Але рыжы воін і дружыннікі меркавалі інакш. Захопліваючы сустрэчных яцвягаў, як магніт захоплівае металічнае пілавінне, яны скаціліся да рыцарскага атрада і зліліся з мечаносцамі ў густую шчыльную масу.
— Калі б статка не было, — заўважыў раптам Кін, вяртаючы Ганну ў змрок пакоя, — рыцарам трэба было яго прыдумаць.
На гэты момант Ганна не бачыла сэнсу бою, яго логікі — быццам яе ўвагі хапіла толькі на асобныя фрагменты, бляск мяча, разяўлены ад болю рот конніка, раздзьмутыя ноздры каня… Рыжы прыгажун узнімаў меч дзвюма рукамі, нібы калоў дровы, і Ганне былі відаць іскры ад удару аб трохвугольны белы з чырвоным крыжам шчыт магутнага рыцара ў белым плашчы. Ганна ўбачыла канец дзіды, якая ўдарыла рыжага ў бок, і ён пачаў павольна, не выпускаючы мяча, валіцца з каня.
— Ой! — Ганна прыўстала: яшчэ імгненне — і рыжы загіне.
Штосьці чорнае мільганула побач, і рыцар ударыў па чорным кафтане яцвяга, які закрываў сабою віцязя, а той, прыгнуўшыся да высокай лукі сядла, скакаў у накірунку крэпасці.
— Усё, — сказаў Жуль, — праверка апаратуры. Перапынак.
— Добра, — пагадзіўся Кін. — А нам варта асэнсаваць убачанае.
Шар пачаў тухнуць. Кін выпрастаў рукі. Стомлена, нібы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткі і кінуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, — гэта былі вароты, якія зачыняліся, і каля іх ляжалі пастух і яго забойца, ляжалі побач, мірна, быццам вырашылі адпачыць на зялёным схіле пагорка.
У пакоі было душна. Квадрацік акенца пачарнеў. Ганна паднялася з табурэціка.
— І ніхто не прыйдзе ім на дапамогу? — спыталася яна.
— Русінскім князям не да маленькага Замошша. Русь раздробленая, кожны сам за сябе. Нават полацкі князь, якому фармальна падпарадкоўваецца гэтая зямля, і той вельмі заняты сваімі праблемамі.
Кін адкрыў з боку шара шасцікантовую адтуліну і засунуў руку ў яго чэрава, якое мігцела зялёным святлом.
— Гэта быў дзіўны свет, — сказаў ён. — Няўстойлівы, але па-свойму гарманічны. Тут жылі жамойты, леты, самагіты, эсты, русіны, лівы, яцвягі, семігалы… Некаторыя з іх даўно зніклі, а некаторыя жывуць тут і да гэтага часу. Русінскія князі па Даўгаве — Заходняй Дзвіне збіралі даніну з навакольных плямёнаў, ваявалі з імі, часта радніліся з жамойтамі і лівамі… І невядома, як бы склаўся далейшы лёс Прыбалтыкі, калі б тут, у вусці Даўгавы, не высадзіліся нямецкія місіянеры, за якімі прыйшлі рыцары. У 1201 годзе энергічны епіскап Альберт заснаваў горад Рыгу, узнік ордэн святой Марыі, або мечаносцаў, што планамерна заваёўваў плямёны і народы, хрысціў паганцаў — хто не хацеў хрысціцца, гінуў, хто згаджаўся, станавіўся рабом. Усе вельмі проста…
— А русінскія гарады?
— А русінскія гарады — Кукейнас, Герсіке, Замошша, потым Юр'еў — адзін за адным былі ўзяты немцамі. Яны не змаглі аб'яднацца. Толькі літоўцы ўстаялі. Менавіта ў гэтыя гады яны стварылі адзіную дзяржаву. А праз некалькі гадоў на Русі з'явіліся манголы. Раздробленасць яе аказалася пагібельнай.
Кін выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскі арэх.
— Хадзем у вялікі пакой, — сказаў ён. — Мы тут замінаем Жулю. Да таго ж паветра на траіх не хапае.
У вялікім пакоі было халадней і прасторней. Ганна зашмаргнула выцвілыя фіранкі. Кін запаліў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацілася па абрусе.
— Вось і нашыя падазроныя, — сказаў Кін. Ён падняў першы шарык, крыху сціснуў яго пальцамі, шарык луснуў і разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцінку — партрэт пажылой пані з набеленым тварам і чорнымі бровамі.
— Хто ж яна? — спытаўся Кін, кладучы партрэт на стол.
— Княгіня, — хуценька вымавіла Ганна.
— Не спяшайцеся, — усміхнуўся Кін. — Няма нічога больш небяспечнага ў гісторыі, чым відавочныя хады. Кін адклаў убок партрэт і ўзяў другі шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымі капрызнымі губамі і вельмі разумнымі стомленымі вачыма пад высокім, з залысінамі, ілбом.
— Я б сказала, што гэта князь, — у адказ на запытальны позірк Кіна вымавіла Ганна.
— Чаму ж гэта?
— Ён прыйшоў першы, стаіць поруч з княгіняй і шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.
— Усё суб'ектыўнае, другараднае.
Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сінім плашчы.
— Можна прапанаваць? — спыталася Ганна.
— Зразумела. Вазьміце. Я здагадаўся. Кін перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, і яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.
— Атрымліваецца? — спыталася Ганна.
— Што атрымліваецца?
— Наш Раман быў у заходніх землях. Адтуль ён прывёз жонку.
Читать дальше