыемна думаць, што нехта з нашай сям’і не мае дастаткова годнасці і высакароднасці, каб прыйсці на дапамогу – э-гм – даме ў небяспецы.
– Хопіць ужо! – адказаў Дыгары. – Калі б вы мелі хоць які-колечы гонар, вы пайшлі б самі. Але я ведаю, што вы гэтага не зробіце. Добра. Відаць, мне давядзецца пайсці. Вы сапраўдны мярзотнік. Вы ўсё гэта спланавалі, каб яна, не ведаючы, пайшла, і каб пасля я быў вымушаны адправіцца за ёю.
– Вядома, – сказаў дзядзька Эндру з гнюснай усмешкай.
– Выдатна. Я пайду. Але ёсць адна рэч, якую я скажу спярша. Да сённяшняга дня я не верыў у чарадзейства. Цяпер бачу, што яно ёсць. Калі так, значыць, усе старыя казкі больш-менш праўдзівыя, і якраз вы – той зламысны, бязлітасны чараўнік, як у казках. І ведаеце, я ніколі не чытаў гісторыі, у якой такія людзі ў канцы не атрымалі б па заслугах. Магу паспрачацца, што вы таксама атрымаеце. І так вам і трэба.
Читать дальше