— Дзед, напэўна, будзе гаварыць, — сказаў Буслейка.
"Дзедам" усе звалi дырэктара Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямiдзесяцiгадовага барадача, якi з аднолькавым напорыстым iмпэтам хадзiў па скалах Татраў у альпiнiсцкай звязцы i на вясёлых капуснiках танцаваў мазурку.
— Панове, — пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, — як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывiлiзацыi ў раёнах усходней i паўднёвей Менска. Сiтуацыя кантралюецца, але з вялiкiм напружаннем. Загiнула ў агнi трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.
— Чаму ў агнi? — неяк машынальна вымавiў Буслейка.
Дзед, нiбы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:
— Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi адрознiваецца ад папярэднiх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, i стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў i талерак, псеўдалюдзi з лысымi шышкаватымi галовамi i ружовай дзiцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергii рэалiзуецца ў выглядзе вогненнага вала, якi нястрымна коцiцца па зямлi. Нездарма СЦ абрала Беларусь — там маюцца яшчэ даволi лясiстыя раёны, агню хапае ежы.
Дзед гучна кашлянуў.
— Сiтуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялiкiм напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ i тым, што да СЦ далучылася каля пяцi тысяч робатаў, якiх намервалiся здаць на пераплаўку. Iхняя падпольная тэрарыстычная арганiзацыя "Механiчная Рука" канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забiты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамi ў якасцi заложнiка i знаходзiцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калiйнай шахце непадалёку ад горада Салiгорска. Там у робатаў, аказваецца, былi склады зброi. Вось такое становiшча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, i вас усiх, ад стрэсаператараў да буфетчыц i вартаўнiкоў, павiнны былi замянiць роўна праз восем дзён.
Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкi, каб удакладнiць дату, глянуў на каляндар, бо наступiла паўза, пасля якой ён паўтарыў:
— Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Нiхто не можа гарантаваць, што змена, якая павiнна вас замянiць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямi.
— Як марожанае, — пажартаваў Карл Гакенхольц.
— Вось i ўсё, — скончыў Патоцкi. — Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавiк Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабiны зайсцi да мяне ў кабiнет. Жывуць Сонца i Кiсларод!
Патоцкi змоўк, i адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкi аж iскрысты голас Алачкi Зелянухi:
— Таварышы!
О Вялiкая Эра Плюралiзму! Ты сапраўды вялiкая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах i дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якiя хочаш словы: «панове», «спадары», «джэнтльмены» i гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова «таварышы». Калi ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае «рыначнае» слова. Што такое «таварышы»? Купцы, гандляры, якiя маюць тавар. Што такое «таварыш»? Сябра па рынку, па гандлю.)
Радаслаў Буслейка, надта не ўслухоўваючыся ў тое, аб чым шчабеча культмасавiк, на старым абшарпаным лiфце паехаў да Леха Патоцкага, кабiнет у якога быў на самай верхатуры, "блiжэй да Сонца", як любiў жартаваць дырэктар. На стрэсографе быццам бы не працавалi дзецi або падлеткi, а кабiна лiфта была ўся спiсана i нават зрэзана сцiзорыкамi. Адзiн глыбакадумны надпiс чырвоным фламастэрам здзiвiў Радаслава. "Эйнштэйн цi я?" — было напiсана якраз на дзвярах лiфта. Мудрагелiстае пытанне. Цяжка наконт яго сказаць нешта пэўнае, асаблiва калi не ведаеш, што за фiгура жадае паспрачацца з генiем. Але ў Буслейкi быў гатовы адказ: «Эйнштэнн». Лiфт тым часам калацiўся i скавытаў, як быццам прышчамiў сам сабе палец.
Дзед у сваiм шыкоўным кабiнеце, з вокнамi на ўсю сцяну, пiў пiва. Прапанаваў поўны кубак Радаславу.
— Пакаштуй. Ваша пiва, беларускае. З Лiды.
Пiва было важнецкае — праглынеш язык. "Павiнна ж быць i ў зайца радасць перад халоднаю зiмой", — успомнiлiся раптам Буслейку словы з верша Караткевiча "Заяц варыць пiва".
— Вось што, пане Радаслаў, - па сваёй звычцы пачаў круцiць гузiк на чужой кашулi Патоцкi. — Цi не хочацца табе на дзянькi два або тры злётаць у сваю Беларусь?
— У мяне ж змена, — сказаў Буслейка.
— Змена не жонка. Запомнi гэта. Дык цi не хочацца?
— Хочацца, — шчыра прызнаўся Буслейка. — Але я не разумею, як гэта можна зрабiць.
Читать дальше