Пакуль чалавецтва будзе ўсведамляць і памятаць, што яно перажыло ў сярэдзіне XX стагоддзя, што страціла і чаго дамаглося — новая вайна немагчыма. Я ў тым упэўнены.
ВЫСТУПЛЕННЕ НА ПЛЕНУМЕ СП БССР
Лістапад 1985 г.
Мы жывём у час трывог ад страшэннай пагрозы вайны на знішчэнне, час — рысу, якая падзяляе існаванне чалавецтва на ДА- і ПАСЛЯатамную эпоху і тоіць у сабе пытанне: ці наступіць наогул гэтая пасля-эпоха? Менавіта такі клопат-трывога нязбыўна жыве ў душах людзей, свядомасці цэлых народаў і накладвае незвычайны па ступені адказнасці абавязак на нас, працаўнікоў культуры.
Але культура можа нармальна развівацца толькі ва ўмовах міру, бо яна — прадукт цярпімасці, суіснавання і адначасна фермент высокай чалавечай духоўнасці, якая толькі і можа цяпер супрацьстаяць усяленскаму ядзернаму шаленству. Яна — тое, што тонкай, але надта жывой і неабходнай ніткай злучае ў жыцці мінулае з будучым. Здаўна вядома, што сувязь часоў — не абстрактнае паняцце, гэта катэгарычная прадумана міру і паступальнага развіцця грамадства, і гора таму грамадству, дзе гэтая сувязь ірвецца. Утвараецца пустка, якую, як вядома, не трывае прырода; духоўная ж пустка не толькі спыняе развіццё нацыі,— яна адкідвае яго да нуля. І тады зноў патрэбны стагоддзі высілкаў, подзвігаў апосталаў духу, каб вярнуць нацыю і грамадства ў іх гістарычны рад. Прыкладаў такога роду безліч у гісторыі, мы мелі магчымасць назіраць іх на працягу нашага жыцця — у Азіі, Еўропе, у Лацінскай Амерыцы.
Так, сёння мы з'яўляемся сведкамі развітой эканомікі нашай рэспублікі, сельскай гаспадаркі, з'яўляемся ўдзельнікамі пэўнага развіцця нацыянальнай культуры. Мы маем права ганарыцца дасягнутым, але дух часу, задачы пераўтварэння, якія стаяць перад краінай, нарэшце, рашэнні XXVII з'езда КПСС абавязваюць нас найбольш гаварыць пра нашыя недахопы, якіх у нас таксама нямала.
Я хацеў бы перш за ўсё звярнуць увагу шаноўных калег на тую несумненную ісціну, што нашыя поспехі і няўдачы найперш звязаны з вечнаю праблемай літаратуры, якая хвалявала майстроў слова ўсіх часоў і народаў: для каго пісаць? Хто нас чытае? І калі ў чыста рытарычным плане заўжды ёсць выразны адказ на гэта пытанне, дык часам яго нестае ў свядомасці, у практычных справах пісьменнікаў. Канешне, на тое ёсць шмат прычын: гэта і яўнае зніжэнне ў наш час значнасці друкаванага слова, якое знаходзіцца ў стане жорсткай канкурэнцыі з тэлебачаннем і відэаэлектроннымі сродкамі, гэта і пэўнае звужэнне моўнага нацыянальнага арэалу, і павышаны тэмп жыцця, і славуты паток інфармацыі, ад якога ўжо нікому і нідзе няма паратунку. І тады шмат каму пачынае здавацца, што даволі абстрактнае паняцце «народ» найлепш атоесамляецца з надзвычай канкрэтным паняццем бюракратычных інстанцый — ва ўсёй багацейшай разнастайнасці іх праяўлення. Асабліва яшчэ, калі тыя інстанцыі могуць даволі адчувальна ўшчуваць прыгожае, але і далікатнае пісьменства. І з'яўляюцца творы, яўна разлічаныя на лёгкую «прахадзімасць», на тое, каб хутка дагадзіць тым, ад каго залежыць іхняя ацэнка да друку, у друку і пасля выхаду з друку. Але ў жыцці, на шчасце ці на бяду, шмат што адбываецца не так, як плануецца: чаргуюцца кампаніі, мяняецца начальства і ягоныя густы. А самае, можа, галоўнае — мяняецца сам час, і творы такога роду канчаюць сваё жыццё ў літаратуры раней, чым паспее выйсці збор твораў іх паважанага аўтара. І гэта зразумела, бо падобныя творы — не што іншае, як прадукт кан'юнктурнага разліку, сезонны тавар шырспажыву, акт ператварэння высокае творчасці ў рамяство. Менавіта ў гэтым мне бачыцца прырода той самай шэрасці, параднасці і алілуйшчыны, якія з нейкага часу сталі пагрозаю для літаратуры і аб якіх нямала гаварылася з трыбуны XXVII партыйнага з'езда. Канешне, гэта не адзіная прычына нашых заган, ёсць і некаторыя іншыя, але гэтая — безумоўны вынік разліку, аглядкі на ласку рэдактара, без меры прывярэдлівага Галоўліта, некаторых кансерватыўных (літаратурных і нелітаратурных) начальнікаў.
Аднак што ж вынікае з дадзенай акалічнасці, які ўрок можа засвоіць з яе літаратура? Мне думаецца, найперш той, што свой кожны радок, кожнае слова і вобраз пісьменнік павінен адрасаваць народу, выказваць ягоныя клопаты і ягоны боль і рабіць гэта з гранічнай праўдзівасцю. Могуць запытацца: а як уведаць пра гэтыя клопаты і гэты народны боль — з народам жа не параішся? На жаль, не параішся, гэта праўда, але тут трэба даверыцца таленту, калі толькі ён ёсць. (Талент, між іншым, тым і адрозніваецца ад няталенту, што выдатна адчувае народны клопат, бо сам ім жыве, а зусім не тым, што ўмее прыгожа апісаць усход сонца ці зіхаценне расы на аксамітнай траве, як нядаўна яшчэ лічылі некаторыя вучоныя кніжнікі.) Яшчэ трэба памятаць, што талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду, якая ёсць у гісторыі кожнага народа. Канешне, няма ніякай гарантыі таго, што аўтара неадкладна засыплюць кветкамі (могуць закідаць і каменнем), але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму той жа народ паставіць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада. Але гэта пасля, бо пры жыцці «нет пророка в отечестве своем» — ісціна, добра вядомая з часоў першых хрысціян, і кожны з нас, творцаў, павінен памятаць гэта.
Читать дальше