Я ніколі ня мог зразумець аднае рэчы: калі любая літаратура – выдумка, нашто аўтарам заганяць сябе ў вязьніцу рэальнага й выдумляць тое, што рыхт у рыхт нагадвае абрыдлую штодзённасьць? Не разумею й дагэтуль. І ў вязьніцу сябе не заганяю. Зь дзяцінства мне не падабаецца чытаць пра шэрае навакольле. Хочацца, каб дзея твору адбывалася хаця б у нейкай экзатычнай краіне; лепей – у аддаленым часе, пажадана легендарным; а найлепей – на іншай плянэце або ў выдуманым сьвеце.
Назва зборніку (і аднаго з апавяданьняў) – гэта радок зь песьні толкінаўскіх гномаў у перакладзе Дзьмітрыя Магілеўцава й Крысьціны Курчанковай. Названы ён так нездарма. У ім будзе нямала цытатаў, згадак і адсылак да іншых аўтараў; будуць тэксты, дзея якіх адбываецца ў сусьветах, прыдуманых ня мною, але мною любімых.
Каб падмацаваць напісанае вышэй, адразу згадаю Харлана Элісана. Мне вельмі падабаюцца ягоныя зборнікі, у якіх прадмовы да апавяданьняў бываюць ня менш цікавымі за самыя апавяданьні. Сьледам за дзедам і я да сваіх тэкстаў напісаў невялікія прадмовы. Чытаць іх – як, дарэчы, і гэты зацягнуты ўступ – зусім неабавязкова: нічога для разуменьня твораў яны не даюць.
Арт-хутар «Васіліна», люты 2022 году
Усе д’яблы сюды прыбеглі зь пекла
Улетку 2019 году я браў удзел у раскопках крэўскага гарадзішча X – XIII стагодзьдзяў. Аднаго дня на абедзенным перапынку валянтэры, пад’еўшы, паразьлягліся на разасланым брызэньце над раскопам. Хто курыў, хто драмаў на сонцы, хто бавіў час размовамі. Я слухаў. Разам з намі быў гаваркі хлопчык, які прыехаў з бацькамі з Гомлю. У пэўны момант ён нечакана загаварыў пра пекла і прамовіў: «У пекле ёсьць Гомель». А потым як нічога ніякага дадаў, што там таксама ёсьць каровы й шмат камароў. І людзі – добрыя-добрыя. Асаблівае жудасьці дадавала тое, што прамаўлялася ўсё гэта бязьвінным танюсенькім галаском. І гэта запомнілася.
Вярнуўшыся празь які тыдзень дахаты, я прыдумаў сабе творчае заданьне (бо за вандроўкамі й раскопкамі ўлетку амаль нічога не напісаў): стварыць апавяданьне, якое пачыналася б словамі пра пекла й Гомель і ўмяшчала хлопчыкаву міталёгію й тэму дзіцячае жорсткасьці. Штопраўда, ня ведаў, ці атрымаецца. Атрымалася.
У тэксьце згадваецца «палітыка дэнацыяналізму»: рыхтуючы зборнік, я хацеў быў яе выкрасьліць праз адначаснае падабенства й непадабенства да так званае «дэнацыфікацыі» ў Украіне, якая распачалася праз два з паловаю гады па напісаньні, але па водуме вырашыў пакінуць як ёсьць. Усё ж фантастыка нічога не прадказвае, як гісторыя нічому ня вучыць. Яны патрэбныя для іншага.
У пекле быў Гомель.
Спачатку ён не даваў веры відавочнаму, але неўзабаве сумневаў не засталося.
Першым пабачыў дарожны паказальнік. Абшарпаны сіні простакутнік пасярод пякельнае пусткі. Фарба лупілася буйнымі асушкамі, як пабруднелая скура на лбе й носе Ўсьцюжаніна. Налева – Чарнігаў, наўпрост – Гомель, 20 км. Потым, празь якую пару-тройку гадзінаў, наперадзе зьявілася места. Руіны, якія Ўсьцюжанін не пазнаў альбо пазнаваць не захацеў. Яшчэ праз гадзіну – мост цераз Сож. Тады ўсё стала зразумела. Дарма што замест вады ў рэчышчы Сажу цякла лява.
У тым, што ён у пекле, Усьцюжанін не сумняваўся.
Ён апрытомнеў на беразе лядзянага возера – голы, падубелы, няпомны. І зьмеркаваў, што апынуўся ў апраметнай, няйначай. Усё навокал было скутае марозам і пазасыпанае сьнегам. Неба падавалася няісным. Халадэча стаяла такая, што скура трэскалася і адвальвалася шматамі.
Ён падняўся й пайшоў куды вочы павядуць.
Жаданьняў не засталося.
Неўзабаве налучыў на раку й далей пільнаваўся берагу. Кірунак ня горшы за любы іншы. Ужо пазьней згадаў генштабаўскую кілямэтроўку й сьцяміў, што гэта мусіла быць Іпуць, якая цякла ў бок Гомлю.
Завіруха ўзьнялася раптоўна. Вятрыска дзьмуў так, што не пераставіць ногі, калючая белая сьцяна сьляпіла й задушвала.
Законы прыроды тут сілы ня мелі. Вецер мацнеў, сьнег заляпляў нос ды вочы, тэмпэратура падала, пужаючы нават яго, бітага сыбірскага гусака. Ступняў ён не адчуваў і дзівіўся, як дагэтуль перасоўвае іх па зацьвярдзелым шарпаку. Ад холаду скура па ўсім целе карэла й пакрывалася пухірамі, якія бесьперастанку набракалі і йрваліся крывёю й гноем.
Боль наганяў не адразу.
Усьцюжанін падымаў рукі да твару, глядзеў, што ад іх засталося, жахаўся – і толькі потым адчуваў фізычныя пакуты. У нейкі момант пачуў прыглушанае храбусьценьне й сьцяміў: вантробы так зьледзянелі, што трушчацца на аскепкі. І тыя аскепкі – вострыя, незьлічоныя – уторкваліся знутры яму ў чэрава й выходзілі вонкі.
Читать дальше