А як з харчаваннем?
Цераз Ла-Манш, па Ірландскім моры, цераз Атлантыку спяшаліся да нас на дапамогу караблі, гружаныя зернем, хлебам і мясам. Здавалася, усе судны свету імкнуліся да Лондана. Пра ўсё гэта я не помню нічога. Я не вытрымаў выпрабавання, і мой розум памутнеў. Апрытомнеў я ў доме нейкіх добрых людзей, якія падабралі мяне на трэці дзень; я вандраваў па вуліцах Сент-Джонс-Вуда, поўны адчаю, крычаў і плакаў. Яны расказалі мне, што я нараспеў выкрыкваў бессэнсоўныя словы: «Апошні чалавек, які застаўся жывы, ура! Апошні чалавек, які застаўся жывы».
Абцяжараныя сваімі клопатамі, гэтыя людзі (я не магу назваць іх імёны, хоць і вельмі хацеў бы выказаць ім сваю падзяку) усё-такі не кінулі мяне на волю лёсу, прыюцілі ў сябе і аказалі мне патрэбную дапамогу.
Магчыма, яны даведаліся што-нішто аб маіх прыгодах на працягу тых дзён, калі я ляжаў без памяці. Калі я апрытомнеў, яны асцярожна расказалі мне ўсе, што ведалі пра Лезерхэд. Праз два дні пасля таго, як я трапіў у пастку ў развалінах дома, Лезерхэд быў знішчаны разам з усімі жыхарамі адным марсіянінам. Ён зраўнаваў горад з зямлёю без усялякай прычыны, — так хлапчук разбурае мурашнік.
Я быў адзінокі, і яны ўважліва мяне даглядалі. Я быў адзінокі і гаротны, і яны гаравалі разам са мною. Пасля свайго выздараўлення я прабыў у іх яшчэ чатыры дні. Увесь час я хацеў (і гэта хаценне ўсё мацнела і мацнела) зірнуць яшчэ раз на тое, што засталося ад былога жыцця, якое здавалася мне такім шчаслівым і светлым. Гэта было бязрадаснае жаданне справіць трызну па сваім мінулым. Яны адгаворвалі мяне. Яны з усяе сілы стараліся прымусіць мяне адмовіцца ад гэтай ідэі. Але я не мог больш змагацца з гэтым непераадольным жаданнем; паабяцаўшы вярнуцца да іх, я са слязьмі на вачах развітаўся са сваімі новымі сябрамі і падаўся вуліцамі, якія яшчэ нядаўна былі такімі цёмнымі і пустымі.
Цяпер вуліцы сталі людныя, дзе-нідзе нават былі адчынены магазіны, я заўважыў фантан, з якога біла вада.
Я помню, наколькі дзіўным і яркім здаваўся мне дзень, калі я маркотным паломнікам адправіўся да маленькага доміка на Ўокінгу; вакол кіпела адноўленае жыццё. Паўсюль было так многа народу, актыўнага, чыннага, і не верылася, што загінула столькі жыхароў. Потым я заўважыў, што твары сустрэчных жоўтыя, валасы растрапаныя, шырока расплюшчаныя вочы блішчаць ліхаманкава і амаль усе яны апрануты ў лахманы. Твары іх былі то радасна-бадзёрыя, то дзіўна засяроджаныя. Калі б не гэтыя вочы, то лонданцаў можна было лічыць за натоўп валацужнікаў. Ва ўсіх прыходах давалі дармовы хлеб, дасланы французскім урадам. Многія з ацалелых коней былі настолькі худыя, што з-пад скуры вытыркалі рэбры. На ўсіх вуглах стаялі змардаваныя канстэблі з белымі значкамі. Слядоў разбурэння, прычыненых марсіянамі, я амаль не заўважыў, пакуль не дайшоў да Велінгтон-стрыт, дзе чырвоная трава яшчэ ўзбіралася па апорах моста Ватэрлоо. Каля моста я заўважыў ліст паперы, прыколаты сучком да густога зарасніку чырвонай травы, — цікавы гратэск таго незвычайнага часу. Гэта была аб'ява першай адноўленай газеты «Дэйлі мейл». Я даў за газету пачарнелы шылінг, які толькі і меў у кішэні. Газета была ўся з прабеламі. На месцы аб'яў на апошнім лісце наборшчык, які выпусціў газету прыватным чынам, набраў прачулы зварот да чытача. Я не даведаўся нічога новага, акрамя таго, што агляд механізмаў марсіянаў на працягу тыдня ўжо даў цікавыя вынікі. Паміж іншым, паведамлялася (тады я не паверыў гэтаму), што «тайна паветраплавання» раскрыта. Каля вакзала Ватэрлоо стаялі тры гатовыя да адпраўкі цягнікі. Наплыў народу, дарэчы, ўжо аслабеў. Пасажыраў было няшмат, ды і я не меў такога настрою, каб заводзіць выпадковую размову. Я адзін заняў цэлае купэ, скрыжаваў рукі і абыякава глядзеў на асветленыя сонцам карціны страшэннага спусташэння, якія мільгалі за вокнамі. Адразу пасля вакзала цягнік перайшоў на часовыя рэйкі; абапал палатна чарнелі разваліны дамоў. Да Клэпхемскай вузлавой станцыі Лондан быў засыпаны чорным пылам, які ўсё яшчэ не знік, нягледзячы на два вельмі дажджлівыя дні. Каля Клэпхема на пашкоджаным палатне разам з землякопамі працавалі сотні пакінутых без работы клеркаў і прыказчыкаў, і цягнік перавялі на толькі што пакладзеныя часовыя рэйкі.
Наваколле было змрочнае, дзіўнае; асабліва моцна пацярпеў Уімблдон. Уотан дзякуючы сваім уцалелым хваёвым лясам здаваўся менш разбураным. Уэндл, Моўл, нават маленькія рэчачкі зараслі чырвонаю травою і здаваліся напоўненымі не то сырым мясам, не то накрышанай чырвонаю капустаю. Хваёвыя лясы Сэрэя былі занадта сухія для чырвонай травы. За Ўімблдонам на агародах віднеліся кучы зямлі вакол шостага цыліндра. У сярэдзіне капаліся сапёры, а вакол стаялі цікаўныя. На дрэўку развіваўся брытанскі сцяг, весела палошчучыся на ранішнім брызе. Агароды былі чырвоныя ад травы. Калола вочы гэтая чырвоная прастора, перасечаная пурпуровымі ценямі. Станавілася лягчэй, калі погляд пераходзіў ад мёртва-шэрага і чырвонага колеру пярэдняга плану пейзажа на блакітнавата-зялёныя таны ўсходніх пагоркаў.
Читать дальше