Адзiн з Людзей Вялiкага Жаху (такi назоў даў прыхадням Гай) нахiлiўся над iм, пранiзлiва зiр'нуў зялёнымi вачамi, зрэнкi ў якiх мелi чырвона-залаты ашаламляльны колер. Потым заплюшчыў вочы, амаль прыпаў да Гаевых грудзей i, шумна ўцягваючы ў шырокiя ноздры паветра, пачаў абнюхваць яго, як робяць гэта сабакi. Гай трымцеў ад агiды i жаху.
Тым часам акно адчынiлася, быццам падзьмуў бясшумны, але дужа моцны вецер, i ў пакой, трывожна асвятляючы яго, пачаў залётваць празрыста-белы дрогкi шар. Акно для яго было вузкаватае, цеснае, i таму ён зморшчыўся па ўсёй сваёй паверхнi, падабраўся, нiбы старая камера ад валейбольнага мячыка, якая пацiху спускае паветра. "Мяне хочуць забраць, пасадзiць у гэты шар", iмгненна здагадаўся Гай. Роспачна зiрнуў ён вакол i ўбачыў на пiсьмовым стале свой Узмацняльнiк волi. "Клён паклаў… Малайчына", — апякла радасная ўдзячная думка. Напружыўшы ўсе сiлы, Гай iрвануўся да стала, ударыўшыся ў аднаго з прыхадняў (цела ў таго было халоднае i дрогкае, як студзень), схапiў выратавальную маску.
— Дапамажыце! — закрычаў Гай. Узмацняльнiк Волi вярнуў голас i вярнуў рашучасць.
— Тто з табою, бацька? — усхапiўся за сцяною Клён.
— Я iду, спадар! — данёсся знiзу грымучы голас Дулеба, i цвёрдыя рашучыя крокi пачулiся на лесвiцы.
Успалашылiся i Масейкiн з Верай Хрысцiнюк. Толькi iнспектар Салавей, апусцiўшы галаву на грудзi, соладка спаў, нават пасвiстваў носам, седзячы на канапе ў камiннай зале.
Унутры ў шары нешта цiха зазвiнела, потым шчоўкнула, i яркiя прамянi разляцелiся ад яго ва ўсе бакi. Гэтыя прамянiрукi прыцiснулi да сцяны Клёна, якi ўжо выбягаў са свайго пакою, каб глянуць, што робiцца з бацькам. Такiм жа чынам былi спынены Масейкiн i Вера. Толькi магутны Дулеб шырокiмi жалезнымi грудзьмi ўдарыўся ў прамень, праламаў сабе дарогу. Але адразу ж пачулася пагрозлiвае шыпенне i замест прамяня з'явiўся зiхоткi iскрысты шарык, велiчынёй з курынае яйка. Ён звонка стукнуўся Дулебу ў лоб, i робат, задраўшы ногi, грузна пакацiўся ўнiз па лесвiцы. Гэты грукат разбудзiў нарэшце iнспектара Салаўя. Iнспектар, трэба аддаць яму належнае, быў не з палахлiвых людзей. Дзве страсцi валодалi iм: бездакорнае выконванне службовых абавязкаў i фанатычная любоў да старадаўняга сышчыка Шэрлака Холмса. Пра Холмса iнспектар мог чытаць заўсёды i ўсюды, толькi, вядома, не на службе. Салавей выхапiў рэвальвер, стрэлiў у столь i з крыкам: "Усiм стаяць на сваiх месцах!" iрвануўся ўверх па лесвiцы, пераскочыўшы праз пасаромленага робата, якi ляжаў на падлозе, як няўклюднае жалезнае бервяно. Але таямнiчы шарык i яму звонка ўляпiў у лоб.
Гай, зразумеўшы, што дапамогi нi ад кога не дачакаешся, вырашыў ратавацца самастойна. Ён выкруцiўся, вылузнуўся з кабiнета, прабег па калiдоры i зачынiўся ў фоталабараторыi. Тут не было вокнаў i можна было не баяцца, што пачвары ў iх палезуць. Заставалiся дзверы. Гай пачаў лiхаманкава ўмацоўваць iх, узводзiць нешта накшталт барыкады. Падпёр дзверы сталом, на стол паставiў два крэслы, увесь фатографскi рыштунак, сеў сам. Сэрца заходзiлася ў грудзях.
Ва ўсiм доме стаяла цiшыня. Гай разумеў, што нiхто ўжо не спiць, што ўсе, каб маглi, даўно прыбеглi б сюды, яму на дапамогу, але людзей i робата не пускаюць прамянi з шарыкам i гэтыя жахлiвыя стварэннi. Яны ж адабралi ва ўсiх мову.
У калiдоры раптам пачулася лёгкае тупаценне, быццам козачка прабегла. Гай паглядзеў у вочка, прарэзанае ў дзвярах. Проста перад сабою, за некалькi сантыментраў ад сваiх вачэй, ён убачыў тую самую лысагаловую пачвару, што абнюхвала яго ў кабiнеце. Зялёнае вока, чырвона-залатая зрэнка, пранiзлiвы, хiтры i адначасна нейкi тупы позiрк… Гаю зрабiлася так сумна, так маркотна, быццам той, каго ён толькi што ўбачыў, улiў у душу халодную атруту. Захацелася заснуць, заснуць назаўсёды. Цьмяна разумеючы, што робiць, Гай закасаў на левай руцэ рукаў кашулi. Сiняватыя вены рэзка вылучалiся на белай скуры. "Вазьмi нажнiцы — вунь яны ляжаць на падаконнiку — i выпусцi сiнi ручай на волю", — быццам шаптаў на вуха нейчы лагодна-цёплы, ледзь не матчын голас. Гай, запавольна, нiбы самнамбула, злез са стала, падышоў да падаконнiка, узяў халодныя нажнiцы, раскрыў iх, праверыў пальцам, цi вострае лязо. Заставалася чыркнуць па вене…
Раптам у дзверы моцна загрукалi.
— Бацька, адчынi, упусцi мяне! — пачуўся ўсхваляваны сынаў голас. Хутчэй адчынi!
Клён зноў забарабанiў кулакамi па дзвярах.
Нажнiцы звонка ўпалi на падлогу, i гэты рэзкi ляскотны гук нiбы разбудзiў Гая Дубровiча. Ён уздрыгнуў, хуценька памкнуўся да дзвярэй.
— Не адчыняйце, спадар Гай! — закрычаў з першага паверха Дулеб. Толькi не адчыняйце! Я сазванiўся з горадам, i праз некалькi хвiлiн прыбудзе дапамога! Гэтыя пачвары падманваюць вас! Не адчы…
Читать дальше