— Ну й ну, — хмыкнуў iнспектар Салавей.
Але Навум Масейкiн прапусцiў мiма вушэй ягоную iронiю, бо ўжо зацугляў свайго любiмага канька — красамоўства.
— А беларускiя вадзянiкi i лесавiкi-чашчавiкi? Таксама яна, наша няўлоўная, наша недасяжная, наша таямнiчая Старая Цывiлiзацыя. Дзесяткi тысячагоддзяў назад, у час ледавiкоў i каменных сякер, яна прайграла рашучую бiтву новай, болып моцнай, я б сказаў, больш грубай цывiлiзацыi, падобна таму, як Рым прайграў варварам.
— Усё! — смеючыся заткнула пальцамi вушы Вера Хрысцiнюк. — Хопiць лекцый. Каля камiна трэба сядзець моўчкi i пазiраць на агонь, проста пазiраць на агонь.
Усе так i зрабiлi, толькi iнспектар Салавей строга паклiкаў да сябе Дулеба, i яны пайшлi аглядаць вокны i дзверы Чорнага Хутара.
Адгарэў камiн, разам з iм адгарэў вечар, i нарэшце Гай застаўся ў пакоi адзiн. Побач варочаўся за сценкаю Клён. Здорава перапала яму ад бацькi за доўгi язык. Усе госцi таксама ўляглiся спаць. Толькi было чутно, як Дулеб хадзiў унiзе, у камiннай зале, чыгуннай рыдлёвачкай выграбаў попел, дзынкаў дужкай вядра, а потым нават цiхенька заспяваў куплет з "Танга робатаў":
Там, дзе за горадам жаўцеюць горы металалому,
Дзе ў iржавым падшыпнiку зацвiў сiнi васiлёк,
Я сустрэну цябе. I мы прагонiм сум i стому.
I я навекi запомню твой крылата-спружынны крок.
"Добрая песня, — падумаў, ужо амаль засынаючы, Гай. — Простая даходлiвая мелодыя, чыстае пачуццё. Кажуць, у кнiгарнях з'явiўся двухтомнiк фальклору робатаў. Трэба купiць".
Раптам на цёмнай сцяне, на якую быў скiраваны яго позiрк, рэзка ўспыхнулi чырвоныя пранiзлiвыя словы: "Увага. Чакайце. Будзем праз чатыры хвiлiны".
Падушка вылецела ў Гая з-пад галавы. Сам жа ён уплiшчыўся ў ложак. Ён адчуў такi выбуховы, такi востры, як брытва, страх, што аж пазелянела ўваччу, аж занылi пальцы рук i ног. Ён адчуў такi неймаверны страх, што падалося — ягоны мозг хоча выскачыць з чарапной каробкi i некуды ўцячы.
— Апёк за апёк, рана за рану. Так напiсана ў Бiблii, — прагучаў проста ў яго над галавой глухi, нейкi каменны голас.
Гай, нiбы кенгуру, доўгiм скачком вылецеў з ложка i — яшчэ голыя пяты не дакранулiся да падлогi! — ударыў у цемры пальцам па ўключальнiку, уключыў святло. Проста перад iм вiсела на сцяне люстра, старое, звычайнае, з лёгкай трэшчынкай па левым краi. Ён убачыў у люстры свой твар, нейкi зялёна-белы, капусны, з уздутымi шчокамi i дрыготкiмi, не чырвонымi, а шэрымi губамi. Сваiх вачэй — вось дзiва! — ён не ўбачыў, замест iх былi расплывiстыя туманныя плямы. Ён кароткi, як узмах веек, мiг пазiраў на сябе, i раптам люстра аглушальна лопнула, раскалолася на няроўныя рваныя кавалкi, блiскучыя зiхоткiя крошкi. Адтуль, з глыбiнi люстра, рэзка торкнулiся ягоныя рукi (ён нават драпiнку на ўказальным пальцы левай рукi ўбачыў), сцiснулi яму шыю, пачалi душыць. Ягонае адлюстраванне душыла яго з найвялiкшай лютасцю, не даючы нi крутнуць галавой, нi ўдыхнуць у лёгкiя хоць грам паветра. Здавалася, яшчэ мiг-другi, i ў Гая разарвецца, не вытрымае сэрца. У вачах плыла жаўцiзна, адключалася свядомасць. З апошнiх сiл кулакамi ён ударыў па руках, што душылi яго, а сам плюхнуўся на падлогу. "Трэба закрычаць", падумалася яму, ён i хацеў гэта зрабiць, але з вялiкiм здзiўленнем i жахам пераканаўся, зразумеў, што голас ягоны як бы адключаны нейкай жорсткай бязлiтаснай сiлай. "Няўжо Клён не пачуў звону разбiтага люстра? Ён жа амаль побач, за сценкаю", — роспачна мiльганула думка.
Раптам з пiсьмовага стала ўзляцела цяжкая ваза, у якую ранiцой Дулеб налiў вады i паставiў тры чырвоныя кветкi. "Тэлегiнез… Перамяшчэнне прадметаў намаганнем волi… Але чыёй волi?" Ваза размашыста ўдарыла ў шыбiну, зноў густа пасыпалася шкло, i зноў нiхто ў доме, акрамя Гая, нiчога не пачуў. Увесь гэты час, нiбы вогненная пякучая смала, затапляў яго страх. Калiсьцi ў маленстве старэйшая сястра (яны ўлетку жылi на Чорным Хутары) палохала Гая: "Не iдзi ў лес — звер парве". Тады ён вельмi баяўся звера, хоць нi разу не пабачыў на свае вочы. Але сённяшнi страх быў у шмат разоў мацнейшы, вастрэйшы, карэжыў душу.
У дзiрку ў акне пачала ўлазiць знадворку чалавекападобная iстота з гiбкiм целам. За ёю яшчэ некалькi — жывы ланцуг. З лысымi шышкаватымi галовамi, пiльнымi нерухомымi вачамi. Рост каля 180 сантыметраў, целы ружовыя, як у нованароджаных дзяцей. Рукi ва ўсiх гэтых маўклiвых нечаканых вiзiцёраў былi кароткiя, тоўстыя, з шасцю пальцамi. Пярэднi мякка, нiбы кот, скокнуў з падаконнiка, зрабiў рэзкi рух рукой. З рукi зляцела полымя, i Гай адчуў удар у сэрца, адчуў, што пачынае трацiць прытомнасць. А ў вялiзным доме паранейшаму панавала начное маўчанне. Нават Дулеб зацiх, замоўк, пэўна, самаадключыўся i знаходзiцца ў каморы побач з камiннай залай, хоць у такi час заўсёды бадзёра тупаў вакол дома.
Читать дальше