— Слухай жа, калi хочацца. — Зноў даў яму поўны кубак пiва дырэктар. Сусветны Саюз Стрэсаператараў — ты ж яго член таксама — вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалiзуюць СЦ, сваю групу, цi свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб i стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнулiся са Старой Цывiлiзацыяй. А то гiбеем тут каля экранаў i не ведаем, з кiм цi з чым змагаемся. А там бой iдзе, ды яшчэ якi. Чытаў "Вайну светаў" Уэлса?
— Вядома, чытаў, - радасна азваўся Буслейка.
— Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў — ты ж з Беларусi, каму, як не табе, ляцець?
— Вельмi правiльна падумалi, — ледзь не расцалаваў дырэктара Буслейка. Патоцкi быў лаканiчны:
— Адлёт — заўтра.
— Пан Лех, — узмалiўся Буслейка: — Адна малюсенькая просьба. Адпусцiце са мной, будзьце ласкавы, i Карла Гакенхольца, майго напарнiка, Я разумею, што на Стрэсографе зараз работы вышэй галавы, але ж…
— Дагаворвай-дагаворвай, — сярдзiта прыжмурыўся Патоцкi. — Паплач у тры ручаi. Прабач, але я думаў, што вы, беларусы, не такiя шустрыя. Што ж, паляцiць разам з табой i Гакенхольц. I не трэба мне дзякаваць. Лiчыце гэты палёт узнагародай. Вы ж з Карлам стрэсаператары экстракласа, можна сказаць, генii. А ведаеш, што сказаў вялiкi Зыгмунд Фрэйд? "Генiй i паслухмянства дзве несумяшчальныя рэчы".
Перад вылетам усiх стрэсаператараў i тэхнiкаў (Лех Патоцкi дазволiў ляцець дваццацi пяцi чалавекам) сабралi на iнструктаж. Вёў яго прадстаўнiк Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокi прыгожы негр, валасы ў якога былi ў найдрабнейшых завiтушках.
— Я зайздрошчу вам, — сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнiк. — Адна справа — сачыць за экранамi i камп'ютэрамi, зусiм iншае — самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды i заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесiйны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: "Не адхiляй вуха свайго ад слухання законаў". I вы будзьце дысцыплiнаванымi, уважлiвымi, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кiраўнiкоў.
— Маралiст, — скептычна ўсмiхнуўся Карл Гакенхольц, якi сядзеў побач з Буслейкам.
— I збiрайце ўсю даступную вам iнфармацыю аб СЦ, — вёў сваё прадстаўнiк, — не прапускайце нiводнай дробязi. Упершыню пасля Чыкага Вялiкi Жах выступiў такiм шырокiм фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакi? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытаннi. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезцi адказ. Жадаю вам усiм шчаслiвага вяртання. Жывуць Сонца i Кiсларод!
Паляцелi ў дапатопным транспартным самалёце, якi, калi верыць чуткам, мiрна дажываў век у вайсковым музеi i быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калацiла, падкiдвала на паветраных ямах.
— У нашых продкаў страўнiкi былi здаравейшыя, — сказаў Карл, убачыўшы, як некалькi пазелянелых дэсантнiкаў нахiлiлiся, быццам па камандзе, над гiгiенiчнымi пакетамi. Дый сам ён надта ж кiсла моршчыўся i ўздыхаў. Але як бы там нi было, прызямлiлiся на шурпатай бетонцы Старога Смалявiцкага аэрапорта.
Iх ужо чакаў капiтан рэспублiканскiх гвардзейцаў, якi трымаў над сабой чорны парасон, бо церусiў дожджык.
— Капiтан Хвалiбог, — адрэкамендаваўся ён. — Буду, так сказаць, вашым гiдам.
— Капiтан, што тут у вас робiцца? — на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.
— У якiм сэнсе? — не зразумеў, ускiнуў тонкае брыво Хвалiбог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабiстае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фiгуры, па ўпэўненасцi рухаў, службiстам быў хвацкiм.
— У сэнсе Старой Цывiлiзацыi, — не дужа ветлiва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфiбiй, якiя мелiся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што i духу не было.
— Ах, вы пра СЦ, — адразу ж павярнуўся да Карла Хвалiбог i адразу ж далiкатненька запiхнуў яго пад свой вялiзны парасон. — Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там, — ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад, — гарыць i грымiць. Вядома, я i мае арлы хацелi б знаходзiцца там, але загад ёсць загад. Хвiлiн дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалi людзi з сельскагаспадарчых кааператываў i з хутароў. Адзiн нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. I адкуль толькi ўзялася гэта брыдота? Жылi дзяды-прадзеды, нiчога не ведалi, былi гаспадарамi планеты, а мы атрымалi кукiш з макам — аб'явiлася, бачыш ты, нейкая Цывiлiзацыя. Цьфу ты.
Хвалiбог плюнуў.
— За ўсё трэба плацiць, капiтан, — строга i павучальна, як школьнiку, сказаў яму Радаслаў.
Читать дальше