— Ды вы што, iнспектар, не з нашай галактыкi? — iранiчна зiрнула на Салаўя Вера Хрысцiнюк. — Хiба не ведаеце, што такое Вялiкi Жах i ўсе ягоныя замашкi?
— Не ведаю, — з годнасцю адказаў iнспектар. — Не даводзiлася сустракацца. I вось што, спадарыня, — не ўмешвайцеся ў справу, у якой вы, прабачце, некампетэнтныя. У мяне, — зноў павярнуўся ён да Гая Дубровiча, быў нядаўна такi выпадак. Сiгналiзуе адзiн паважаны прафесар, назавём яго прафесар Iкс. Так i так, мяне тэрарызуе Вялiкi Жах. Высветлiлi. I што ж? Прымiтыўная белая гарачка. Быў, аказваецца, наш прафесар верным сябрам Бахуса. Вось так.
Ён пераможна паглядзеў на Веру Хрысцiнюк.
— Вы, дарагi iнспектар, у вашых развагах павярнулi, прабачце, трошкi не ў той бок, — перапынiў яго Навум Масейкiн i перапынiў, трэба зазначыць, не дужа тактоўна. — Праблема, як я разумею, заключаецца ў тым, што на Чорным Хутары мы маем справу з магчымай агрэсiяй у дачыненнi да нашага шаноўнага Гая Дубровiча. Прадстаўнiкi якой цывiлiзацыi яму пагражаюць? Бiялагiчнай? Машыннай? Хто яны? Невiдзiмкi, зомбi, людзi, якiх атруцiлi, закапалi ў магiлы, а потым ажывiлi, i яны нiчога не памятаюць пра сваё чалавечае мiнулае?
— Спадар Масейкiн, не ўскладняйце сiтуацыю, — зморшчыўся iнспектар Салавей. — Магчыма, тут дзейнiчае банда саржавелых робатаў. Нейкiм чынам iм удалося пазбегнуць прэса, уцячы з базы металалому, вось яны i нахабнiчаюць. Але няхай толькi сунуцца. З вялiкiм задавальненнем я нараблю дзiрак у iхнiх галовах-вёдрах.
Пры гэтых словах iнспектара Дулеб выпусцiў з рук блакiтную талерку, i яна, вядома ж, разбiлася. Салавей падазрона паглядзеў на яго, сярдзiта кашлянуў. Здавалася, вось-вось закрычыць: "Гэта iхнi важак! Вяжыце рукi бандыту!"
— Мы пазбавiлi Старую Цывiлiзацыю чыстай ежы i паветра, мы атруцiлi яе. Яна i помсцiць, — звонкiм упэўненым голасам сказаў Клён. Вялiкая Эра Плюралiзму дазваляла яму на роўных удзельнiчаць у дыспутах дарослых людзей, праўда, не так самаўпэўнена i катэгарычна, ды гэта ўжо iншая гаворка.
— Малайчына Клёнiк, — пляснула белымi далонькамi Вера Хрысцiнюк i памкнулася пацалаваць яго ў шчаку, але ён вывернуўся.
— Мне здаецца, што Клён недалёка ад iсцiны, — загаварыў нарэшце i Гай Дубровiч. Яго пачынаў прыпякаць сорам. Ледзь запахла нейкай непрыемнасцю — i адразу разнюнiўся, расхныкаўся. Навошта званiў Масейкiну? Навошта тут, на Чорным Хутары, гэты iдыёт iнспектар? Навошта прыляцела Вера? Ён сiмпатызуе ёй, i яна яму, але сёння ж якраз не той дзень, калi трэба было з ёй сустракацца. "Паплакацца ў камiзэльку", як казалi iнтэлiгенты мiнулых стагоддзяў, можна i нават часам неабходна, толькi не пры такiм людным зборышчы.
— Я гутарыў з доктарам Метэорам, з нашымi вядомымi вучонымi-уфолагамi, — працягваў Гай, — i яны схiляюцца да думкi, што Старая Цывiлiзацыя задоўга да нашай выйшла на касмiчныя формы свядомасцi. КЛА гэта не што iншае, як касмiчныя караблi эфiрнага Сусвету. Яны могуць здзяйсняць пераход з нашага чатырохмернага свету ў свет з большай колькасцю вымярэнняў. У iх зусiм iншае ўспрыняцце прасторы i ходу часу. Як нам, нашай цывiлiзацыi, праламаць нават не сцяну, тонкую сценку, што аддзяляе нас ад iх?
Вера Хрысцiнюк, якая закахана пазiрала на Гая, умяшалася ў размову.
— Мы ў сваiм iнстытуце вывучаем усе формы чалавечага сну. Вы ўсе, пэўна ж, чулi, што iснуе асобая яго фаза — парадаксальны сон, калi ў таго, хто спiць, вельмi хутка рухаюцца вочы. Дык вось мы прыйшлi да цвёрдай высновы, што стан парадаксальнага сну з'яўляецца другой формай свядомасцi чалавека, якая характарызуецца павышанай яркасцi вобразамi i спецыфiчнай формай мыслення. Вельмi магчыма, што парадаксальны сон з'яўляецца пераходным этапам да касмiчных формаў чалавечай свядомасцi.
— Не глядзiце на майго бацьку так, — раптам амаль закрычаў Клён.
— Як — так? — страшэнна разгубiлася, катастрафiчна пачырванела Хрысцiнюк.
— Быццам ён — верабей, а вы — пiтон, — разануў малодшы Дубровiч.
Гай, у адрозненне ад Веры Хрысцiнюк, пабялеў.
— Дулеб, — сказаў ён аслабелым голасам робату, — трэба запалiць камiн. Схадзi разам з iм, — паказаў суровымi вачамi на сына, — прынясi дроў.
— Будзе зроблена, спадар Гай, — весела адказаў Дулеб, жалезнай рукою ўзяў Клёна за локаць i вывеў з камiннай залы.
Павiсла маўчанне, якое ў такiх выпадках i пры Вялiкай Эры Плюралiзму было няёмкае, цяжкае.
— Так, мы здорава насалiлi Старой Цывiлiзацыi, — кiнуўся затыкаць прабоiну ў разгайданым караблi размовы Масейкiн. — Складзiравалi радыеактыўныя адыходы на акiянскiм дне. Мне ў СБС, у Саюзе Балтыйскiх Славян, шмат што на гэты конт расказвалi. Запампоўвалi ў кожную дзiрку зямной паверхнi розны бруд. Палiвалi зямлю бензiнам i керасiнам. А там жа, далей ад нашых вачэй i рук, жыла Старая Цывiлiзацыя, там было яе карэнне. Хто, як не прадстаўнiкi Старой Цывiлiзацыi, усе гэтыя нiмфы, эльфы, дрыяды, гномы, кентаўры? Вясёлы бесклапотны народ, што яшчэ ў часы старадаўнiх грэкаў сялiўся ў гаях, ручаях i скалах, сустракаўся людзям на кожным кроку. Мы аб'явiлi iх мiфам, легендай, а яны ж былi — разумееце? былi! — яны i сёння ёсць, толькi адступiлi ў змрок, непадуладны нашаму воку.
Читать дальше