На канверце ўжо знаёмым мне вытанчаным дробным почыркам было выведзена: «Дэйсі Мэй». Так, мяне назвалі ў гонар прабабулі. Спадзяюся, ёй гэта было прыемна. Лягчэй змірыцца з дурасцю ўласнага імя, калі ведаеш, што яно пацешыла кагосьці.
«Мілая Дэйсі, — пісаў сэр Лемюэль-старэйшы, — у мяне з галавы не выходзіць твая маленькая праўнучка. Мне здаецца, ты залішне драматызуеш, тысячы людзей жывуць з падобнай «праблемай» (бачыш, я нават узяў гэта слова ў двукоссі), і жывуць шчасліва, прымаючы сваю асаблівасць не як пакаранне, а як цудоўны дар, які адрознівае іх ад іншых. Канешне, любым дарам трэба ўмець распарадзіцца. І калі ты лічыш, што для тваёй праўнучкі будзе лепш стаць звычайнай, як усе, — я паспрабую ёй дапамагчы. Няўпэўнены, праўда, што яна сама папрасіла б у мяне дапамогі, але яна яшчэ занадта малая, каб зразумець штосьці сур’ёзнае пра сябе, сваю знешнасць і сваё жыццё. Дык вось, Дэйсі, я перакапаў свае старыя кнігі і ў «Самых дзейсных сродках» знайшоў тое, што трэба, на старонцы 87. Рэцэпт пісаць табе не буду, бо, як ты ведаеш, ніколі не дзялюся сакрэтамі свайго майстэрства, асцерагаючыся паштовых шпіёнаў. Да таго ж ты сама ў хатніх умовах не зробіш гэтае зелле. Да твайго наступнага візіту яно будзе гатова, і я прыхаваю яго ў тую патаемную шуфляду сакрэтніка, якую паказваў табе ў мінулы раз. Калі цяпер хтосьці іншы чытае гэты ліст, ён будзе вельмі азадачаны. Таму што знайсці патаемную шуфляду ў сакрэтніку — гэта проста, а вось знайсці сакрэтнік у маім доме — значна складаней. Магчыма, усе гэтыя засцярогі залішнія, але я менш за ўсё хачу, каб мае кнігі і сшыткі з рэцэптурай, таямніцамі і хітрасцямі майго рамяства патрапілі ў чужыя рукі. Я люблю сваю справу, гэта сапраўднае мастацтва. Іншыя ж проста спрабуюць нажыцца, усяляючы ў людзей надзею і абяцаючы ім цуды да нябёсаў і чароўныя ператварэнні за адну ноч. Зрэшты, усё гэта старэчае бурчанне ты чула тысячу разоў, не буду цябе стамляць. Прывітанне ад завяртушак, яны нудзяцца, бо даўно ніхто іх не чухаў за вушкам. Твой пакорлівы слуга Л.».
Праўнук і прадзед заканчвалі свае лісты аднолькава, і гэта выклікала ў мяне ўсмешку, хоць у астатнім усміхацца не было падстаў.
Стары чараўнік збольшага меў рацыю: любую ўласцівасць свайго характару можна, умеючы, зрабіць як страшэннай заганай, так і адметнай асаблівасцю, разы начкай, рыскай, што па-майстэрску завяршае партрэт. Мая цётка Аўгуста ніколі не магла адрозніць вяз ад ясеня, ляўконію ад петуніі, і не саромелася, наадварот, заяўляла пагардліва, што яна не садоўнік, каб разбірацца ва ўсёй гэтай пятрушцы. Пры бабулі яна, вядома, не выказвалася, пакідаючы свае разважанні для сябровак. Бабуля, у сваю чаргу, ганарылася тым, што ніколі не насіла туфлі на абцасах і за ўсё жыццё ні разу не нафарбавала вусны ці вейкі, бо лічыла гэта дурасцю і распушчанасцю. Вядома, яна пазбягала казаць так пры цётцы Аўгусце і яе гасцях, якія з захапленнем абмяркоўвалі модныя навінкі, туш без камячкоў ці памаду, якая не пакідае слядоў. Кожнаму сваё. Эма выхвалялася тым, што ледзь-ледзь прачытала тры кнігі са школьнай праграмы. Аліса пры кожным выпадку распавядала, як спаліла патэль ню з яечняй і сапсавала вараную бульбу, ператварыўшы яе ў смажаную.
Магчыма, і мне варта было б знайсці нешта выдатнае ці, прынамсі, смешнае ў сваім жыцці. Але я кручу так і гэтак маю нябачнасць, углядаюся дапытліва — і не магу заўважыць нічога добрага. І калі б сэр Лемюэль Грымсвотн-старэйшы спытаў мяне, ці хачу я стаць такой, як усе, я запляскала б у ладкі і закрычала насуперак усім добрым манерам: «Так, ТАК!!!»
— Усё ў парадку? — асцярожна спытаў сэр Лемюэль-малодшы, калі я адарвала погляд ад ліста і прынялася недалікатна азірацца па баках, разглядаючы мэблю ў гасцінай. Вядома, чароўнаму эліксіру ўжо шмат гадоў, але калі корак прыкруцілі шчыльна, то чараўніцтва магло і не вытхнуцца…
— Сэр Лемюэль, — прагаварыла я бездапаможна, — вы выпадкова не бачылі ў гэтым доме сакрэтнік?
Наступныя тры гадзіны мы патрацілі на пошукі. Дом Грымсвотна-старэйшага быў быццам бы і невялікім, але вельмі змястоўным. Мы прачасалі абодва паверхі, гарышча і вінны склеп, прастукалі сцены, але патаемнага пакоя не знайшлося. Мы адшукалі вазоны з засохлымі фікусамі, пастку з зацвілым сырам, нядрэнныя запасы тытуню і калекцыю курыльных трубак. Выявілі на падлозе ў бібліятэцы сляды невядомых звяроў, можа, нават тых самых завяртушак, пра якіх згадвалася ў лісце. Мы запэцкаліся ў пыле і разачхаліся як чэрці, ледзь не праваліліся ў падмосце, неяк неўзаметку перайшлі на ты, і я перастала зваць Лемюэля сэрам, а ён замест «мілая Дэйсі» стаў казаць «Дэйсі, мілая», што чамусьці гучала зусім па-іншаму. І ўсё было б добра, вось толькі сакрэтнік мы так і не знайшлі.
Читать дальше